Песняру палескай зямлі — 95

Падзеі

Ёсць у беларускай літаратуры асобы, якія ва ўсе часы прыцягваюць да сябе ўвагу даследчыкаў, чытачоў. На іх творах вучацца маладыя літаратары, іх жыццё служыць матэрыялам для мастацкіх і навуковых працаў. Такой асобай з’яўляецца Іван Мележ. Сёлета адзначаны чарговы літаратурны юбілей – 95 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, стваральніка легендарнай “Палескай хронікі”.

Ён валодаў такімі каштоўнымі якасцямі, без якіх няма сапраўднага мастака: веданнем жыцця, людзей і мовы свайго народа; пільнай назіральнасцю; патрабавальнасцю да сябе, як да пісьменніка, грамадзяніна; любоўю да працы літаратара.

Нарадзіўся Іван Мележ 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, якую ён часта ўспамінаў у сваіх мастацкіх і публіцыстычных творах. Пачатковыя класы наведваў у Глінішчы, а сярэднюю школу – у Хойніках. Пасля школы, якую скончыў на выдатна, спрабаваў паступіць у адну з вышэйшых навучальных установаў у Маскве, аднак яму было адмоўлена ў прыёме. Прыйшлося вярнуцца ў Хойнікі, дзе на працягу года працаваў у райкаме камсамола. У 1939 годзе яго мара здзейснілася – Іван Мележ стаў студэнтам Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры. Аднак вучыцца давялося нядоўга, з першага курса яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у артылерыйскім палку.

З мая 1945 года па студзень 1947 года адначасова з вучобай у аспірантуры працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя”. Пасля – старшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Белдзяржуніверсітэце. Са жніўня 1950 года па верасень 1951 года быў кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КП(б)Б.

Дэбютаваў у 1939 годзе вершамі. Выдаў зборнікі аповесцяў і апавяданняў “У завіруху” (1946), “Гарачы жнівень” (1948), “Заўсёды наперадзе” (нарыс, 1948), “Блізкае і далёкае” (1954), “У гарах дажджы” (1957), “Што ён за чалавек” (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961), “Жыццёвыя клопаты” (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), “Белыя вішні і яблыні” (1976), “Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак” (1977).

Аўтар рамана “Мінскі напрамак” (1952, дапрацаванае выданне ў 1974), цыкла раманаў “Палеская хроніка” – “Людзі на балоце” (1962), “Подых навальніцы” (1966) і “Завеі, снежань” (1978). У 1969-1971 гадах выйшаў збор твораў у шасці тамах, у 1979-1985 гадах – у дзесяці тамах.

Паводле твораў Івана Мележа створаны радыё- і тэлепастаноўкі, пастаўлены спектаклі на сцэнах абласных і рэспубліканскіх тэатраў, зняты тэле- і кінафільмы. Яго творы атрымалі сусветнае прызнанне і перакладзены на іншыя мовы.

М. БОРТКА,
метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *