Якія кнігі чытае моладзь?

Падзеі

Кожны дзень мільёны людзей чытаюць кнігі. Яны чытаюць іх для атрымання неабходнай інфармацыі, для самаадукацыі ці проста дзеля задавальнення. З даўніх часоў людзі імкнуліся пакінуць запісы аб важных падзеях на камянях, дрэве, гліне, пазней — на паперы. Мы прывыклі лічыць, што першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў сярэдневяковай Еўропе. Аднак прыкладна за стагоддзе да таго манахі карэйскага манастыра змаглі надрукаваць некалькі ўрыўкаў з пропаведзі Буды з дапамогай рухомага металічнага шрыфта. Так пачыналася гісторыя кнігадрукарства.

Як вялікая прыхільніца чытання, я вырашыла высветліць, ці праяўляе сучасная моладзь цікавасць да друкаванага слова і якая літаратура прываблівае маладых людзей. Для гэтага падрыхтавала некалькі асноўных пытанняў: ці любіце вы чытаць? Ці ёсць у вас любімыя аўтары і кнігі? Якія кнігі параіце іншым для чытання? Апытанне праходзіла сярод навучэнцаў 11 класа.

Лізавета Шэлег:

— Безумоўна, я люблю чытаць, бо гэта цікава і пазнавальна. Перавагу аддаю раманам. Ёсць у мяне і любімыя аўтары — Паўла Каэлья і Джон Грын. Яны падабаюцца мне тым, што цікава пішуць свае творы. Мае любімыя кнігі — «Алхімік», «Вінаватыя зоркі» і «Жыццё без межаў», якую напісаў Нік Вуйчыч. Гэтыя творы натхняюць, заахвочваюць і вучаць. Калі іх чытаеш, забываеш аб усіх праблемах.

Валерыя Багдановіч:

— Я люблю чытаць. Гэта пашырае слоўнікавы запас і ад гэтага атрымліваеш асалоду. Сярод пісьменнікаў мне падабаецца Джон Грын. Ён вельмі душэўна і пранізліва піша кнігі на жыццёвыя тэмы. Я ў захапленні ад твора «Вінаватыя зоркі». Кніга ўразіла сюжэтам і сэнсам. Зусім нядаўна я прачытала «Дом дзіўных дзяцей» (Рэнсом Рыгз). Гэты літаратурны твор уразіў сваёй незвычайнасцю. Таксама для чытання магу параіць кнігу «Да сустрэчы з табой» Джоджо Мойеса. Я аддаю перавагу не электронным гаджэтам, а папяровым кнігам, якія прыемна трымаць у руках, ды і чытаць іх цікавей.

Яўгенія Урбановіч:

— Так, я люблю чытаць. Кнігі вучаць нас пазнаваць свет, развіваюць фантазію, абагачаюць слоўнікавы запас. Мне падабаюцца творы Джоан Роўлінг, таму што яны захапляюць сваім сюжэтам, іх хочацца перачытваць зноў і зноў. Адна з маіх любімых кніг — «Гары Потэр». Падабаецца яна, бо там ёсць дабро, сяброўства, адданасць, каханне і цуды. Цяпер я нічога не чытаю: не хапае часу. Іншым магу параіць раман Маргарэт Мітчэл «Унесённые ветром» — яго проста варта прачытаць.

Раман Паўлоўскі:

— Мне не падабаецца чытаць, бо гэта не цікава. Апошняя прачытаная кніга —   «Вайна і мір» Льва Талстога . Яна аказала на мяне станоўчае ўражанне. Любімых кніг няма. Найчасцей чытаю літаратуру ў электронным варыянце — так зручней.

Андрэй Калодка:

— Мне не вельмі падабаецца чытаць. Калі чытаю, то аддаю перавагу такім жанрам, як дэтэктывы і прыгоды. Апошняя кніга, якую прачытаў, «Сэрца на далоні». Яна была цікавай.

Рахункуючы адказы, магу зрабіць выснову, што сучасныя тэхналогіі яшчэ не да канца змаглі выцесніць з жыцця моладзі кнігі. Аднак у абодвух палоў да іх склаліся розныя адносіны. Калі дзяўчаты з радасцю чытаюць у вольны час, то ў хлопцаў найчасцей адсутнічае такая патрэба — яны аддаюць перавагу камп’ютару або сустрэчам з сябрамі. Я лічу, што кнігі ўсё ж вартыя ўвагі моладзі, бо яны — адно з выдатнейшых стварэнняў чалавека.

К. КАРЧЫК,
навучэнка сярэдняй школы №3 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *