Дарэнне кватэры, пабудаванай з прыцягненнем ільготнага крэдыту

Падзеі

Пытанне да натарыуса: нядаўна мы з мужам скасавалі шлюб. З сумесна нажытай маёмасці маем толькі кватэру, пабудаваную з прыцягненнем ільготнага крэдыту, які яшчэ не пагашаны. Ці можа былы муж прадаць мне сваю долю ў кватэры або падарыць яе нашаму агульнаму дзіцяці (кватэра зарэгістравана на яго імя)?

Адказ: перш, чым адказаць на пытанне, неабходна звярнуць увагу на тое, што кватэра, аб якой ідзе размова, знаходзіцца ў сумеснай уласнасці былых мужа і жонкі (артыкул 23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і).

Для таго, каб ваш былы сужэнец змог здзейсніць якую-небудзь здзелку па адчужэнні сваёй долі ў праве ўласнасці на гэтую кватэру, такую долю неабходна вызначыць. Згодна з артыкулам 246 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні ўдзельнікаў агульнай уласнасці, а пры недасягненні згоды — па рашэнні суда, на агульную маёмасць можа быць устаноўлена долевая ўласнасць. Улічваючы, што шлюб паміж вамі скасаваны, вызначыць свае долі ў агульнай маёмасці (устанавіць долевую ўласнасць) у добраахвотным парадку вы зможаце шляхам атрымання ў натарыуса пасведчання аб праве ўласнасці на долю ў маёмасці, нажытай суджэнцамі ў перыяд шлюбу (далей — пасведчанне аб праве ўласнасці).

Да ведама: згодна з пунктам 158 Інструкцыі аб парадку здзяйснення натарыяльных дзеянняў, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 года №63, калі іншае не вызначана сужэнцамі (былымі сужэнцамі), пасведчанне аб праве ўласнасці выдаецца ў роўных долях. Па просьбе сужэнцаў пасведчанне аб праве ўласнасці можа быць выдадзена натарыусам не ў роўных долях, а ў долях, пазначаных сужэнцамі (былымі сужэнцамі).

Неабходна звярнуць увагу, што права ўласнасці сужэнца на долю ў праве ўласнасці на агульную маёмасць (кватэру), засведчанае атрыманым у натарыуса пасведчаннем аб праве ўласнасці, належыць дзяржаўнай рэгістрацыі ў тэрытарыяльнай арганізацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю.

Такім чынам, пасля здзяйснення дзяржрэгістрацыі права ўласнасці былога мужа на долю ў агульнай маёмасці кватэра будзе знаходзіцца ў долевай уласнасці былых сужэнцаў, і кожны з іх мае права распараджацца сваёй доляй у праве ўласнасці на кватэру з захаваннем вызначаных заканадаўчымі актамі правілаў.

Згодна з падпунктам 1.18 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў», продаж жылых памяшканняў (долі ў праве ўласнасці на жылое памяшканне), пабудаваных з прыцягненнем ільготнага крэдыту, да поўнага пагашэння крэдыту не дапускаецца.

Дарэнне (абмен) такога жылога памяшкання (долі ў праве ўласнасці) да пагашэння крэдыта магчыма па рашэнні выканаўчага і распарадчага органа, мясцовай адміністрацыі аб дазволе дарэння (абмену), якое можа прымацца ў выключных выпадках (пераезд у іншую мясцовасць, скасаванне шлюбу, смерць уласніка жылога памяшкання і іншае) або ў выпадку паляпшэння жыллёвых умоваў шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі або набыцця жылога памяшкання толькі з дазволу адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк» у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Такім чынам, прадаць вам сваю долю ў праве ўласнасці на кватэру, пабудаваную з прыцягненнем ільготнага крэдыту, які не пагашаны, былы муж не мае права, а падарыць гэту маёмасць любой асобе, у тым ліку і вашаму дзіцяці, ён можа з дазволу выканаўчага і распарадчага органа, мясцовай адміністрацыі.

Ж. СЁМУХА,
загадчыца дзяржаўнай натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *