Залаты і срэбраныя медалі – у дзятлаўчан

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Дзятлаўскі спартсмен Раман Хрышчановіч стаў залатым прызёрам першынства вобласці па вольнай барацьбе сярод юнакоў 2004-2006 года нараджэння. Трэнер-выкладчык  па грэка-рымскай барацьбе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Віктар Шалесны адзначыў, што Раман добра падрыхтаваўся да спаборніцтваў, псіхалагічна настроіўся і заслужана атрымаў перамогу.

Спаборніцты па вольнай барацьбе сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2006 гадоў нараджэння праходзілі ў горадзе Гродне ў лістападзе. Выявілі жаданне і  падалі заяўкі да ўдзелу ў іх каманды з шасці раёнаў вобласці і горада Гродна. Прадэманстравалі сваё майстэрства і спартсмены-выхаванцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Акрамя “залатой”, тры сярэбраныя медалі атрымалі ў дні спаборніцтваў дзятлаўскія спартсмены. Другое месца сярод дзяўчат у вагавой катэгорыі 33 кг атрымала Марына Тадарэнка, званне сярэбранага прызёра ў вагавой катэгорыі 46 кг  атрымала Аляксандра Емяльянчык.  У юнакоў на другую прыступку п’едэстала падняўся Іван Губко (вагавая катэгорыя 62 кг).

Таксама ў лістападзе ў Гродне прайшоў адкрыты абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе сярод юнакоў 2004-2006 гадоў нараджэння  памяці прызёра першынства СССР, майстра спорту Сяргея Язерскага. Удзел у спаборніцтвах за званне лепшага прынялі  каля 160 юных атлетаў – прадстаўнікі з Беларусі, Латвіі і Літвы. Спартсмены Гродзенскай вобласці і горада Гродна сталі шматлікімі пераможцамі і прызёрамі спаборніцтваў.

Выхаванец Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Іван Губко стаў сярэбраным прызёрам абласнога турніру ў вагавой катэгорыіі да 62 кг.

Трэнер-выкладчык Віктар Шалесны гаворыць, што Іван Губко мае вялікі спартыўны патэнцыял. Яго выступленні адзначаны выкладчыкамі школы алімпійскага рэзерву.

Плануецца, што Іван увойдзе ў склад зборнай каманды Гродзенскай вобласці і выступіць у рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, якая пройдзе ў горадзе Мінску.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота з уласнага архіва трэнера-выкладчыка па грэка-рымскай барацьбе Віктара Шалеснага

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *