У юбілейны год Перамогі служыць ганарова

Падзеі

У майскія дні, калі ўся Беларусь святкуе 70-годдзе Вялікай Перамогі, 47 маладых дзятлаўчан стануць абаронцамі Айчыны – папоўняць шэрагі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Павесткі аб прызыве на вайсковую службу яны ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі з рук ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна падпалкоўніка Генадзя Сураўца. Служыць хлопцы будуць у Маладзечне, Мінску, Гродне, Лідзе, Слоніме, Брэсце і Віцебску.

IMG_9917

Новы прызыў – падобны і непадобны на папярэднія. Сёлета больш, чым звычайна, нашых землякоў пойдуць служыць у войскі МУС, памежную службу. Тры чалавекі – спецыялісты, запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы – будуць праходзіць службу ў рэзерве, палова прызыўнікоў мае вышэйшую адукацыю. Сем чалавек звыш плана сёлета будуць служыць у сілах спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (ужо 14 мая яны былі накіраваны на службу).
Урачыстыя провады ў войска адбыліся 11 мая ля помніка воінам і партызанам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, помніка Героям Савецкага саюза Я.Я Фогелю і П.Г. Пятрову ў парку горада Дзятлава.
IMG_9922Першым да прызыўнікоў звярнуўся камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:
— Сімвалічна, што вы прызываецеся ў шэрагі Узброеных Сіл у юбілейны год: зусім нядаўна мы адзначылі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Хуткім часам са зброяй у руках вы станеце на абарону нашай Радзімы. Годна нясіце свой ганаровы абавязак служыць Рэспубліцы Беларусь.
Словы наказу ад землякоў будучым абаронцам Айчыны перадаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч.
— Жадаю вам служыць шчыра і дастойна. Дастойна памяці дзядоў прадзедаў, якія не шкадавалі свайго жыцця за родную зямлю, – звярнуўся да юнакоў Мікалай Валер’евіч.
Выконваючы абавязкі старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Драгунскі пажадаў будучым вайскоўцам моцнага здароўя, добрых камандзіраў, верных таварышаў, з гонарам і годнасцю несці нялёгкую службу салдата. Бацькам прызыўнікоў Алег Вячаслававіч зычыў атрымліваць ад дзяцей толькі добрыя навіны, каханым дзяўчынам – дачакацца сваіх абраннікаў са службы.
Усякая вялікая справа павінна пачынацца з малітвы. Таму сваё благаславенне прызыўнікам ад духавенства раёна адрасавалі настаяцель прыходу дзятлаўскага храма Прэабражэння Гасподня протаіерэй Мікалай Пінчук і настаяцель касцёла Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве ксёндз Здзіслаў Пікула. Яны пажадалі юнакам у войску заставацца вернымі Богу і Беларусі.

IMG_9943

IMG_9966
Ад моладзі Дзятлаўшчыны землякоў павіншавала старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Анастасія Чурай. З ініцыятывы моладзевай арганізацыі ў 70-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне кожны прызыўнік змог далучыцца да рэспубліканскай акцыі “Кветкі Перамогі”, атрымаўшы ў падарунак сімвалічную бутаньерку з яблыневай квеценню і стужкай колераў нацыянальнага сцяга Беларусі.

IMG_9912
Не менш за саміх прызыўнікоў хваляваліся іх бацькі, родныя, якія прыйшлі, каб падтрымаць і павіншаваць будучых салдат, уручыць ім кветкі і падарункі.


Сярод сёлетніх прызыўнікоў атрымаў павестку на службу і Аляксандр Апанасік. Ён будзе служыць у памежных войсках у Лідзе. Ад арміі ён чакае новых уражанняў, новых сяброў, загартоўкі духу і характару. А на Дзятлаўшчыне Аляксандра цэлы год будуць чакаць яго бацькі, сябры, калегі з СВК “Хвінявічы”, дзе малады чалавек працаваў аграномам участка. Усім ім будучы вайсковец адрасаваў словы ўдзячнасці:
— Дзякуй бацькам за выхаванне, дапамогу ў атрыманні вышэйшай адукацыі, за падтрымку. Цяпер надышоў час атрымаць новы жыццёвы ўрок ва Узброеных Сілах Беларусі. Буду старацца годна служыць, каб не падводзіць сваіх бацькоў. Асабліва тату, які сам калісьці служыў Савецкаму Саюзу ў Чэхаславакіі.
Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *