Дзятлаўшчына – наша малая радзіма. Гісторыя адной сям’і

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Кожны год вясной і восенню вялікая сям’я Пранюк збіраецца ў вёсцы Нарбутавічы Дзятлаўскага раёна. Бацькоў – Франца Антонавіча і Ганны Іосіфаўны – ужо няма ў жывых, а іх дочкі Яніна, Ірына, Браніслава, Алена і Дануся падтрымліваюць цесную сувязь, нягледзячы на тое, што толькі дзве з іх жывуць на Дзятлаўшчыне.

Сёстры прыязджаюць у бацькоўскую хату са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Цяпло роднага дома дае ўсім сілы, натхненне, адчуванне абароненасці і душэўнага цяпла. У гэтым годзе сустрэча сям’і прайшла па-асабліваму значна. На месцы пустыра ў Нарбутавічах сёстры пасадзілі бярозавы гай, які цяпер сімвалізуе ўсіх нашчадкаў Франца і Ганны: 5 дачок, 11 унукаў, 22 праўнукаў і праўнучку.

З кожным годам колькасць членаў сям’і Пранюк толькі павялічваецца, а гэта значыць, што бярозавы гай будзе толькі пашырацца ў памерах, дарыць прыгажосць і ўтульнасць жыхарам і гасцям вёскі. Сімвалічна і тое, што гай пасаджаны недалёка ад хутара Мядзіны, дзе з’явіліся на свет усе пяць сёстраў.

Старэйшая, Яніна, нарадзілася ў 1942 годзе, калі хутар быў акупіраваны фашысцкімі захопнікамі. А малодшая, Дануся, нарадзілася праз амаль 10 гадоў. Рукамі іх бацькі Франца Антонавіча на хутары быў пасаджаны велізарны фруктовы сад, і ў ім сям’я дагэтуль збірае яблыкі.

Усе прадстаўнікі сям’і Пранюк сталі выдатнымі людзьмі, якія працуюць на карысць сваёй Радзімы.

Сярод іх ёсць выкладчыкі, дактары, друкары-тэхнолагі, медсёстры, выхавальнікі, прадаўцы, праграмісты. Некаторыя сталі нават кіраўнікамі.

Асаблівую падзяку за дапамогу ў арганізацыі пасадкі гаю сям’я Пранюк выказвае дырэктару Дзятлаўскага лясгаса Аляксандру Ківулю і работніку Сяргею Сербіну.

Таксама прадстаўнікі гэтай сям’і ў Год малой радзімы правялі экалагічную акцыю ў рамках праекта «Экастыль БДУ» пры падтрымцы ГА «Саюз жанчын БДУ» па ўборцы тэрыторыі ад бытавога смецця ў вёсцы Нарбутавічы і на тэрыторыі былога хутара Мядзіны.

Віншуем калектыў Дзятлаўскага лясгаса з юбілеем арганізацыі, з прафесійным святам і жадаем ім здароўя, поспехаў, энтузіязму ў іх нялёгкай, але вельмі карыснай працы.

Жанна ЦАБКАЛА,

намеснік дэкана хімічнага факультэта БДУ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *