Выхаванцы дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава Мікіта Якімчык, Марк Жадзейка, Мацвей Конюх сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Я – даследчык” у намінацыі  “Мая Радзіма – Беларусь” і атрымалі трэцяе месца. Тэма іх даследавання “Чаму Аляксандр Бяленка лічыцца знакамітым чалавекам Дзятлаўшчыны?”. Журы адзначыла актуальнасць і крэатыўнасць іх работы.                                                                                                                        

А пачалося ўсё з таго, што аднойчы Мікіта са сваёй матуляй пабываў у вёсцы  Труханавічы і на адным старэнькім доме ўбачыў шыльду з надпісам. Аказалася, што тут  жыў знакаміты чалавек Дзятлаўшчыны – паэт Аляксандр Бяленка (псеўданім Нікіфар Жальба). У 2016 годзе па ініцыятыве паэтаў Гродзеншчыны ў межах правядзення абласнога фестывалю паэзіі на доме была размешчана памятная дошка, прысвечаная нашаму земляку.

Мікіта зацікавіўся, што асаблівага зрабіў гэты чалавек і чаму стаў знакамітым? У дзіцячым садзе хлопчык расказаў пра гэта сваім сябрам. А калі дзеці даведаліся, што выхавальніца групы Галіна Лішык – унучка паэта, з’явілася жаданне больш распытаць і ведаць пра яго.

Наведалі дзеці і  Дзятлаўскі раённы музей, дзе супрацоўнікі расказалі пра жыццё паэта, пазнаёмілі юных даследчыкаў з яго рукапісамі, паказалі часопісы, у якіх друкаваўся. Затым хлопчыкі вывучылі вершы Нікіфара Жальбы і выступілі перад выхаванцамі сада.

Правёўшы даследаванне, прыйшлі да высновы, што знакамітыя людзі – гэта тыя, хто любіць і праслаўляе сваю радзіму, народ і родную мову, таму іх трэба ведаць і памятаць.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации