“Народнаму скарбу — век векаваць”

Культура і адпачынак

Як гавораць у народзе: “Добра адпрацаваўшы, можна добра і адпачыць”. У нашым раёне галоўная ўстанова, якая “адказвае” за адпачынак, арганізуе і праводзіць культурна-масавыя мерапрыемствы, — гэта Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Чым работнікі ўстановы збіраюцца радаваць жыхароў раёна ў новым 2018 годзе, расказала загадчыца аддзела метадычнай работы Цэнтра Марына Лукіянец:

Плануецца працяг ужо традыцыйнага для Дзятлаўшчыны праекта “Дбайных людзей славім — весела час бавім”. У рамках гэтага праекта будуць праводзіцца і новыя святы. Напрыклад, свята трактара ў Круцілавічах, танца — у Наваельні, бліноў — у Белагурне, як і ў мінулыя гады — святы бульбы, касцоў, мёду, рыбака, хлеба.

Будзем і далей праводзіць фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, які летась упершыню паспяхова прайшоў у Дзятлаве. А ў гэтым годзе мы пачынаем раённы этнаграфічны праект “Народнаму скарбу – век векаваць”.

— Раскажыце падрабязней пра гэты праект.

Гэты этнапраект накіраваны на адраджэнне і захаванне народных традыцый як неад’емнай часткі беларускай культуры. Мы будзем знаёміць людзей, у першую чаргу, дзяцей, моладзь, з традыцыйна-бытавой культурай беларускага народа; паказваць паслядоўнасць і раскрываць змест святочных абрадаў і звычаяў. Мы выбралі такія абрадавыя дзеянні, якія не бытуюць у Дзятлаўскім раёне традыцыйна, а праходзяць рэдка, якія ўжо пачалі забывацца.

— З якога абраду пачынаецца ваш праект?

У нядзелю, 21 студзеня, у вёсцы Ахонава прайшоў першы сямейна-бытавы абрад пад назвай “Падсадзіць Каляду на дуб”. Гэты абрад азначае сімвалічнае заканчэнне ўсіх Калядных святаў, якія доўжыліся два тыдні. Гэта свята сямейнае, калі сем’і збіраліся разам у хаце, гатавалі абрадавыя стравы, якія былі на стале на працягу ўсіх Калядаў — кісель, грыбны квас, квашаная капуста, каўбаса, клёцкі, сыр. Вялася гутарка пра святкі, гучалі песні калядна-абрадавага цыкла: “Прыехала Каляда з вечара”, “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму”, “Ой, рана-рана куры запелі”, “Шчодры вечар, багаты вечар”, “Ой, добры вечар, пане гаспадару”. Абрад праводзіў народны фальклорны гурт вёскі Ахонава (кіраўнік Святлана Гранкоўская).

— Цікава, а адкуль такая назва ў гэтага абрада — “Падсадзіць Каляду на дуб”?

Дуб лічыўся ў нашых продкаў самым вялікім і магутным дрэвам, таму Каляду (сімвалічна, вядома) падсаджвалі на яго да наступнага года. Расказваюць, што ў вёсцы Ахонава раней было шмат дубоў.

— Якія яшчэ мерапрыемствы плануеце праводзіць у рамках праекта “Народнаму скарбу — век векаваць”?

Будзе шмат цікавых абрадаў. У сакавіку ў вёсцы Студзераўшчына плануецца праводзіць абрад “Гуканне вясны”. У маі пройдзе абрад “Юр’е” ў вёсцы Погіры. У чэрвені ў Казлоўшчыне будзем праводзіць свята Сёмуха, а ў аграгарадку Таркачы — абрад “Зялёныя святкі”. “Янаў дзень” будзе ў Дварцы ў ліпені, у жніўні ў Раклевічах пакажам абрад “Хрэсьбіны”, у Наваельні — абрад “Пірагі” (традыцыя выпечкі вясельнага каравая). Яшчэ адзін вясельны абрад будзе праводзіцца ў Белагурне — “Вясельная брама”. У Жукоўшчыне ў верасні паспрабуем адрадзіць свята Багач, у Хвінявічах у кастрычніку будзем успамінаць свята Пакровы, у Гезгалах правядзём сямейна-бытавы абрад “Уваходзіны”. А вось у студзені наступнага года ў Круцілавічах пройдзе “Шчадроўская варажба”. Спадзяёмся, у далейшым у праект будуць дадавацца і іншыя народныя абрады.

— Хто будзе праводзіць усе гэтыя святы?

Праводзіць іх будуць работнікі клубных установаў раёна. А распрацаваў гэты праект менавіта аддзел метадычнай работы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Дарэчы, не толькі паглядзець, як праводзяцца гэтыя абрады, але і паўдзельнічаць у іх змогуць усе жадаючыя. Запрашаем.

— Як думаеце, будзе праект “Народнаму скарбу — век векаваць” цікавы гледачам?

Мы вельмі хочам зацікавіць людзей гэтым праектам. Ацэніць гэта той, хто сапраўды любіць гісторыю, культуру свайго краю. Сёлета мы толькі пачынаем работу, звяртаем увагу менавіта на адраджэнне абрадаў, але спадзяёмся, што яны будуць праводзіцца штогод, гэта стане традыцыяй. А потым, магчыма, гэтыя святы перарастуць і ў масавыя.

Вельмі цікава папрысутнічаць на такім свяце, бо сёння мала хто ведае, як на самой справе нашы продкі хрысцілі дзяцей, пяклі вясельныя пірагі або ставілі браму. А мы падрабязна пакажам усе гэтыя абрадавыя дзеянні. Думаю, вельмі цікава будзе дзецям. Будзем прывабліваць іх да ўдзелу ў праекце. Калі яны ўбачаць такі абрад на свае вочы, ён ім запомніцца, а ў будучым — раскажуць сваім дзецямі. Традыцыі павінны перадавацца ад пакалення да пакалення: народнаму скарбу — век векаваць.

Святлана ГРЫШЫНА

Стоит почитать:

«Пусть сбываются мечты»

Сельский сход в Дворце



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *