У Гродзенскім абласным драматычным тэатры на калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама, на якой падвялі вынікі работы арганізацый сферы культуры вобласці за 2025 год, па традыцыі за высокія дасягненні і поспехі лепшыя супрацоўнікі і калектывы былі адзначаны ўзнагародамі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Сярод іх – выкладчыца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік узорнага ансамбля скрыпачоў “Зорачкі” Алена Кашко. Яна адзначана Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Узнагароду гэту педагог атрымала абсалютна заслужана, лічыць яе кіраўнік Ала Барысенка, дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў:

– Алена Ігараўна вельмі творчы, адказны, ініцыятыўны чалавек. Умее знайсці падыход да дзяцей, таму вучні цягнуцца да яе, паважаюць, бяруць прыклад. На ўроках пастаянна выкарыстоўвае шмат нетрадыцыйных метадаў навучання, наглядных матэрыялаў. Яна гарыць музыкай, жыве ёю, не толькі навучае іншых, але і сама з’яўляецца ўдзельніцай ансамбля “Дзятлаўскі калейдаскоп”, выступае з ансамблем “Зорачкі”, кіраўніком якога з’яўляецца, а таксама сольна на вечарах жывой музыкі ў санаторыі “Радон”. За любую справу, якую ёй даручаеш, можна быць спакойным, бо гэты педагог выканае яе на выдатна. І вопыт, і адказныя адносіны да работы – вынік, які радуе сёння, без перабольшання, увесь раён, бо наш калектыў “Зорачкі” пастаянны ўдзельнік гарадскіх, раённых мерапрыемстваў, гэта наш гонар.

– Хачу адзначыць, што ўсе ўзнагароды – гэта не толькі мая заслуга, а падтрымка і педагагічнага калектыву, кіраўніцтва, дапамога бацькоў дзетак, якіх я навучаю, – гаворыць Алена Ігараўна. – Я прыйшла ў Дзятлаўскую дзіцячую школу мастацтваў у 2011 годзе. У Гезгалаўскім філіяле мне прапанавалі працаваць з ансамблем “Зорачкі”, у якім тады было чатыры вучні. І з таго часу мы пачалі напрацоўваць канцэртную праграму, паступова я набірала клас. Сёлета ў канцы лютага будзе ўжо наша чацвёртае пацвярджэнне звання “ўзорны ансамбль”.

Радуе, што некаторыя вучні і пасля заканчэння школы мастацтваў не губляюць сувязь з музыкай, а выбіраюць яе сваёй прафесіяй. Так, у гэтым годзе мая выпускніца Дзіяна Болбат ужо прыйшла да нас працаваць, набыўшы прафесію. Таксама Эльвіра Задзярэй, Алеся Кастусік, Яна Белавус вучацца ў каледжах. Некаторыя, выбраўшы не музычную спецыяльнасць, становяцца ўдзельнікамі ўніверсітэцкіх ансамбляў.

– Якімі яшчэ дасягненнямі можаце пахваліцца?

– 2025 год у нас выдаўся плённым і багатым на ўзнагароды. Юлія Болбат стала лаўрэатам І ступені на міжнародным конкурсе “ВуFest”, таксама яна прымала ўдзел у рэспубліканскім фестывалі навучэнцаў і педагогаў у Мінску “Пад крыламі Белай Русі”. Нэлі Санюк стала лаўрэатам ІІ ступені ў абласным конкурсе сельскіх школ мастацтваў, Ксенія Майсак атрымала дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім фестывалі “ЛьВёнок”. Хачу адзначыць, што гэтыя дзяўчынкі з’яўляюцца стыпендыятамі спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Малодшыя вучні паспяхова выступалі ў рэгіянальных і дыстанцыйных конкурсах.

– Вы з такім натхненнем расказваеце пра дзяцей. Любіце сваю работу?

– Вельмі люблю. Часам бывае складана, бо хочацца мець большыя вынікі. Але калі бачыш, што атрымаўся яркі, прыгожы канцэртны нумар, дасягаеш з дзецьмі поспеху ў конкурсах – разумееш, што гэта ўсё недарэмна.

– Як выбралі музыку справай жыцця? Ці яна сама выбрала вас?

– У дзяцінстве я хацела іграць на флейце, але матуля параіла скрыпку, бо сама ўмела на ёй іграць. Я згадзілася. У малодшых класах яна дапамагала мне авалодваць гэтым інструментам, за што ёй вельмі ўдзячная. А прыкладам для мяне і матыватарам у выбары прафесіі стала мая настаўніца Таццяна Мінько, з якой і цяпер падтрымліваем сувязь, сустракаемся.

– Лёгка навучыць дзіця іграць на скрыпцы, ці ўсё ж яму неабходна мець талент?

– Талент – гэта адзін са складнікаў, павінна быць жаданне і падтрымка бацькоў. Некаторым дзецям на пачатку навучання ўсё даецца цяжка, але яны сваёй настойлівасцю, карпатлівай працай праз год-два пераганяюць мацнейшых. Увогуле, музыка і музычная школа добра развіваюць мысленне, памяць.

– Якія планы ў працы і творчасці?

– Цяпер мы рыхтуемся да конкурсу дзіцячых і дарослых калектываў “Мелодыі Гродзеншчыны” ў горадзе Свіслачы (будуць выступаць дзіцячы калектыў “Зорачкі” і ансамбль настаўнікаў “Дзятлаўскі калейдаскоп”), да абласнога конкурсу сельскіх школ і рэспубліканскага фестывалю “ЛьВёнок”.

– На сцэне моцна хвалюецеся?

– Большае хваляванне ў мяне за вучняў, каб уся работа па падрыхтоўцы да выступлення была недарэмная. Яны расстройваюцца, але ў конкурсах заўжды перамагае мацнейшы, а гэта стымулюе, каб працаваць яшчэ больш.

– Чым у вольны ад работы час любіце займацца? Ці ёсць хобі?

–  Стараюся больш часу ўдзяліць сям’і, дачцэ. Любім адпачываць на дачы, сямейныя прагулкі, ездзім у госці да маіх бацькоў у Смаргонь, адкуль я родам. А маё галоўнае хобі, работа і прызванне – гэта музыка.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  #Годбелорусскойженщины

Похожие публикации