Напрыканцы кастрычніка супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў Дзятлаўскім раёне спынілі для праверкі легкавы аўтамабіль. Пры аглядзе аўто іх чакала неспадзяваная знаходка – пяць каністраў са ста літрамі афарбаванага бензіну. Як вядома, такое паліва пастаўляецца ва ўстаноўленым парадку ў арганізацыі, якія выконваюць работы, звязаныя з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, а праз сетку АЗС фізічным асобам не рэалізуецца. У ходзе разбіральніцтваў затрыманы вадзіцель С. расказаў, што пра гэтыя каністры яму паведаміў знаёмы, работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна, які ўбачыў іх у лесе. Грамадзянін С. паехаў на тое месца і забраў іх, сцвярджае, што не ведае, хто пакінуў гэтае паліва ў лесе, а ўзяў для асабістага выкарыстання.
Сітуацыя, з аднаго боку, камічная, з другога – вельмі сур’ёзная. Зразумела, што такая колькасць бензіну аказалася “ў неабходны час у патрэбным месцы”, і знайшлі яго таксама невыпадкова. І гэта не простая знаходка, а парушэнне заканадаўства, таму што паліва афарбаванае, а значыць, здабыта незаконным шляхам.
Якое пакаранне прадугледжана ў дадзеным выпадку, патлумачыў першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксей Кашко:

– Варта адзначыць, што меры афарбоўвання паліва, якое выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых арганізацыях, прадпрымаюцца таму, што пачасціліся выпадкі яго крадзяжу. Вадзіцелі, якія працуюць на дзяржаўным аўтатранспарце, усяляк спрабуюць эканоміць дызельнае паліва ці бензін і прадаваць яго па больш нізкай цане, чым прапануецца на заправачных станцыях. У пагоні за эканоміяй аўтааматары ідуць на розныя хітрасці, часам запраўляючыся на баку, у знаёмага трактарыста, які можа прапанаваць больш выгадныя (у параўнанні з АЗС) кошты на паліва. Аднак ім трэба ведаць, што ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях існуе пакаранне не толькі за крадзеж, але і за выкарыстанне афарбаванага паліва. Згодна з артыкулам 11.1 Кодэкса (“Дробны крадзеж”) той, хто прадае такое паліва, а значыць учыніў крадзеж, будзе пакараны штрафам у памеры да 30 базавых велічыняў. А вось пакупнікам падобнага тавару будзе прадугледжана пакаранне за незаконнае захоўванне паводле артыкула 13.23 Кодэкса (“Незаконнае абарачэнне нафтавага вадкага паліва ў Рэспубліцы Беларусь”). Яны могуць атрымаць штраф да 50 базавых велічыняў.
Фігуранту нашай справы, грамадзяніну С., улічваючы тое, што правапарушэнне ўчыніў упершыню, чыстасардэчна раскаяўся, а таксама аказаў садзейнічанне следству, вынесена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічыняў (гэта 450 рублёў), паліва канфіскавана. Справа знаходзіцца на кантролі.
Хочацца дадаць, што праверку за колькасцю паліва павінны ажыццяўляць у сельгаспрадпрыемствах, таму адказнасць за тое, што яго зліваюць, а гэтага “не заўважаюць”, кладзецца і на інжынераў, якія выдаюць яго па пуцявых лістах. Кіраўнікам гаспадарак неабходна ліквідаваць парушэнні працоўнай дысцыпліны, якія прыводзяць да падобных здарэнняў.
Міліцыя пастаянна праводзіць маніторынг і рэйдавыя мерапрыемствы ў сферы аграпрамысловага комплексу, на асаблівым кантролі – выкарыстанне таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, да якіх адносіцца і афарбаванае паліва.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота носіць ілюстрацыйны характар
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga