Раённыя спаборніцтвы “Алімпійскія надзеі Беларусі” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу па зімнім шматбор’і сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных установаў адукацы пад назвай “Здароўе” прайшлі 15 студзеня ў Дзятлаве.
Спартыўнае мерапрыемства праводзіцца ў рамках традыцыйнай круглагадовай спартакіяды школьнікаў.
Арганізатары спартыўна-масавага мерапрыемства – аддзел адукацыі райвыканкама, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, фізкультурна-спартыўны клуб.
На пачатку спаборніцтваў павіталі спартсменаў, трэнераў і ўдзельнікаў мерапрыемства галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Ёда і метадыст аддзела адукацыі Наталля Пазняк.
Затым каманды размясціліся на некалькіх спартыўных пляцоўках сярэдняй школы №1 і гарадскога стадыёна “Колас”.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел выхаванцы з 13 раённых установаў адукацыі. Юныя спартсмены спаборнічалі ў скачках у даўжыню з месца, лыжных гонках, падцягванні, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на дыстанцыю 10 метраў. Зразумела, што ўсё гэта патрабавала штодзённых трэніровак і добрай фізічнай падрыхтоўкі, якую юныя спартсмены прадэманстравалі ў ходзе сённяшняй спартыўнай сустрэчы.
Вынікі комплексных спаборніцтваў дазволяць выявіць мацнейшых спартсменаў. Яны ўвойдуць у склад зборнай каманды раёна для далейшага ўдзелу на абласным этапе аднайменных спаборніцтваў, якія пройдуць 20 і 21 студзеня ў Іўі.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ