Усё пачынаецца з сям’і

Падзеі

Хтосьці, жартуючы, сказаў, што чалавеку важна нарадзіцца ў патрэбны час у патрэбнай сям’і. Наша калега падгадала і час, і сям’ю. Яе бацькі — настаўнікі. Няўжо у дзяцей акцёраў і педагогаў няма шанцаў на іншы выбар? Аказваецца, у спадчыну могуць перадавацца не толькі хваробы, але і прафесіі, як гэта здарылася з Наталляй Аркадзьеўнай Бойка.

Яе тата — Аркадзь Канстанцінавіч — працаваў настаўнікам гісторыі, матуля — Раіса Міхайлаўна — загадчыцай Лявонавіцкага дзіцячага сада. З самага дзяцінства Наталля Аркадзьеўна ведала, што таксама стане педагогам.

1994 год — за спінай 11 гадоў навучання ў школе. 1995-ы — перад Натальяй гасцінна расчыніліся дзверы Гродзенскага педагагічнага вучылішча. 1997-ы — яна, поўная творчай энергіі і спадзяванняў, стаіць перад малымі: цяпер яна — выхавальнік.

У наш час у багажы працоўнага вопыту Наталлі Аркадзьеўны ёсць гады работы выхавальніцай, загадчыцай Лявонавіцкага дзіцячага сада, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Лявонавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, настаўніцай пачатковых класаў, абслугоўваючай працы. Усяго хапала за гэтыя гады: слёз і ўсмешак, радасці і горычы, перамогаў і паражэнняў. Гэта быў час пошукаў і роздумаў, але Наталля Бойка ніколі не пашкадавала, што выбрала менавіта прафесію педагога.

 

Прадаўжальнікам слаўных настаўніцкіх традыцый гэтай сям’і стала старэйшая дачка Наталлі  Аркадзьеўны — Маргарыта. Сёння яна — студэнтка педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, будучая настаўніца пачатковых класаў. Малодшая Крысціна яшчэ васьмікласніца, але і яна задумваецца аб сваёй педагагічнай будучыні. У сям’і, дзе так шмат настаўнікаў, з дзяцінства пачынаеш уяўляць сябе ў гэтай прафесіі. Акрамя таго, вялікае значэнне мае і той факт, што пры сустрэчы з членамі сям’і былыя выпускнікі добрымі словамі ўзгадваюць і Аркадзя Канстанцінавіча, і Раісу Міхайлаўну, і Наталлю Аркадзьеўну за тое, што яны ўкладвалі ў сваіх вучняў часцінку душы.

А як прыемна бачыць, як загараюцца радасным святлом вочы дзяцей, калі яны чуюць штосьць новае і цікавае. Толькі дзеля гэтага варта стаць настаўнікам!

І. БАРЫСІК,

старшыня прафсаюзнай арганізацыі Лявонавіцкага д/с-СШ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *