Хто сані з ураджаем рыхтуе да зімы. Сельгаскірмаш у Наваельні

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У суботу, 20 кастрычніка, у гарадскім пасёлку Наваельня разгарнуўся сельгаскірмаш.

На вуліцы Чырвонаармейскай жвава збіраліся тыя, хто сані з ураджаем рыхтуе да зімы. З веласіпедамі, каляскамі ішлі людзі паасобку ці нават цэлымі сем’ямі, прыязджалі на машынах, каб запасціся агароднінай і зернем.

— Я  прадаю саджанцы пладовых дрэваў. Тут яблыня, груша, чарэшня, вішня, сліва, парэчка — усё па даступнай цане. Людзі цікавяцца, продаж ідзе з самай раніцы, — расказвае прадавец Аляксей Петрыкевіч. Ён працуе яшчэ ў Навагрудку, і гандаль, па яго словах,  там менш актыўны.

Вось і ад кропкі продажу рыбы народ не адыходзіць. Карп, амур, карась — выбірай толькі від і памер.

— А вы па што прыйшлі? — цікаўлюся ў старшыні Наваельнянскага сельвыканкама Ірыны Кунахавец.

— Я прыйшла даведацца, ці задаволены жыхары нашага гарпасёлка пакупкамі і колькасцю прадукцыі на кірмашы. Сама збіраюся купіць некалькі саджанцаў яблыні.

Фермеры прывезлі шмат агародніны: капусту, моркву, цыбулю, часнок. У продажы быў шырокі выбар прыправаў, можна было набыць таксама арэхі.

Трыцікале па 30 капеек за кілаграм прыцягвала пакупнікоў, бо, як кажуць, усюды яго прадаюць не танней за 35 капеек.

Вось Уладзімір Крэчык не паспеў купіць столькі, сколькі планаваў: хутка ўсё разабралі. Ён рыхтуе корм для курачак на доўгую зіму, таму запас зерня патрэбен вялікі.

Куплялі наваельнянцы свежае мяса ад Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

— У сваім агародзе сёлета атрымалася сабраць мала ўраджаю, — дзеліцца Тамара Пуско, — таму прыйшла за пакупкамі на кірмаш. Узяла морквы і цыбулі. Магчыма, яшчэ і ў Дзятлава потым прыедзем з сям’ёй, каб больш усяго купіць.

Тадэвуш Бурдзей ходзіць на кірмаш кожны год і ведае, што лепш не ленавацца і ўставаць як мага раней, тады шанц узяць неабходныя тавары ў патрэбнай колькасці павялічваецца. Яны разам з жонкай пачалі пакаваць купленыя прадукты з 8 гадзін раніцы і набылі ўсё, што было патрэбна.

Сельгаскірмашы ў суботу адбыліся яшчэ ў Казлоўшчыне і Гезгалах, а праз тыдзень, 27 кастрычніка, закупіцца сельскай прадукцыяй можна будзе ў Дзятлаве.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *