Анастасія. Штрыхі да партрэта

Падзеі

Абаяльная маладая жанчына. Мама дваіх дзяцей. Удзельніца духавога аркестра. Вядучая раённых мерапрыемстваў. Так  некалькімі сказамі можна ахарактарызаваць Анастасію Голуб. Больш падрабязна пра сябе Анастасія расказала ў час інтэрв’ю.

— Я нарадзілася на дзятлаўскай зямлі, у аграгарадку Жукоўшчына. З дзяцінства наведвала музычную школу, куды спачатку пайшла вучыцца мая старэйшая сястра Вольга. Цяпер яна — педагог. Я, атрымаўшы першапачатковую музычную адукацыю па класе фартэпіяна, пасля заканчэння школы паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча на аддзяленне харавога дырыжыравання. Атрымала спецыяльнасць дырыжора, выкладчыка сальфеджыа. Некаторы час працавала ў Наваельні. Затым атрымала вышэйшую музычную адукацыю ў Гродзенскім універсітэце імя Я. Купалы. У гэты час я навучылася іграць  яшчэ на адным музычным інструменце — трамбоне. Калі б не пайшла ў дэкрэт, то стала б удзельніцай духавога аркестра, які ёсць ва ўніверсітэце.

— Анастасія, вы яшчэ і ўдзельніца групы «Індыга».

— Гэта для мяне яшчэ адзін творчы вопыт. Першапачаткова было вельмі складана выходзіць на сцэну ў якасці спявачкі. Аднак з цягам часу боязь сцэны прайшла. І цяпер мне ўжо не складана выступаць у якасці вядучай.

_mg_0386aa

— У час аднаго з канцэртаў вы выступілі ў дуэце са сваёй дачкой. Наколькі складана было падрыхтаваць гэты нумар?

— Не вельмі складана. Мая дачка Караліна, як і сын Дэвід, з малых гадоў знаёмы з творчасцю. Часта прысутнічаюць на рэпетыцыях, бачаць, як я выступаю. Ды і дома мы нярэдка ладзім хатнія канцэртныя праграмы. Таму для Караліны выхад на сцэну не быў  неспадзяванасцю. Яна паспяхова справілася з заданнем.

— Анастасія, якія вашы музычныя густы?

— Мая дзейнасць прадугледжвае праслухоўванне рознай музыкі. Люблю слухаць класіку, а таксама іграць гэтыя мелодыі на фартэпіяна. Аднак, напэўна, больш за ўсё мне падабаецца джаз. Гэты напрамак дазваляе імправізаваць, дае адчуванне пэўнай свабоды ў творчасці.

— Якое ваша хоббі?

— Люблю кухарыць. Таксама валодаю навыкамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Захапляюся спортам, у прыватнасці, баскетболам, валейболам. Таксама падабаецца вандраваць, наведваць цікавыя мясціны.

— Анастасія,  а чаму вы хочаце навучыцца?

— У час вучобы ў вучылішчы  я асвоіла акадэмічную манеру выканання. А цяпер я хачу дасканала асвоіць манеру эстраднага выканання.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *