Ідзе нераст

Падзеі

Згодна з дзеючай рэдакцыяй правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства вылаў усіх відаў рыбы забараняецца ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях — з 20 сакавіка па 18 мая, у Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай — з 1 красавіка па 30 мая, у Віцебскай вобласці — з 10 красавіка па 8 чэрвеня, за выключэннем аматарскага рыбалоўства, якое ажыццяўляецца рыбаловам адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, абсталяваным штучнай прынадай, з адным адзінарным, або падвойным, або патройным кручком у светлы час сутак, з берага (без заходу ў ваду) або з лёду. Згодна з новымі правіламі, рыбачыць цяпер можна і са штучных збудаванняў (за выключэннем чыгуначных і іншых мастоў, плацінаў, шлюзаў, помпавых станцый і іншых гідратэхнічных збудаванняў, у адносінах якіх устаноўлены абмежаванні і забароны на гаспадарчую і іншую дзейнасць, і на адлегласці бліжэй за 50 метраў у абодва бакі ад іх). Акрамя таго, забаронена выкарыстанне грамадзянамі маламерных суднаў і суднаў з рухавікамі ў рыбалоўных угоддзях у гэтыя тэрміны.

Акрамя забароны на лоўлю рыбы ў тэрміны, названыя вышэй, у рыбалоўных угоддзях устанаўліваюцца забароны на лоўлю шчупака звычайнай — з 1 сакавіка па 15 красавіка, у Віцебскай вобласці — з 9 сакавіка па 25 красавіка; на лоўлю судака — з 15 красавіка па 30 мая.

Лоўля драпежніка на жыўца дазволена на паплавочную вуду з адным адзінарным кручком, пры гэтым здабыча жыўца дазволена таксама толькі паплаўковай вудай з адным кручком.

Лоўля рыбы з заходам у ваду будзе кваліфікавацца як парушэнне дзеючых правілаў і карацца згодна з заканадаўствам, бо лоўля дазволена толькі з берага.

Не парушайце патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства. Памятайце: парушэнне вышэйпералічаных забаронаў караецца штрафам у памеры да 50  базавых велічыняў або прыцягненнем да крымінальнай адказнасці, калі памер шкоды перавысіць 100 базавых велічыняў. Акрамя таго, за кожную незаконна здабытую асобіну рыбы парушальнікі правілаў абавязаны будуць кампенсаваць нанесеную прыродзе шкоду, якая ў час забароны вылічваецца ў трохкратным памеры. Напрыклад, шчупак або лешч абыдуцца браканьерам у 9 базавых велічыняў, лінь або язь — у 18 базавых велічыняў, галавень – у 27 базавых велічыняў.

У Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуюць тэлефоны даверу (8-01562)6-63-65 і 8-029-6501951 (Velcom), па якіх можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлін, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслінаў, якія выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах, у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі і Зэльвенскі раёны. Таксама можна паведаміць аб вядомых парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства ў Дзятлаўскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па тэлефонах: (8-01563)2-10-52, 8-033-3162346 (МТС).
Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуем.

Г. ШЛЫКОВІЧ,
начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Д. БАЛЬКОЎСКІ,
начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *