Categories: Падзеі

З верай у жыццё і людзей

Сёлета свой юбілейны дзень нараджэння святкуе былая настаўніца, мудрая, шчодрая на дабрыню жанчына, шчаслівая матуля і бабуля, стараста вёскі Чырвоны Бор Яўгенія Уладзіміраўна Філідовіч.

Нарадзілася Яўгенія ў 1947 годзе ў вёсцы Дзям’янавічы. Там жа скончыла васьмігодку. 9-10 класы наведвала ў вёсцы Моцевічы Лідскага раёна, куды праз Нёман яе штораніцы перавозіў на лодцы бацька. Дзяўчына расла кемлівая, навука давалася ёй лёгка, таму і марыла стаць настаўніцай. Аднак на той час вяскоўцам нялёгка было атрымаць накіраванне на вучобу. Яўгеніі давялося год адпрацаваць у мясцовым калгасе «Дружба» рахункаводам. Затым яна паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага інстытута па спецыяльнасці «настаўніца беларускай мовы і літаратуры».

Настаўніцкую дзейнасць пачала ў Парэцкай сельскай школе суседняга Лідскага раёна, затым настаўнічала ў Карытніцкай пачатковай, Дзям’янавіцкай базавай школах.

Замуж Яўгенія выйшла за Анатоля Філідовіча. Гэта яго дзед, Іосіф Філідовіч, ратуючы партызанскі шпіталь, завёў фашыстаў у балота ў час Вялікай Айчыннай вайны. Маладая сям’я жыла на хутары дзеда ў Пушчы Ліпічанскай. Адтуль настаўніцы штодзень даводзілася хадзіць на работу па 11 кіламетраў да Дзям’янавіцкай школы і назад. На хутары нарадзіліся старэйшыя дочкі Святлана і Алена.

Калі ў 1973 годзе Філідовічы набылі дом у вёсцы Чырвоны Бор, Яўгенія Уладзіміраўна перайшла працаваць у Чырвонаборскую пачатковую школу. Яна была першай настаўніцай сваіх старэйшых дачок. Строгая і патрабавальная да іх, матуля старалася, каб дзяўчынкі раслі годнымі людзьмі. Калі чырвонаборскую школу закрылі, Яўгенія Уладзіміраўна перайшла працаваць у Дзям’янавіцкую. Настаўнічала там да пенсіі, на заслужаны адпачынак выйшла ў 2003 годзе з пасады дырэктара, аддаўшы педагагічнай дзейнасці 38 гадоў жыцця.

Яўгенія Уладзіміраўна ніколі не ўмела сядзець склаўшы рукі. Пасля выхаду на пенсію яна стала нязменнай старастай вёскі Чырвоны Бор. Усе клопаты і праблемы мясцовых жыхароў — гэта яе клопаты. Яна не праходзіць міма чужой бяды, дапамагае аднавяскоўцам у складаных жыццёвых сітуацыях. Чулая, уважлівая, актыўная і працавітая — так яе характарызуюць знаёмыя. Чырвоны Бор — вёска невялікая: усяго каля двух дзясяткаў жылых хат. Вылучаецца яна дагледжанымі могілкамі, дабраўпарадкаваннем якіх вяскоўцы займаюцца талакой, усе разам прыбіраюць і паклонныя крыжы, што стаяць за аколіцай. Ціха ў Чырвоным Бары восенню і ўзімку, затое ажывае ён летам, калі да бабуляў з дзядулямі прыязджаюць унукі-праўнукі, часам завітваюць і артысты — работнікі культуры. Стараста вёскі ветліва прапаноўвае гасцям скарыстацца яе дваром, дзе і ладзяцца ўсе мясцовыя святы.

Улетку хата Яўгеніі Уладзіміраўны не пустуе. Дапамагчы матулі па гаспадарцы прыязджаюць яе чатыры дарослыя дачкі з сем’ямі, калі па чарзе, а калі і ўсе разам. Традыцыю збірацца за адным сталом на Каляды, Вялікдзень, Радуніцу ў гэтым доме таксама беражліва захоўваюць. Дочкі, зяці, дзевяць унукаў, двое праўнукаў дапамагаюць Яўгеніі Уладзіміраўне адчуваць сябе шчаслівай і патрэбнай. І яна стараецца парадаваць родных: нікога не адпускае дахаты з пустымі рукамі, шчодра надзяляе дамашнімі нарыхтоўкамі. Разнасолы, сушаныя грыбы, цыбуля і часнок, травяныя чаі — усё гэта назапашвае гаспадыня для сваіх родных і гасцей.

Яўгенія Уладзіміраўна — прыхільніца здаровага ладу жыцця. Заняцца гімнастыкай яна была вымушана, калі даведалася пра хворыя суставы. З таго часу прачытала нямала карыснай літаратуры, выпрацавала для сябе комплекс спартыўных практыкаванняў, якія выконвае штодзень. Яны дапамагаюць пенсіянерцы заставацца ў форме, мацуюць здароўе.

Чатыры дачкі Яўгеніі Уладзіміраўны — Святлана, Алена, Ала, Людміла — характарызуюць матулю, як вельмі працавітага чалавека. З дзяцінства яна і іх прывучала да працы, гадавала самастойнымі, дружнымі, адказнымі за сваё жыццё і жыццё блізкіх людзей. Усе яны выраслі годнымі людзьмі, атрымалі адукацыю, маюць уласныя сем’і, паспяхова працуюць. Яўгеніі Уладзіміраўне ў юбілейны дзень нараджэння родныя зычаць заставацца такой жа адкрытай, добрай да людзей, гасціннай, вясёлай.

І. КАЎКЕЛЬ

administrator

Recent Posts

Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

9 ліпеня член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй…

10 часов ago

“Дзень свабоды і памяці”

Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы 9 ліпеня прайшоў дыялог пакаленняў, прысвечаны дню вызвалення…

11 часов ago

Якое значэнне для дзятлаўчан мае дата 9 ліпеня?

Аляксандр Бургун, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна: – У Дзень Перамогі мы ўзгадваем продкаў, якія адстаялі…

13 часов ago

Незабыўныя старонкі ваенных гадоў. Горад Дзятлава сустрэў Дзень вызвалення

9 ліпеня каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку…

13 часов ago

О правилах поведения в цифровом пространстве

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

14 часов ago

Прамая тэлефонная лінія

14 ліпеня з 14 да 16 гадзін адбудзецца прамая тэлефонная лінія з начальнікам АУС Дзятлаўскага…

14 часов ago