З 11 да 31 кастрычніка ў Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя  “Дай лесу новае жыццё!” пад эгідай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, якую падтрымаў і наш раён. Сёлетняя кампанія прысвечана Году добраўпарадкавання. Год таму новую акцыю па аднаўленні лесу адкрыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, з таго часу яна праходзіць ва ўсіх раёнах нашай краіны.

На Дзятлаўшчыне ў ліку першых да яе далучыўся калектыў райвыканкама на чале з яго старшынёй Андрэем Садоўскім.

Пераважная большасць каманды на пасадцы лесу – людзі вопытныя, тым не менш, яна пачынаецца з уводнага інструктажу па тэхніцы бяспекі, асаблівасцях высадкі лясных культур: такая работа патрабуе ўважлівасці і акуратнасці, каб дрэўцы максімальна добра прыжыліся. Нюансы работы патлумачыў галоўны лясніцы Дзятлаўскага лясгаса Канстанцін Дзісько.

Гэтым разам акцыя праходзіць на тэрыторыі Дзямянаўскага лясніцтва, дзе на зямельным участку плошчай 0,5 гектара будзе высаджана больш за 3650 саджанцаў сасны і бярозы.

– Садзіць дрэвы – гэта не проста работа, а місія: наш абавязак –зберагчы і памножыць лясы Дзятлашчыны, каб яна прыгажэла і надалей, каб нашы дзеці і ўнукі дыхалі чыстым паветрам, якое дае лес. Таму работнікі райвыканкама кожны раз актыўна ўдзельнічаюць у ёй, я сам садзіў лес практычна ў кожным з лясніцтваў раёна, увогуле ўжо больш за дзесяць разоў, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Нягледзячы на тое, што працэс знаёмы, кожны раз даведваюся нешта новае. Заўсёды выходзім на пасадку лесу адны з першых, падаём добры прыклад землякам, які, я ўпэўнены, падхопяць калектывы Дзятлаўшчыны. З другога боку, работа на прыродзе згуртоўвае, гэта выдатная магчымасць пабыць са сваімі калегамі ў нефармальнай абстаноўцы, зрабіць добрую справу і, нарэшце, проста атрымаць асалоду ад працэсу і хараства прыроды. Важна, каб да такой добрай ініцыятывы далучаліся не толькі дарослыя, а таксама школьнікі, якія навучацца такім чынам цаніць працу і багацце прыроды.

Андрэй Уладзіміравіч узгадаў, што сёлета было шмат зроблена для Дзятлаўшчыны ў межах Года добраўпарадкавання. Гэта работа будзе прадоўжана:

– У раёне не засталося аб’ектаў, дзе патрабуецца ўзмоцненая работа па навядзенні парадку, гэтаму паспрыяла размеркаванне сфер адказнасці за парадак паміж арганізацыямі. Праз тыдзень на Дзятлаўшчыне пройдзе раённы суботнік, у час якога навядзём парадак перад зімой і збяром грашовыя сродкі, якія будуць накіраваны на дапамогу ў правядзенні рамонтных работ у саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай  і далейшае добраўпарадкаванне аб’ектаў раёна.

Спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва Яўгенія Ярмаловіч ужо трэці раз удзельнічае ў акцыях лясгаса. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі:

– З радасцю адклікаюся на такую прапанову. Прыемна папрацаваць разам з калегамі, прыемна ўсведамляць, што робім добрую справу. Вельмі люблю гуляць у лесе, дыхаць свежым паветрам, збіраць грыбы. Буду з нецярпеннем чакаць, калі пасаджаны намі лес падрасце і можна будзе наведацца ў яго.

– Акцыя “Дай лесу новае жыццё!” была зацверджана ў Беларусі з мэтай аднаўлення пашкоджаных участкаў лесу, найперш, на ветравальна-бураломных лесасеках. На шчасце, наш раён не пацярпеў ад ураганнага ветру, таму ў час акцыі мы выконваем планавыя пасадкі. Таксама будуць праводзіцца работы па навядзенні парадку ў лесе, вызвалення яго ад загрувашчанасці. – расказаў Канстанцін Дзісько. – Аб’екты падабраны, падрыхтаваны пасадачны матэрыял і інвентар. Запрашаем усіх жадаючых далучыцца да карыснай справы.

Канстанцін Пятровіч выказаў спадзяванне, што асенняя акцыя стане не менш масавай, чым вясновая, якую падтрымалі больш за 250 чалавек. Плануецца высадзіць каля 30 тысяч саджанцаў сасны, бярозы, елкі, вольхі на 25 ўчастках. Будуць высаджвацца асноўныя для нашага раёна пароды дрэваў.

Акцыя “Дай лесу новае жыццё!” прадоўжыцца да канца месяца. Прыняць удзел у ёй могуць як калектывы, так і жыхары раёна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў Дзятлаўскі лясгас або лясніцтва па месцы жыхарства.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА

Похожие публикации