Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшла дыялогавая пляцоўка “Саюз братніх народаў”.


Удзел у ёй прымалі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, намеснік старшыні раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Марына Лашкоўская, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Нікіпорчык, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза, дзятлаўчане.


Работніцы бібліятэкі Святлана Магера і Марына Крупіца расказалі, што сёлета адзначаецца 30-годдзе Дагавора аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, які заклаў падмурак саюзнага будаўніцтва і быў падпісаны 2 красавіка 1996 года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і першым Прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным у Маскве, а роўна праз год падпісалі яшчэ адзін – аб Саюзе Беларусі і Расіі. Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ўступіў у сілу 26 студзеня 2000 года. У наш час грамадзяне абедзвюх дзяржаў маюць роўныя правы на працаўладкаванне, сацыяльнае забеспячэнне, медыцынскае абслугоўванне, адукацыю, граніца паміж краінамі для іх адкрыта. Эканомікі дзяржаў дапаўняюць адна адну: ажыццяўляюцца сумесныя праграмы ў сферы высокіх тэхналогій, прамысловасці, энергетыкі. Рэгулярна праводзяцца форумы, фестывалі, канферэнцыі, умацоўваюцца духоўныя сувязі.

У 2023 годзе Дзятлаўская раённая бібліятэка падпісала Пагадненне аб міжнародным супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія ў Рэспубліцы Комі”. Першы тэлемост адбыўся ў лютым мінулага года ў фармаце літаратурнай вечарыны “Узор душы народнай” у рамках рускага праекта “Паэзія без межаў”, а ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі на базе райвыканкама прайшла анлайн-міжнародная відэаканферэнцыя “Гісторыя і будучыня пабрацімскіх адносінаў паміж Рэспублікай Комі і Рэспублікай Беларусь”.


На міжрэгіянальным супрацоўніцтве спынілася і Таццяна Нікіпорчык. Расказала аб падпісанні 18 мая 2024 года Пагаднення паміж раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і аддзяленнем савета жанчын Суаярвскага раёна “Северное сияние” рэгіянальнага аддзялення Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі “Саюз жанчын Расіі” Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі. Яно скіравана на абмен вопытам па сацыяльна-грамадскай і валанцёрскай дзейнасці. Арганізацыі дзеляцца інфармацыяй аб правах жанчын у сваіх краінах, паляпшэнні якасці іх жыцця, культурнай дзейнасці.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя зрабілі выснову, што Беларусь і Расію аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці, культурная спадчына, шчырае сяброўства, адзінства лёсаў і ўпэўнены погляд у будучыню.



Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае