Спяваюць «Прымакі»

Падзеі

Адной з творчых візітак Дзятлаўшчыны з’яўляецца народны тэатр-студыя гульні «Прымакі».

Звонкія галасы выканаўцаў, народныя песні і жарты, найгрышы баяна і акардэона, гульні — усё гэта разам стварае непаўторны мастацкі малюнак, дорыць гледачам добры настрой.
Цяпер народным калектывам кіруе Таццяна Генадзьеўна Янушкевіч, метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сустрэўшыся з ёю, карэспандэнтка газеты пацікавілася гісторыяй стварэння і цяперашняй творчай дзейнасцю калектыву, які яна ўзначальвае.

— Гурт быў створаны ў 1990 годзе. Яго заснавальнікам з’яўляецца тагачасны дырэктар раённага метадычнага цэнтра Ларыса Вікенцьеўна Панфіловіч. Ля вытокаў калектыву стаіць і Тамара Андрэеўна Ступак, якая і сёння спявае ў «Прымаках».
Першапачаткова калектыў быў толькі мужчынскім, адсюль і адпаведная назва. Яна абыгрываецца і ў візітнай «прымацкай» песні гурта. А, увогуле, рэпертуар калектыву складаюць беларускія народныя песні, гульні і забавы, абрады. Менавіта таму «Прымакі» і называюцца народным тэатрам-студыяй гульні. Гэтае званне гурт атрымаў у 2004 годзе.
— Таццяна Генадзьеўна, а колькі цяпер артыстаў спявае ў «Прымаках»?
— Дзесяць. Віктар Віктаравіч Вішнарэўскі, Іван Альфонсавіч Пятраш, Мікалай Канстанцінавіч Палюшэвіч, Іван Леанідавіч Венскі ў калектыве з моманту яго стварэння. Андрэй Андрэевіч Добыш прыйшоў да нас нядаўна. Ён галоўная дзеючая асоба гульнёвых праграм.
Жаночая частка «Прымакоў» — гэта Тамара Андрэеўна Ступак, Святлана Рыгораўна Венская, Ірына Мечыславаўна Бакшук, Святлана Міхайлаўна Грос, Таццяна Мікалаеўна Кудзеля.
— Таццяна Генадзьеўна, з якога года вы з’яўляецеся кіраўніком «Прымакоў»?
— З 2009 года. Я займаюся арганізатарскай дзейнасцю, пішу сцэнарыі праграм, падбіраю песні. А вось апрацоўка іх, аранжыроўка — у гэтым мне дапамагае Тамара Андрэеўна Ступак.
А, увогуле, я знаёмая з творчасцю «Прымакоў» яшчэ з 1995 года, калі толькі прыйшла працаваць у раённы метадычны цэнтр народнай творчасці.
— Таццяна Генадзьеўна, раскажыце падрабязней пра рэпертуар калектыву.
— Мы спяваем беларускія народныя і аўтарскія песні, ёсць і аўтэнтычныя нумары. Абрадавая частка нашых праграм поўнасцю складзена на аснове традыцый нашага раёна.
Увогуле, мне, як чалавеку, які доўга працуе з фальклорам і якому гэта цікава, хочацца захаваць мясцовыя традыцыі ў любой форме. І таму цяпер калектыў «Прымакі» актыўна выступае з сюжэтна-абрадавымі, сюжэтна-гульнёвымі праграмамі, у якіх прысутнічаюць не толькі народныя песні, але і гульні, забавы. Так, менавіта на мясцовым абрадзе мы падрыхтавалі абрадава-гульнёвую праграму «Ішла Каляда з вечара». Першая яе частка — непасрэдна калядны абрад, а другая — народныя гульні — з чыгункамі, з ручнікамі, з паясамі. Яны прысутнічаюць і ў іншых гульнёвых праграмах накшталт «Як мы з цешчай бульбачку капалі», «Як на здзецельскім кірмашы». У час гульняў мы просім удзельнікаў паказаць, як правільна ставіць чыгунок ў печ, як у ім рыхтаваць куццю і гэтак далей. І ўсё гэта суправаджаецца бадзёрай музыкай.
— Ведаю, што «Прымакі» цесна супрацоўнічаюць з аддзелам ЗАГС райвыканкама, дапамагаюць правесці рэгістрацыю шлюбу ў народных традыцыях…
— Сапраўды так. У гэтым накірунку мы супрацоўнічаем з аддзелам ЗАГС райвыканкама каля чатырох гадоў. Спадзяёмся, што і сёлетні год не стане выключэннем.
Я не магу сказаць, што наша праграма поўнасцю аўтэнтычная, усё ж такі мы жывём у дваццаць першым стагоддзі, аднак яна напоўнена элементамі народнага вясельнага абраду. Ужо на ганку ЗАГСа мы вітаем маладых добрай песняй, як кажуць, «задаём настрой» урачыстасці.
Песняй мы зычым маладым дабрабыту і шчасця ў сям’і. Яе нараджэнне пачынаецца з чыстай сцяжынкі, якую сімвалізуе ручнік. На яго ў час вясельнага абраду становяцца маладыя.
Каб сям’я была моцнай, мы перавязваем адной стужкай рукі жаніха і нявесты. Кожная дзея абрада суправаджаецца адпаведнай песняй. Чырвонай ніткай праз ўсю праграму праходзіць песня «Многія лета». Адзначу і тое, што правесці абрад нам дапамагаюць і іншыя работнікі культуры — Ала Чарняўская і Анастасія Голуб.
Пасля завяршэння рэгістрацыі мы дорым маладажонам паясочак, каб у сям’і нарадзіліся дачушка і сыночак, апалонік — каб маладая была добрай гаспадыняй, памятку «Чакаем першынца».
Калі маладыя выходзяць з ЗАГСа, на ганку мы зноў жа спяваем ім песню, асыпаем жытам — на доўгі век, на добры быт, на добрае здароўе і ўзаемнае каханне. Усяго гэтага мы жадаем маладажонам ад чыстага сэрца і вельмі хочам, каб нашы пажаданні спраўджваліся, каб у сем’ях заўжды панавалі згода, лад, каханне.
— Таццяна Генадзьеўна, выступленне «Прымакоў» часта можна пабачыць на раённай сцэне. А ў якіх мерапрыемствах за межамі Дзятлаўшчыны прымаеце ўдзел?
— З сюжэтна-гульнёвымі праграмамі выязджаем у іншыя гарады. Некалькі гадоў таму абрадава-гульнёвую праграму мы паказвалі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо. Летась мы ўдзельнічалі ў «Беларускім сувеніры» — рэспубліканскай выставе-кірмашы вырабаў народных рамёстваў, нацыянальнай сувенірнай прадукцыі і страваў беларускай кухні ў Мінску, у дзясятым рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне. У гэтым мерапрыемстве мы ўдзельнічалі ўжо некалькі разоў. Таксама летась мы паказвалі сваю праграму на занальным абласным конкурсе гульнёвых праграм «На сонечнай паляначцы», выступалі ў час абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі» ў Слоніме.
— А як сустракае публіка выступленні «Прымакоў»? Ці адрозніваецца ўспрыняцце вашай творчасці вясковымі і гарадскімі гледачамі?
— Ужо даўно заўважыла, што, калі мы выступаем у вялікім горадзе, тым жа Мінску, запрашаем гледачоў завітаць на наш здзецельскі падворак, яны з лёгкасцю пагаджаюцца, актыўна танцуюць з намі, удзельнічаюць у гульнях. Яны сапраўды адпачываюць. А вось гледачы ў Дзятлаве часцей за ўсё прыходзяць проста паглядзець праграму. Часам іх даводзіцца проста «выцягваць», каб яны паўдзельнічалі ў гульні, патанцавалі. Калі казаць пра вясковую публіку, то яна сустракае нас заўжды з радасцю. Там можна спяваць гадзінамі і гледачам гэта ніколькі не надакучыць.
— А якія ў «Прымакоў» творчыя планы на бягучы год?
— Актыўна будзем працаваць над абрадава-гульнёвымі праграмамі гадавога цыклу. Старт у нас ужо ёсць. На пачатку года мы з каляднай праграмай выступілі ў Лявонавічах і Міроўшчыне. Летась «Прымакі» павіншавалі з Калядамі жыхароў Ахонава, Студзераўшчыны, Погіраў. У гэтых населеных пунктах ёсць народныя фальклорныя калектывы, захавальнікі шэрагу мясцовых традыцый. Пасля выступлення мы падарылі ім дыскі з запісам іх уласных абрадавых і песенных выступленняў. Таксама ў мінулым годзе мы прынялі ўдзел у шэрагу святаў вёсак раёна.
Цяпер працуем над абрадава-гульнёвай праграмай «Ішлі-прыйшлі валачобнікі». Таксама рыхтуемся да абласнога агляду-конкурсу «Карнавал весялосці», які восенню пройдзе ў Воранаве. На мерапрыемстве мы пакажам сюжэтна-абрадавую праграму «Юр’е».
— Таццяна Генадзьеўна, на правах кіраўніка калектыву, чаго пажадаеце чытачам нашай газеты.
— Перш за ўсё — добрага здароўя і добрага настрою, каб заўжды яны атрымлівалі толькі прыемныя навіны і з бадзёрым настроем ішлі па жыцці.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *