Раготна называлі Парыжам

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

“Назва Раготна ўтворана ад назвы-арыенціра: пасяленне на вуглу леса, возера, ракі”, – сцвярджае  хранікальна-дакументальная кніга “Памяць. Дзятлаўскі раён”.

На дзвярах каля ўвахода ў касцёл святых Анёлаў-Ахоўнікаў у былым мястэчку Раготна (цяпер – аграгарадок) знаходзіцца памятная дошка аб тым, што храм пабудаваны ў 1400 годзе. Ёсць меркаванне, што яго заснавальнікам быў гетман Вялікага Княства Літоўскага Барталамей Дэ Раготне. Гэту дату можна лічыць пачаткам гісторыі аграгарадка Раготна.

 

Развіццё і станаўленне Раготна цесна звязана з гісторыяй касцёла. У тыя часы гэта быў адзіны цэнтр развіцця адукацыі і культуры. Менавіта ён з’яўляўся і цэнтрам стварэння фальваркаў і асобных сялянскіх гаспадарак. Першы драўляны касцёл быў спалены татарскімі войскамі. Па ініцыятыве мясцовага правіцеля, пана Барталамея, у 1466 годзе быў пабудаваны новы касцёл, які існаваў да 1600 года. Аднаўляе новае будаўніцтва касцёла пан Барталамей Рэмеш. Касцёл вырашылі асвяціць у імя апостала Варфаламея. Тады мястэчка ўваходзіла ў склад Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. З 1634 па 1650 гады храм належаў кальвіністам і быў разбураны ў 1656 годзе. Дзякуючы Анджэю Завішу, прадстаўніку аднаго з багацейшых родаў Вялікага Княства Літоўскага, храм быў адноўлены. Епіскап Слупскі 9 лістапада 1673 года асвяціў адноўлены касцёл. У час Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў храм спалілі шведы.

Крыштаф Завіша, ваявода мінскі (1666-1721 гады), які валодаў мястэчкам Раготна, у сваіх успамінах называе ў 1710 годзе Здзёнцал Венецыяй, бо там людзі ад весялосці, як на моры славяне, у віне і мёдзе мокнуць. Раготня названа Парыжам з-за  прыдумак і навучання разнастайным французскім танцам і манерам, галоўным чынам ля стала, пры спяванні французскіх песень. Дварэц названы Іспаніяй па сваіх прычынах. Ён таксама адзначае, што ў 1715 годзе саксонскія і маскоўскія войскі былі ў Раготне. Сакскі ротмістр Рыцэнштэрн трымаў на двары Завішы 56 коней на працягу двух тыдняў, забіраў сена, авёс для іх кармлення, рабаваў мясцовае насельніцтва.

У 1817 годзе пры касцёле была драўляная школа, а таксама шпіталь. У ім былі два мужчынскія і чатыры жаночыя аддзяленні. Акрамя гэтага, ад касцёла існавалі філіялы ў Скрундзях, Рандзілаўшчыне і Харабровічах. У 1818 годзе парафія налічвала 2976 католікаў-вернікаў. Гістарычныя пісьмовыя крыніцы распавядаюць і пра дзейнасць памешчыцы Забелавай, якая валодала землямі не толькі каля Раготна, але каля вёсак Яхноўшчына і Явар у 1823 годзе.

Цяперашні храм быў пабудаваны ў 1840 годзе намаганнямі прыхаджан і настаяцеля. Пасля паўстання 1863 года касцёл функцыянаваў 4 гады як каталіцкі храм. 16 лютага 1867 года гродзенскім губернатарам генерал-маёрам Скварцовым храм быў перададзены праваслаўнаму прыходу. Ён лічыўся як праваслаўная царква Ражаства Багародзіцы, але не функцыянаваў як храм – было мала прыхаджан, у асноўным служыў для адпявання памерлых. Былі пратэсты католікаў – не пускалі ў храм святара, а царом за гэта накладаліся штрафы.

У 1880 годзе Раготна – цэнтр воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні. Тут жылі каля 300 чалавек, было валасное праўленне, царква, піцейны дом. Побач паселішчам была сядзіба. У 1845 годзе быў заснаваны вінакурны завод, а ў 1892-ім – працавала паравая машына. Гаспадарчае развіццё Раготна звязана з дзейнасцю памешчыка Пратасевіча. І сёння можна ўбачыць рэшткі гаспадарчых пабудоваў і сядзібаў 19 стагоддзя недалёка ад майстэрні былога калгаса “Раготна”. У 1923 годзе тут функцыянавалі 69 гаспадарак з колькасцю жыхароў 372 чалавекі. У фальварку, які размяшчаўся побач з вёскай, было 5 гаспадарак і 62 жыхары.

У 1914-ым пачалася Першая сусветная вайна, і германскія кайзераўскія ўлады храм перадалі католікам. У 1916 годзе вакол храма была пастаўлена каменная агароджа, аб чым сведчыць надпіс на яе сцяне. На прылеглай да касцёла тэрыторыі ў наш час прыхаджане даглядаюць магілы загінулых і пахаваных у 1917 годзе 2 польскіх і 6 германскіх салдат, бо ў Першую сусветную ў касцёле знаходзіўся ваенны шпіталь, а недалёка ад вёскі праходзіла паласа ваенных дзеянняў.

У перыяд з 1918 па 1939 гады вёска Раготна знаходзілася пад уладай буржуазнай панскай Польшчы. Мясцовыя жыхары Часлаў Саракульскі, Крысціна Рак называюць прозвішчы такіх памешчыкаў, як Раготэнскі, Майлаўскі, а за вёскай Саннікі былі землі памешчыка Сідаровіча. Памешчык Раготэнскі валодаў вялікім маёнткам, каля якога быў прыгожы сад. У мястэчку жылі 5 яўрэйскіх сем’яў, якія займаліся гандлем і валодалі крамамі. З прыходам Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года памешчыкі вымушаны былі эмігрыраваць у Польшчу.

Трагічным для мясцовага насельніцтва, як і для ўсяго насельніцтва Беларусі, стаў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Нямецка-фашысцкія захопнікі з’явіліся ў вёсцы ў апошнія дні чэрвеня 1941 года. У памешчыцкай сядзібе знаходзілася паліцэйская ўправа, а ў пачатку і канцы вёскі былі абсталяваны паліцэйскія дазоры. Актыўных ваенных дзеянняў у вёсцы не было. Працавала школа, дзе вялося навучанне беларускай і нямецкай мовам. У касцёле праходзілі набажэнствы. Партызаны часта наведваліся ў вёску па зброю, адзенне і прадукты харчавання. Прыгадваюць мясцовыя жыхары засаду партызан, у выніку якой былі забіты паліцаі Карыба і Урбантовіч. На могілках вёскі ёсць магіла, дзе пахавана сям’я Аляксандра Пархановіча: ён сам, жонка Юзэфа, дзеці Уладзімір і Ірына, 1935 і 1936 гадоў нараджэння. Тут жа пахавана сям’я Іосіфа Канстанцінавіча Радзевіча – жонка Амілія, дзеці Георгій, Генадзь, Часлаў, 1926, 1930, 1938 гадоў нараджэння. Выпадкова застаўся ўжывых толькі сын Радзевіча – Баляслаў, які затым жыў у вёсцы Жукавічы і працаваў ветэрынарным доктарам у саўгасе. Мясцовая жыхарка Ганна Іосіфаўна Кароль, 1924 года нараджэння, якая цяпер жыве ў дзяцей у Гродне, расказала аб гэтай трагедыі: “Усё адбылося на пачатку снежня 1942 года. Невядома, хто данёс нямецкім уладам, што жыхары вёскі збіраюць і перадаюць зброю партызанам. Немцы прыехалі ў вёску і прымусова сагналі мужчын у школу, якая была на тэрыторыі касцёла. Правяралі дакументы, пашпарты. Пад пагрозай расстрэлу вяскоўцы абавязаны былі выдаць фашыстам тых, хто дапамагаў партызанам. Арганіст касцёла, які валодаў нямецкай мовай, стаў на абарону асуджаных да смерці аднавяскоўцаў. Немцы адклалі расстрэл да раніцы. Але пад вечар у вёсцы пачуліся стрэлы. Людзі ўбачылі крывавыя сляды, якія цягнуліся ад хат Пархановіча і Радзевіча. Пархановіч быў забіты ў гумне, адзін з сыноў – на надворку. Жонка Радзевіча была расстраляна ў хаце. Яе знайшлі разам з забітым малодшым сынам, які трымаўся за маці. Казалі, што пад дошкамі падлогі фашысты знайшлі ў гэтых хатах вінтоўкі. На наступны дзень мужчын прымусілі запрэгчы коней у вазы. Як потым стала вядома, яны ездзілі на месца расстрэлу жыхароў Вялікай Волі.

Існавала і падпольная група, якую ўзначальваў сын паліцэйскага бургамістра. У яе ўваходзілі І. Кець, В. Даноўскі, А. Юргель з Навасёлкаў, К. Ашмян, Л. Баярэвіч, У. Кібінь з Раготна, сын і зяць мельніка Cаржыцкага з вёскі Саннікі. Сын паліцэйскага выдаў немцам увесь склад групы, а сам уцёк разам з фашыстамі ў Польшчу”.

За некалькі дзён да вызвалення раёна савецкімі войскамі, разам з іншымі вязнямі Дзятлаўскай турмы, падпольшчыкі за сувязь з партызанамі былі спалены ў Курпешах. У чэрвені-ліпені 1944 года мужчыны з вёскі Раготна, як і з іншых вёсак раёна, былі мабілізаваны ў шэрагі дзеючых войск Савецкай арміі. Многія з іх не вярнуліся дахаты. У цэнтры аграгарадка Раготна ў памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўзвышаецца абеліск. Прозвішчы спаленых у Курпешах увекавечаны на абеліску, які знаходзіцца на месцы трагедыі.

Першыя пасляваенныя гады былі звязаны з аднаўленнем сельскай гаспадаркі і ўстанаўленнем новага ладу жыцця. У 1947 годзе быў закрыты касцёл. З 1950 па 1988 гады там абсталявалі свіран і склад. Былі разбураны вежы, каб будынак перастаў быць падобным на храм. Са званіцы знялі тры званы і вывезлі невядома куды. Касцёльны арган разабралі і адвезлі ў Навагрудак.

Ствараліся першыя калгасы. У вёсцы Раготна ў 1950 годзе быў арганізаваны калгас імя Сталіна, старшынёй якога быў Канстацін Фабішэўскі, брыгадзірам – Мікалай Чапко. Пазней на пасаду старшыні быў прызначаны Ражко. Школа размяшчалася ў розных памяшканнях, а ў 1959 годзе ўзвялі новы будынак. Адным з першых дырэктараў школы быў І. Я. Балдуеў. У гісторыі вёскі пачынаўся новы этап развіцця.

Вельмі ўдзячны Ганне Кароль, Крысціне Рак, Чаславу Саракульскаму і ксяндзу Віктару Захарэўскаму за пошук і ўдакладненне матэрыялаў, звязаных з некаторымі старонкамі гісторыі аграгарадка Раготна.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *