Лета ў першай школе

Падзеі

У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава ажыццяўляецца праект «Лета-2017 — час адпачынку, сацыяльна значных справаў, асабістага самаўдасканалення». Ён уключае ў сябе мерапрыемствы па аздараўленні дзяцей і арганізацыі іх карыснай занятасці. Навучэнцы ўстановы прымаюць удзел у рэалізацыі раённага праекта «АRT-канікулы».

У аздараўленчым летніку «Усмешка» з дзённым знаходжанем «Нясумныя канікулы на планеце адкрыццяў» (назва змены) правялі 75 навучэнцаў 6-13 гадоў. Юныя даследчыкі на працягу 18 дзён займаліся пошукамі цікавага і незвычайнага: даследавалі навакольнае асяроддзе, кнігі, спорт, сяброўства, бяспеку, уплыў сну і гульняў на настрой. Новы дзень — новая тэма, новае адкрыццё. Штораніцы атрады атрымлівалі заданні, працавалі над імі, запісвалі свае высновы на папяровых кляновых лістках. Напрыканцы змены на планеце адкрыццяў «вырасла» цэлае дрэва. З запісаў вынікала, што адпачынак пакінуў у дзяцей найлепшыя ўражанні. Гэта парадавала педагогаў, якія праз гульнёвыя віды дзейнасці імкнуліся выхаваць у навучэнцаў культуру здаровага ладу жыцця (гульня-падарожжа «Сцежка здароўя», спартыўныя турніры, гульнявыя пляцоўкі), духоўна-маральныя якасці (гульнявая праграма «Дарогай дзяцінства», гульня-дыскусія «Людзі існуюць адзін для аднаго»), экалагічную культуру (экатурнір «У свеце жывёлін», экавіктарына «Мой край»), творчыя таленты (конкурс рыфмаплётаў, інтэлектуальная гульня «Шчаслівы выпадак»), бяспечныя паводзіны (турнір «Нашы сябры — дарожныя знакі», спаборніцтвы «Эстафета зялёнага агеньчыка»). Дзеці і педагогі ладзілі працоўныя дэсанты, экспедыцыі ад помніка да помніка, экскурсы ў гісторыю, экскурсіі ў школьныя музеі, паходы, прагулкі.

Карысная працоўная занятасць навучэнцаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава была рэалізавана ў летніку працы і адпачынку «Сяброўства». Відавой праполкай і добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі займаліся 18 падлеткаў ва ўзросце 14-16 гадоў. Праца спалучалася з актыўным адпачынкам, культурна-забаўляльнымі і спартыўна-аздараўленчымі мерапрыемствамі. Навучэнцы паўдзельнічалі ў акцыях «Разам за бяспеку і правапарадак», «Лета і кніга», «Добрае Сэрца» — ветэранам», конкурсе міні-праектаў «Школьны двор маёй мары», творчых заданнях, спартыўных гульнях, паходах выхаднога дня.

Рэалізацыя праекта «Лета-2017» прадаўжаецца: на працягу канікулаў не спыняюць работу школьныя спартыўныя пляцоўкі, якія з задавальненнем наведваюць юныя жыхары мікрараёна і іх бацькі. Удзельнікі часовай працоўнай брыгады навучэнцаў займаюцца рамонтам школьнай мэблі, працуюць у школьнай бібліятэцы, на прышкольным участку. Навучэнцы 5-8 класаў праходзяць працоўную практыку. На працягу канікулаў школьнікі ўдзельнічаюць у рабоце 9 цімураўскіх і аднаго валанцёрскага атрада. Члены піянерскай дружыны ўдзельнічалі ў святочных мерапрыемствах да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Г. СКРАБЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 г. Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *