Камісія па справах непаўналетніх інфармуе. Ёсць над чым задумацца

Падзеі

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта былі разгледжаны чатыры прафілактычныя матэрыялы і адзін матэрыял аб прызнанні непаўналетняга, якога гадуе маці, маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Ці даваць шанц без гарантый?

Некалькі месяцаў таму двое хлопчыкаў па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Іх гадуе маці, бацькі ў дзяцей розныя. Старэйшага сына раней два разы прызнавалі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і для яго — гэта трэцяе прызнанне, для малодшага дзіцяці — першае.

Маці дзяцей — схільная да злоўжывання алкаголем і неабдуманых учынкаў, не клапоціцца аб падтрыманні парадку ў доме. Менавіта яе паводзіны сталі падставай для чарговага адабрання дзяцей. Старэйшы сын жанчыны ад ранейшага сужыцеля. З мужам яна нядаўна развялася, прычым, мужчыне давялося праз суд аспрэчваць сваё бацькоўства на малодшае дзіця. У гора-маці быў шанц жыць нармальна: муж клапаціўся аб пасынку, прабачаў жонцы неабдуманыя ўчынкі, пакуль яна сама не сышла да сужыцеля.

Цяпер бацька старэйшага сына і гора-маці стараюцца выправіць сваё жыццё, каб ім вярнулі дзяцей. Мужчына выказвае жаданне самому гадаваць сына, яго жонка таксама не супраць гэтага.

Варта зазначыць, што бацькі ўзяліся за розум, калі зноў сталі абавязанымі асобамі: прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, працуюць, маюць станоўчыя характарыстыкі ад наймальнікаў. Аднак даць гарантыю, што так будзе заўсёды, не могуць ні педагогі, ні сельвыканкам, ні члены камісіі па справах непаўналетніх. А ўсё таму, што шанцаў у дарослых было дастаткова, але імі бацькі не скарысталіся.

Вяртаць дзяцей у сям’ю пакуль што рана. Калі ж скончыцца тэрмін іх прызнання маючымі патрэбу ў дзяржабароне, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама не ўпэўнены, што прымуць станоўчае рашэнне на гэты конт. Хутчэй за ўсё, дакументы будуць накіраваны для разгляду і прыняцця рашэння ў суд.

Што чакае дзяўчыну?

Непаўналетняя жыхарка аднаго з аграгарадкоў Дзятлаўшчыны, не правучыўшыся і года ў Воранаўскім прафесійна-тэхнічным каледжы, вярнулася дахаты. Прадаўжаць навучанне ў Воранаве дзяўчына не збіраецца.
Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пацікавіліся, якія перспектывы на жыццё ва ўчарашняй дзевяцікласніцы?

Дзяўчына адказала, што мае намер уладкавацца на працу, прадоўжыць навучанне ў вячэрняй школе.
Непаўналетнюю папярэдзілі, што цяпер яна будзе знаходзіцца на кантролі ў адказных службаў і павінна выконваць свае абяцанні.
Не адчыняла дзверы

У сям’і, якая знаходзіцца на ўліку як сацыяльна небяспечная, гадуюцца сын і дачка. Паміж бацькам, які злоўжываў алкаголем, і маці раней узнікалі сваркі і скандалы. З кастрычніка мінулага года мужчына адбывае пакаранне. Дзяцей гадуе маці. У непаўналетніх ёсць усё неабходнае, аднак здараецца, што яны прыходзяць брудныя і неахайныя ва ўстановы адукацыі. Дома не заўжды наведзены парадак. Летам дарослыя адмовіліся накіраваць дзяцей на аздараўленне.

Маці з-за ўсяго гэтага неаднаразова выклікалі на пасяджэнне савета прафілактыкі грамадскага пункта аховы парадку, аднак адпаведных вынікаў гэта не дало. Са спецыялістамі адказных службаў жанчына размаўляе груба, часта не адчыняе ім дзверы.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх маці параілі ўзяцца за розум, пакуль дзяцей не прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Сустракацца, прыслухоўвацца да парадаў службаў прафілактыкі трэба абавязкова. Жанчыну пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18.
Тэрмінова да доктара

У цэнтральную раённую больніцу з дыягназам «апёк» паступіла маленькая дзяўчынка. Яна выліла на сябе гарачы кампот, які стаяў на тумбачцы. Вядома, няшчасце можа здарыцца ў любой сям’і, аднак у гэтым выпадку ёсць пэўнае «але». Маці непаўналетняй на момант паступлення дзяўчынкі ў бальніцу была п’яная (1,6 праміле алкаголю). Высветлілася, што да гэтага жанчына распівала спіртное са шваграм. Сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, раней старэйшага сына прызнавалі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Маці была закадзіравана і некаторы час не ўжывала спіртныя напоі. Цяпер усё паўтараецца: сужыцель жанчыны часта выпівае, пачала выпіваць і яна.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх маці параілі як мага хутчэй звярнуцца да доктара і прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, бо, калі сітуацыя не выправіцца, дзяцей забяруць.
Стала абавязанай асобай

Жанчына і яе непаўналетні сын прыехалі на Дзятлаўшчыну нядаўна. Адказныя службы нашага раёна даволі хутка заўважылі праблемы ў сям’і і паставілі яе на ўлік як сацыяльна небяспечную. Маці часта злоўжывае алкаголем, хаця на рабоце характарызуецца станоўча, а дома падтрымлівае належны парадак. Паміж ёю і сынам даверлівыя адносіны, а таму хлопчык вельмі перажывае ў час скандалаў маці з яе дзядзькам (жыве ў доме бабулі, куды пераехала сям’я).

У час апошняй сваркі мужчына схапіў жанчыну за горла, калі яны высвятлялі адносіны з-за карткі мабільнага тэлефона. Пасля сямейных «разборак» начаваць дзіцяці давялося ў класнага кіраўніка.
Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прызнала хлопчыка маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер гора-маці давядзецца выбіраць паміж алкаголем і сынам.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама

І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *