Да 100-годдзя камсамола. “БРПА”, “БРСМ” – гэта наша з табой біяграфія”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сустрэча саміт-студыі пад такой назвай прайшла ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава з ініцыятывы раённага савета ГА “БРПА”.

Яго старшыня Ірына Мішчанка зазначыла, што мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя камсамола і піянерскага руху на Дзятлаўшчыне.

У студыю запрасілі самых актыўных піянераў установы, а таксама ганаровых гасцей – ветэрана камсамольскага руху Яўгенію Савань і першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярыну Хілімончык.

На пачатку сустрэчы прысутным прапанавалі віртуальнае падарожжа “Часоў злучальная нітка”, у час якога яны даведаліся, што ў раёне актыўным ходам ідзе работа па стварэнні музея піянерскага руху, ужо сабраны першыя экспанаты, вырашана, што функцыянаваць музей будзе на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Таксама гледачам прадставілі відэасправаздачы аб выніках тэматычнага тыдня “Піянер – сучасны погляд на будучыню” і нагадалі, што напрыканцы кастрычніка свой 100-гадовы юбілей адзначыць камсамол.

Чым раней жылі піянеры і камсамольцы, якімі яны былі, да чаго імкнуліся, што рабілі на карысць сваёй Радзімы, расказала навучэнцам Яўгенія Савань і падзялілася ўспамінамі аб сваім піянерскім і камсамльскім юнацтве.

Моладзевы лідар нашага раёна Кацярына Хілімончык расказала, чым у наш час цікавіцца саюзная моладзь і як збіраецца святкаваць юбілей камсамолу.

Затым навучэнцы падзяліліся на дзве каманды і паўдзельнічалі ў гульні-віктарыне “Зірні на нас па-новаму”. Удзельнікі каманд адказвалі на пытанні аб гісторыі піянерскага руху і за правільныя адказы атрымлівалі лагатыпы БРПА. Віктарына ўключала некалькі раўндаў: “Наша Беларусь”, “Тэставы”, “Піянерыя ў асобах”, “Хто першы”. Апошнім заданнем на кемлівасць было скласці як мага больш словаў з прапанаваных літараў. І вось, журы падрахункавала атрыманыя балы. Аказалася, што ў каманд іх роўная колькасць, значыць, перамагло піянерскае сяброўства.

Напрыканцы ўсе прысутныя паўдзельнічалі ў флэш-мобе “Жадаем усім поспеху” і сфатаграфаваліся на памяць.

Ірына КАЎКЕЛЬ



1 комментарий по теме “Да 100-годдзя камсамола. “БРПА”, “БРСМ” – гэта наша з табой біяграфія”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *