Сёлета свой юбілейны дзень нараджэння святкуе былая настаўніца, мудрая, шчодрая на дабрыню жанчына, шчаслівая матуля і бабуля, стараста вёскі Чырвоны Бор Яўгенія Уладзіміраўна Філідовіч.

Нарадзілася Яўгенія ў 1947 годзе ў вёсцы Дзям’янавічы. Там жа скончыла васьмігодку. 9-10 класы наведвала ў вёсцы Моцевічы Лідскага раёна, куды праз Нёман яе штораніцы перавозіў на лодцы бацька. Дзяўчына расла кемлівая, навука давалася ёй лёгка, таму і марыла стаць настаўніцай. Аднак на той час вяскоўцам нялёгка было атрымаць накіраванне на вучобу. Яўгеніі давялося год адпрацаваць у мясцовым калгасе “Дружба” рахункаводам. Затым яна паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага інстытута па спецыяльнасці “настаўніца беларускай мовы і літаратуры”.

Настаўніцкую дзейнасць пачала ў Парэцкай сельскай школе суседняга Лідскага раёна, затым настаўнічала ў Карытніцкай пачатковай, Дзям’янавіцкай базавай школах.

Замуж Яўгенія выйшла за Анатоля Філідовіча. Гэта яго дзед, Іосіф Філідовіч, ратуючы партызанскі шпіталь, завёў фашыстаў у балота ў час Вялікай Айчыннай вайны. Маладая сям’я жыла на хутары дзеда ў Пушчы Ліпічанскай. Адтуль настаўніцы штодзень даводзілася хадзіць на работу па 11 кіламетраў да Дзям’янавіцкай школы і назад. На хутары нарадзіліся старэйшыя дочкі Святлана і Алена.

Калі ў 1973 годзе Філідовічы набылі дом у вёсцы Чырвоны Бор, Яўгенія Уладзіміраўна перайшла працаваць у Чырвонаборскую пачатковую школу. Яна была першай настаўніцай сваіх старэйшых дачок. Строгая і патрабавальная да іх, матуля старалася, каб дзяўчынкі раслі годнымі людзьмі. Калі чырвонаборскую школу закрылі, Яўгенія Уладзіміраўна перайшла працаваць у Дзям’янавіцкую. Настаўнічала там да пенсіі, на заслужаны адпачынак выйшла ў 2003 годзе з пасады дырэктара, аддаўшы педагагічнай дзейнасці 38 гадоў жыцця.

Яўгенія Уладзіміраўна ніколі не ўмела сядзець склаўшы рукі. Пасля выхаду на пенсію яна стала нязменнай старастай вёскі Чырвоны Бор. Усе клопаты і праблемы мясцовых жыхароў — гэта яе клопаты. Яна не праходзіць міма чужой бяды, дапамагае аднавяскоўцам у складаных жыццёвых сітуацыях. Чулая, уважлівая, актыўная і працавітая — так яе характарызуюць знаёмыя. Чырвоны Бор — вёска невялікая: усяго каля двух дзясяткаў жылых хат. Вылучаецца яна дагледжанымі могілкамі, дабраўпарадкаваннем якіх вяскоўцы займаюцца талакой, усе разам прыбіраюць і паклонныя крыжы, што стаяць за аколіцай. Ціха ў Чырвоным Бары восенню і ўзімку, затое ажывае ён летам, калі да бабуляў з дзядулямі прыязджаюць унукі-праўнукі, часам завітваюць і артысты — работнікі культуры. Стараста вёскі ветліва прапаноўвае гасцям скарыстацца яе дваром, дзе і ладзяцца ўсе мясцовыя святы.

Улетку хата Яўгеніі Уладзіміраўны не пустуе. Дапамагчы матулі па гаспадарцы прыязджаюць яе чатыры дарослыя дачкі з сем’ямі, калі па чарзе, а калі і ўсе разам. Традыцыю збірацца за адным сталом на Каляды, Вялікдзень, Радуніцу ў гэтым доме таксама беражліва захоўваюць. Дочкі, зяці, дзевяць унукаў, двое праўнукаў дапамагаюць Яўгеніі Уладзіміраўне адчуваць сябе шчаслівай і патрэбнай. І яна стараецца парадаваць родных: нікога не адпускае дахаты з пустымі рукамі, шчодра надзяляе дамашнімі нарыхтоўкамі. Разнасолы, сушаныя грыбы, цыбуля і часнок, травяныя чаі — усё гэта назапашвае гаспадыня для сваіх родных і гасцей.

Яўгенія Уладзіміраўна — прыхільніца здаровага ладу жыцця. Заняцца гімнастыкай яна была вымушана, калі даведалася пра хворыя суставы. З таго часу прачытала нямала карыснай літаратуры, выпрацавала для сябе комплекс спартыўных практыкаванняў, якія выконвае штодзень. Яны дапамагаюць пенсіянерцы заставацца ў форме, мацуюць здароўе.

Чатыры дачкі Яўгеніі Уладзіміраўны — Святлана, Алена, Ала, Людміла — характарызуюць матулю, як вельмі працавітага чалавека. З дзяцінства яна і іх прывучала да працы, гадавала самастойнымі, дружнымі, адказнымі за сваё жыццё і жыццё блізкіх людзей. Усе яны выраслі годнымі людзьмі, атрымалі адукацыю, маюць уласныя сем’і, паспяхова працуюць. Яўгеніі Уладзіміраўне ў юбілейны дзень нараджэння родныя зычаць заставацца такой жа адкрытай, добрай да людзей, гасціннай, вясёлай.

І. КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации