Дваццаць старшакласнікаў з розных установаў адукацыі Дзятлаўскага раёна атрымалі пасведчанні ўдзельнікаў моладзевага атрада аховы правапарадку.

Мерапрыемства па іх уручэнні прайшло ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, дзе навучэнцаў і педагогаў павітаў начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі.

Каб маладыя дзятлаўчане разумелі, што з гэтага часу заступаюць на важны і адказны шлях, Вадзім Васільевіч зрабіў для іх невялікі экскурс у гісторыю Беларусі як незалежнай дзяржавы, спыніўся на фарміраванні яе праваахоўнай сістэмы, пытаннях, звязаных з распрацоўкай і прыняццем законапраектаў. Расказаў пра Закон аб міліцыі і Закон аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якімі вызначаны задачы, што ўскладаюцца на органы МУС. Ахова грамадскага парадку – адна з першых сярод іх, і да яе вырашэння ў тым ліку прыцягваюцца грамадзяне нашай краіны. Адпаведны закон быў прыняты ў 2003 годзе, ён вызначае арганізацыйна-прававыя формы ўдзелу звычайных людзей у вырашэнні гэтых пытанняў.

Так, уступленне ў аб’яднанні грамадзян, якія садзейнічаюць праваахоўным органам, якраз мае на ўвазе фарміраванне моладзевых атрадаў аховы правапарадку. Ініцыятыва аб іх стварэнні ў свой час належала Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі. Цяпер навучэнцы, якія дасягнулі шаснаццаці гадоў, могуць уступаць у атрады МААП, займацца прафілактыкай правапарушэнняў і папярэджаннем супрацьпраўных паводзінаў у моладзевым асяроддзі, нясеннем службы па ахове парадку сумесна з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх у грамадскіх месцах і на мерапрыемствах, грамадзянска-патрыятычным выхаваннем моладзі і рэалізацыяй тэматычных праектаў.

Як прыклад падобнай работы Вадзім Шчурскі назваў ваенна-патрыятычны клуб “Мужнасць”, арганізаваны пры АУС Дзятлаўскага райвыканкама і сфарміраваны з навучэнцаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы. На ўзроўні рэспублікі ўдзельнікі клуба ўжо прадэманстравалі высокі ўзровень фізічнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі. Новым членам МААП Вадзім Васільевіч таксама пажадаў стараннай вучобы, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і поспехаў у дзейнасці па навядзенні і падтрыманні правапарадку ў раёне.

Наталля Маркава з раённага камітэта ГА “БРСМ” патлумачыла, што атрады МААП не толькі дапамагаюць праваахоўным органам, але і прымаюць удзел у прафілактычных акцыях, такіх як “Зімні патруль”, “Летні патруль”, а самыя актыўныя члены моладзевых атрадаў могуць атрымаць рэкамендацыю ад Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ”, якая дае ім перавагі пры залічэнні ў ВНУ або Акадэмію МУС. Дэвіз моладзевых атрадаў: “Мужнасць, адвага, Айчына, патрыятызм”. У кожнага, хто сюды ўступае, ён павінен знаходзіць водгук у сэрцы.

Пасведчанні новым удзельнікам атрада ўручыў Вадзім Шчурскі.

Намеснік начальніка АУС райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Юшкевіч павіншаваў школьнікаў і пажадаў ім быць годным прыкладам для іншых у вучобе, паводзінах, дысцыпліне, грамадскіх і патрыятычных справах.

Андрэй Яўгеньевіч адзначыў, што члены МААП – гэта яшчэ і кадравы патэнцыял для міліцыі, бо з юных гадоў дапамагаюць супрацоўнікам аддзела ў падтрыманні правапарадку. Ён расказаў юнакам і дзяўчатам аб перавагах прафесіі праваахоўніка і навучальных установах, дзе можна атрымаць міліцэйскія спецыяльнасці.

Больш дэталёва пагрузіцца ў атмасферу жыцця курсантаў акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь дапамог відэаролік, які паказалі прысутным.

Сваімі ўражаннямі аб вучобе ў акадэміі, карысным баўленні вольнага часу, праходжанні практыкі падзяліліся нашы землякі – курсанты-выпускнікі Дзмітрый Анішчык з Наваельні і Максім Кароль з Вензаўца.

Напрыканцы ў навучэнцаў была магчымасць пазнаёміцца з абмундзіраваннем і зброяй, якімі забяспечаны супрацоўнікі міліцыі, пафатаграфавацца на памяць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации