За ўдзел у ІІ міжнародным дабрачынным этнафестывалі «Музыка нашых сэрцаў» дыпломамі адзначаны дзённае аддзяленне для інвалідаў «Праменьчык», А. Бяляк, група «Выпадковае знаёмства»

Падзеі

У аграсядзібе «Фальварак «У Рыся» прайшоў ІІ міжнародны дабрачынны этнафестываль для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Музыка нашых сэрцаў». Мерапрыемства падрыхтавала сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Дарогаю дабрыні». Гаспадарамі пляцоўкі міжнароднага фестывалю «Музыка нашых сэрцаў» традыцыйна з’яўляюцца Рычард і Яніна Казюкі — уладальнікі фальварка «У Рыся», які знаходзіцца ў вёсцы Карэвічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Мерапрыемства садзейнічае аб’яднанню членаў сем’яў інвалідаў, дапамагае цікава і карысна бавіць час разам, пазнаёміцца з народнымі традыцыямі, культурай іншых краінаў, адраджаць народныя рамёствы.

На вялікі музычны этнафэст для людзей з абмежаванымі магчымасцямі сёлета таксама завіталі артысты з Беларусі і пяці замежных краін. Сярод іх былі Ірына Дарафеева, Паліна Рэспубліка, групы «Pawa», «Стары Ольса» і вялікая колькасць народных ансамбляў. Для гасцей ладзілі азнаямленчыя экскурсіі па сядзібе з наведваннем этнаграфічнага падворка і горада майстроў. Змаглі яны пабачыць сярэднявечныя танцы, паўдзельнічаць у майстар-класах рамеснікаў, пакатацца на конях. Таксама ладзілася выстава рарытэтных аўтамабіляў, быў арганізаваны сплаў на байдарках. У час свята працавала палявая кухня і гандлёвыя павільёны.

Дзятлаўшчыну на фестывалі прадстаўляла дэлегацыя з 14 чалавек. На сцэне выступілі А. Бяляк з песняй «Малітва маці» і група «Выпадковае знаёмства» з танцавальнай пастаноўкай на музыку-папуры беларускіх народных песень (А. Калодка, Т. Уласевіч, Т. Рэгіневіч, К. Васільева, У. Лукашэня). За ўдзел у ІІ міжнародным дабрачынным этнафестывалі «Музыка нашых сэрцаў» дыпломамі адзначаны дзённае аддзяленне для інвалідаў «Праменьчык», А. Бяляк, група «Выпадковае знаёмства».

Скончылася свята фальклору і забаваў вялікім фаер-шоу і феерверкам.

В. САЛАМЕВІЧ,

загадчыца аддзялення «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *