“Планета дзяцінства”, станцыя “Інклюзія”

Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне завяршыўся Тыдзень інклюзіі “Планета дзяцінства”, прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў, які праходзіў пад знакам талерантнасці і вучыў дзяцей і дарослых сяброўству, узаемаразуменню, падтрымцы.

Мерапрыемства праходзіла з ініцыятывы аддзела адукацыі Дзятлаўскага раёна і было багата на крысную інфармацыю, сустрэчы, добрыя справы. Так, навучэнцы ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны азнаёміліся з відэастужкамі “Кожны мае права быць розным”, створанымі па ініцыятыве Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), паразмаўлялі на тэму талерантнасці ў нашым грамадстве. На класных гадзінах, уроках дабрыні, у час дыскусій дзеці і педагогі абмяркоўвалі праблемы, з якімі могуць сутыкацца людзі з абмежаванымі магчымасцямі, шляхі іх вырашэння. У Дзень кампліментаў і ўсмешак – адрасавалі пажаданні сябрам з асаблівымі патрэбамі. Таксама правялі шэраг дабрачынных акцый. Напрыклад, валанцёры сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, гімназісты і маленькія сябры з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава па добрай традыцыі наведалі сваіх падшэфных, дзяцей з асаблівасцямі развіцця, і падарылі ім добры настрой.

Завяршыў Тыдзень інклюзіі раённы семінар для намеснікаў кіраўнікоў установаў адукацыі, якія курыруюць пытанні спецыяльнай адукацыі. Тэма семінара: “Арганізацыя дзейнасці па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх законных прадстаўнікоў, фарміраванні інклюзіўнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу”. У час пасяджэння быў абмеркаваны шэраг праблемных пытанняў. Сярод іх: пошук сучасных падыходаў па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы асаблівых дзяцей і іх законных прадстаўнікоў, стварэнне ўмоваў для пашырэння сацыяльных сувязяў такіх дзяцей і іх сем’яў у розных сферах грамадскай дзейнасці, валанцёрства як сродак фарміравання інклюзіўнай культуры ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Вопытам цеснага супрацоўніцтва пры арганізацыі валанцёрскай дзейнасці падзяліліся педагогі і навучэнцы гімназіі №1 горада Дзятлава, наведвальнікі і спецыялісты аддзялення “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна, педагогі і выхаванцы Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, ясляў-сада №1 горада Дзятлава.

Сапраўднае свята для малечы пад інтрыгуючай назвай “Падарожжа ў міжгалактычную прастору” падрыхтавалі спецыялісты Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Разам з клоўнам Кешам (Ірына Мішчанка) і Добрай Феяй (Алеся Жылінская) дзеці і дарослыя ажыццявілі касмічнае падарожжа да невядомых планет з гульнямі, танцамі, адгадваннем загадак. Дружны ўдзел у цікавых забаўках, усмешкі і ўзаемападтрымка лішні раз даказалі, што тэрыторыя дзяцінства не мае бар’ераў.

Ірына СТЫРНІК