Усё пакінуць след павінна…

Падзеі

Яшчэ старажытныя грэкі казалі: «Калі кравец дрэнны, то людзі будуць дрэнна апранутыя, а калі ў школе працуе дрэнны настаўнік — вырастуць цэлыя пакаленні неадукаваных і нявыхаваных людзей». З гэтай думкай цяжка спрачацца. Прафесія настаўніка заўсёды лічылася адной з найбольш важных і складаных у нашым грамадстве.

Як сёння працуюць у школе творчыя і адданыя педагагічнай справе людзі, што новага яны могуць прапанаваць навучэнцам, да чаго імкнуцца, карэспандэнтка газеты цікавілася ў настаўніцы інфарматыкі гімназіі №1 і сярэдняй школы №1 горада Дзятлава С. Кетко, партрэт якой змешчаны на раённай Дошцы Гонару.

IMG_8303

— Святлана Іосіфаўна, вы любіце сваю прафесію?

— Безумоўна. Я працую ў школе ўжо васямнаццаць гадоў, і мне па-ранейшаму падабаецца тое, чым займаюся. Прафесія педагога не бывае сумнай і аднастайнай. Кожны год прыносіць настаўніку штосьці цікавае, мяняюцца пакаленні дзяцей, прыходзяць новыя навучэнцы са сваімі асаблівасцямі, інтарэсамі. Гэта прымушае педагога пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, развівацца, удасканальваць прафесійныя навыкі, шукаць новыя, цікавыя формы работы.

У Дзмітрыя Ліхачова я прачытала такую думку: «Калі жыць толькі для сябе, дробнымі клопатамі аб уласным дабрабыце, то ад пражытага не застанецца і следу. Калі ж жыць для іншых, то яны зберагуць тое, чаму ты служыў, чаму аддаваў свае сілы». Я поўнасцю згодна з гэтым выказваннем. Менавіта яно найлепш адказвае на пытанне аб маім жыццёвым выбары.

— Што дапамагае дасягаць высокіх вынікаў у рабоце?

— Мае поспехі — гэта дасягненні маіх вучняў. Я даўно заўважыла, што захопленыя інфарматыкай дзеці адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў. Свет інфармацыйных тэхналогій спецыфічны, але яны адчуваюць сябе там, як рыбы ў вадзе. Старанна вучыцца, перамагаць на алімпіядах ім дапамагаюць мэтанакіраванасць, настойлівасць, захопленасць агульнай справай, цікавасць да прадмета.

— Святлана Іосіфаўна, на вашым рахунку шэраг сумесных адукацыйных праектаў. Раскажыце пра іх.

— Настаўнікі, наогул, людзі творчыя, яны знаходзяцца ў пастаянным пошуку. Аднак адзін настаўнік — у полі не воін: нам заўжды лягчэй працаваць у камандзе. Сумесныя ідэі даюць плён.

Так, паспяховымі і папулярнымі ў навучэнцаў сталі праекты «Чытанне з захапленнем» і «У гасцях у казкі», якія мы рэалізоўвалі з Вольгай Міхайлаўнай Старыкавай і Святланай Віктараўнай Лябецкай. Праекты паказалі, што дзеці любяць чытаць, што іх можна захапіць цікавымі літаратурнымі творамі.

Праект Наталлі Паўлаўны Клімец «Школа энергаберажлівасці», які я дапамагала тэхнічна рэалізоўваць, навучыў нашых гімназістаў і педагогаў эканоміць электраэнергію.

Усе названыя праекты з’яўляліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт».

Варта зазначыць, што любы праект вымагае шмат часу для падрыхтоўкі і рэалізацыі. Як правіла, гэта асабісты час педагога. Мы, настаўнікі, на жаль, шмат недадаём сваім сем’ям, дзецям, але яны нас разумеюць, падтрымліваюць, з цярпенням адносяцца да «мамінай работы». Вялікі дзякуй за гэта нашым блізкім.

— Святлана Іосіфаўна, а якія ў вас узаемаадносіны з навучэнцамі?

— Сяброўскія, пабудаваныя на даверы, нават лепш сказаць, што мы з дзецьмі — партнёры. У школьнікаў розныя здольнасці да інфарматыкі. З тымі, каму мой прадмет цікавы, хто збіраецца звязаць з ім далейшае жыццё, мы паспяхова працуем, дасягаем значных вынікаў.

— Ці ёсць у вас асабліва здольныя вучні? Чым яны пакарылі ваша сэрца?

— У мяне шмат таленавітых вучняў. Фёдар Бурдун, Аляксандр Андрукевіч, Андрэй Пазняк, Павел Дарашкевіч, Ілья Латушка, Андрэй Жадзейка, Аляксандр Салаш  — гэта тыя, хто звязаў ці плануе звязаць сваё жыццё з інфарматыкай.

Юнае пакаленне аматараў майго прадмета — Паліна Губко, Аляксей Ломаць, Яўген Буцар, Ілья Панько і многія іншыя.

У дзецях мне больш за ўсё падабаецца, калі яны са мною спрачаюцца. Я цаню іх уменне даказваць свой пункт гледжання, смеласць пастаяць за ісціну. Радуюць навучэнцы маё сэрца і тым, што захапляюцца інфарматыкай, любяць рашаць задачы так, як гэта люблю я.

— Інфармацыйныя тэхналогіі пастаянна ўдасканальваюцца. Ці лёгка крочыць у нагу з часам?

— Нам складаней працаваць, чым настаўнікам, у якіх прадмет не мяняецца. У праграму па інфарматыцы часта ўносяць змяненні і дапаўненні. І як не дзіўна, мае вучні бываюць і тэхнічна, і маральна падрыхтаванымі да гэтых навінак. Маладое пакаленне наогул вельмі прагрэсіўнае. Адным словам, сумаваць нам не даводзіцца. Настаўнікі інфарматыкі вучацца і самаўдасканальваюцца на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці і перадаюць свае веды дзецям.

— А чаго пажадаеце маладым педагогам?

— Пастарацца палюбіць сваю работу, бо толькі любімая справа прыносіць задавальненне і творчае натхненне. Дзеці тонка адчуваюць вашы адносіны да прафесіі. Як можна прывіць іншым любоў да прадмета, калі табе ён нецікавы. І наадварот, толькі чалавек апантаны сваёй справай здольны захапіць ёю іншых. А яшчэ, не бойцеся звяртацца па парады да старэйшых калегаў, прасіце дапамогі ў сваіх былых настаўнікаў. Людзі, побач з якімі мы пачынаем працоўны шлях, іграюць вялікую ролю ў нашым далейшым станаўленні. У мяне былі выдатныя настаўнікі, якім хачу сказаць вялікі дзякуй за тое, што я стала такой, якая ёсць. Гэта настаўніцы матэматыкі (іх прыклад падштурхнуў мяне да выбару прафесіі) Надзея Іванаўна Ілюковіч і Марыя Уладзіміраўна Сташэнка, першая настаўніца Валянціна Браніславаўна Лейтар, класны кіраўнік Ніна Валянцінаўна Хілевіч і Ганна Станіславаўна Урбановіч, якая дапамагала мне, на той час маладому педагогу СШ №2 горада Дзятлава, рабіць першыя крокі ў прафесію.

— Чаго пажадаеце ветэранам педагагічнай працы і калегам-настаўнікам да прафесійнага свята?

— Прафесія настаўніка спалучае ў сабе маладосць душы і мудрасць слова, паўсядзённую нялёгкую працу і штодзённае свята перамогі ведаў. Няма для настаўніка большага шчасця, чым поспехі яго вучняў. Няхай дзеці і іх дасягненні заўжды радуюць і натхняюць вас. Моцнага вам здароўя і вялікага шчасця, душэўных сілаў і цярпення, невычэрпнай энергіі і творчага даўгалецця. Са святам, паважаныя калегі!

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фотаздымак з асабістага альбома настаўніцы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *