Беларусы змогуць мець два пашпарты (+відэа)

Да ведама грамадзян

Пасля ўвядзення біяметрычных дакументаў у беларусаў можа з’явіцца магчымасць мець два пашпарты. Аб гэтым паведаміў часова выконваючы абавязкі на пасадзе намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Павел Хрышчановіч.

Гэты варыянт прапрацаваны ўжо з міжнароднымі арганізацыямі і прапануецца для разгляду дзяржаўным органам. «Ад грамадзян паступалі прапановы павялічыць колькасць старонак да 48 або 64 — цяпер іх 32. Мы прааналізавалі міжнародны вопыт і распрацавалі варыянт, магчыма, больш зручны і практычны — каб грамадзянам Беларусі выдаваліся два поўнасцю ідэнтычныя дзеючыя пашпарты. Інакш кажучы, па адным можна паехаць куды-небудзь, а другі пакінуць у пасольстве для чакання выдачы візы», — растлумачыў Павел Хрышчановіч.

Ён таксама падрабязна расказаў пра новыя дакументы — ідэнтыфікацыйную картку і біяметрычны пашпарт, дапрацаваныя ўзоры якіх ужо з’явіліся. «Картка будзе з двума чыпамі — кантактным і бескантактавым, у іх будуць змешчаны тры дадаткі. Адзін з іх — ідэнтыфікацыйны, а другі — крыптаграфічны — электронны лічбавы подпіс. Ён дасць магчымасць ідэнтыфікаваць сябе на інфармацыйных рэсурсах, якія будуць распрацоўвацца пад картку. Трэці дадатак адпавядае патрабаванням ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі).

Ён прызначаны, каб у далейшым па гэтай картцы можна было перасякаць дзяржаўную мяжу ў выпадку заключэння адпаведных міжнародных пагадненняў, — адзначыў прадстаўнік МУС. — Таксама ў перспектыве з дапамогай гэтай карткі можна будзе аплачваць паслугі або плаціць падаткі».

ID-картка заменіць некаторыя функцыі сённяшняга пашпарта і будзе адзіным дакументам, які засведчвае асобу. «Новы біяметрычны пашпарт будзе дакументам толькі для выезду за мяжу. На тэрыторыі Беларусі ён юрыдычнай сілы мець не будзе — гэта роля пяройдзе да ідэнтыфікацыйнай карткі, — паведаміў Павел Хрышчановіч. — Таксама новымі біяметрычнымі дакументамі будзе заменена ўся лінейка дакументаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Гэта службовы і дыпламатычны пашпарты, праязны дакумент бежанца і праязны дакумент асобы без грамадзянства. ID-карткі будуць выдавацца, акрамя грамадзян Беларусі, іншаземцам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у краіне».

Пашпарт і ID-картка будуць выдавацца ў абавязковым парадку з 14 гадоў. Але картка можа выдавацца і па жаданні законных прадстаўнікоў непаўналетняга дзіцяці з моманту яго нараджэння. Таксама ў ID-картцы будзе прывязка да рэгістрацыі, у пашпарце ж яна будзе адсутнічаць. Інакш кажучы, штампаў аб прапісцы ў пашпартах больш не будзе, у электронным выглядзе такія даныя будуць змешчаны на картцы. І ніякіх адзнак, акрамя віз, у новых пашпартах не прадугледжана.

Вытворчасць новых дакументаў будзе арганізавана ў Цэнтры персаналізацыі ў Мінску. «Чалавек, якому трэба атрымаць картку або пашпарт, прыйдзе ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства, дзе трэба будзе прадставіць стары дакумент, квітанцыю аб аплаце (разглядаецца варыянт аплаты праз ЕРИП) і запоўніць анкетныя даныя. Не трэба будзе прыносіць свае фота — усё будзе рабіцца на месцы. У электронным выглядзе інфармацыя накіруецца ў Цэнтр персаналізацыі, а пазней туды прыйдуць новыя дакументы», — сказаў П. Хрышчановіч.

Як раней паведамлялася, увядзенне біяметрычных дакументаў плануецца са студзеня 2019 года. Кошт ID-карткі складзе 1 базавую велічыню. Пашпарт будзе каштаваць 3 базавыя. Працэдура атрымання біяметрычнага пашпарта будзе неабавязковай, грамадзяне змогуць выкарыстоўваць стары дакумент разам з ID-карткай. У электронным чыпе новага пашпарта будуць прысутнічаць персанальныя даныя грамадзяніна. У прыватнасці, фатаграфія, электронны подпіс і адпячаткі пальцаў. Гэта робіцца для таго, каб палегчыць праходжанне адпаведных відаў кантролю на мяжы, спрасціць пэўныя механізмы атрымання віз і павялічыць ступень абароны пашпарта грамадзяніна Беларусі.

відэа з youtube.com



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *