Школа маладых педагогаў у Дзятлаўскім раёне

Падзеі

Бягучы навучальны год стаў першым працоўным для многіх выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Для іх дзейнічае раённая «Школа маладых педагогаў». Як адзначыла каардынатар гэтай школы і метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук, такі праект неабходны для таго, каб арганізоўваць не толькі прафесійную падтрымку кожнаму выхавальніку-пачаткоўцу, але і ствараць умовы для іх міжасабовага ўзаемадзеяння і прафесійнага росту.

Спачатку маладому выхавальніку неабходна адаптавацца да новага калектыву, у гэтым педагогу-пачаткоўцу дапамагаюць старэйшыя калегі, падключаюцца і псіхолагі.

Другі крок — дапамога ў афармленні і вядзенні дакументацыі. Правільна весці комплексна-тэматычнае планаванне і рабіць планы-канспекты сваіх заняткаў павінен навучыцца кожны «навабранец». Не ўпадаць у дэпрэсію ад усіх «трэба» дапамагаюць старэйшыя калегі.

Нядаўна адбылося першае паседжанне «Школы маладога педагога».

Мерапрыемства стартавала з інтэрактыўнай гульні “Гірлянда”. Арганізатары прапанавалі педагогам-пачаткоўцам выразіць на паперы самыя цяжкія моманты, з якімі сутыкнуліся маладыя выхавальнікі ў працэсе работы. Гэтыя паперкі вывешваліся ў выглядзе гірлянды на дошцы. Мэтай гульні стала дыягностыка прафесійнага ўзроўню маладых спецыялістаў, іх патрэбаў, праводзіўся аналіз адаптацыі да працы.

Потым з пачынаючымі выхавальнікамі працавала педагог-псіхолаг яслі-сада №1 Таццяна Маркава. Яна расказала пра тыпы выхавальнікаў і дала ім характарыстыкі ў параўнанні з героямі дзіцячых казак.

Цікавай часткай пасяджэння было знаёмства з эсэ маладых спецыялістаў «Я выбраў шлях» і педагогаў-настаўнікаў «Мой педагагічны шлях». Выступоўцы розных пакаленняў расказвалі пра свае ўражанні ад прафесіі, параўноўвалі былое і сучаснасць.

Метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці яслі-сада №1 Святлана Іода правялі з маладымі спецыялістамі круглы стол па тэме «Мэты і задачы дзейнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі на сучасным этапе», таксама правялі вучэбна-дзелавую гульню для таго, каб навучыць новых педагогаў правільна планаваць адукацыйны працэс ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

У плане вучэбна-метадычнага кабінета гэтага навучальнага года — збор педагагічных знаходак маладых педагогаў. Менавіта педагагічныя знаходкі аб’яднаюць пачынаючых маладых выхавальнікаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны, якія яшчэ не раз збяруцца разам, каб задаць пытанні па нарматыўнай прававой і вучэбна-метадычнай дакументацыі, арганізацыі і правядзенні розных відаў стасункаў з дзецьмі і іх бацькамі.

Для маладых спецыялістаў будуць праводзіцца індывідуальныя кансультацыі, семінары-практыкумы, майстар-класы.

Сёлета плануецца правядзенне тыдня маладога спецыяліста. Пачынаючыя выхавальнікі правядуць адкрытыя заняткі, мерапрыемствы актыўнага адпачынку з дзецьмі. Маладыя педагогі наведаюць заняткі калег, а потым падрыхтуюць творчую справаздачу і ў канцы навучальнага года прадэманструюць свой педагагічны рост, заявяць пра сваю педагагічную пазіцыю.

Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *