У 8 гадзін раніцы 26 студзеня ўчасткі для галасавання на Дзятлаўшчыне пачалі сваю работу па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На ўчастку № 10 на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла работа пачалася згодна з рэгламентам з апячатвання скрыняў для галасавання, праверкі дакументацыі і ўсяго неабходнага для працэдуры галасавання. У асноўны дзень тут працуе выбарчая камісія ў саставе 11 чалавек, ажыццяўляюць работу наглядальнікі.

Падрабязней аб ходзе галасавання на ўчастку № 10 расказала старшыня камісіі Людміла Канавалік:

– Усяго на нашым участку зарэгістраваны 1548 выбаршчыкаў, упершыню галасуюць тут 7 чалавек. У час датэрміновага галасавання свой голас аддалі 45,5 % выбаршчыкаў нашага ўчастка, сярод якіх моладзь, пажылыя людзі і работнікі арганізацый райцэнтра. Найбольшая актыўнасць назіралася ў першы дзень датэрміновага галасавання: у аўторак свой выбар зрабілі больш чым 200 чалавек. Сёння чакаем не меншую актыўнасць землякоў. На выбарчым участку адбудзецца святочны канцэрт і працуе буфет. Верым, што ўсё пройдзе спакойна і канструктыўна, са свайго боку камісія робіць усё магчымае для гэтага.

Усе дні галасавання на ўчастку працуюць наглядальнікі – прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў раёна.

Наглядальнікі ад раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначылі, што галасаванне праходзіць у спакойнай атмасферы і адпавядае стандартам, вызначаным заканадаўствам нашай краіны. Выбаршчыкі прыходзяць на ўчастак у добрым настроі, часта са словамі ўдзячнасці членам камісіі за іх работу.

– Думаю, гэта звязана з тым, што людзі сочаць за навінамі, бачаць, што адбываецца ў свеце, у нашых суседзяў. Людзі параўноўваюць, робяць высновы і разумеюць, што выбары – гэта рэальны шанц для кожнага грамадзяніна паўплываць на будучыню сваёй краіны, – кажа Алеся Маркевіч.

Яе калега Алена Рынгель дадае:

– Мы прайшлі навучанне і ведаем, як дзейнічаць у выпадку парушэння выбарчага заканадаўства. Да цяперашняга моманту такіх выпадкаў выяўлена не было.

Нагадаем, што галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляць асабіста кожны грамадзянін, скарыстацца гэтым правам можна толькі адзін раз на працягу электаральнай кампаніі. Выбарчы бюлетэнь выдаецца толькі пасля прад’яўлення пашпарта або іншага дакумента, які пацвярджае асобу.

У асноўны дзень галасавання выбарчыя камісіі будуць працаваць да 20 гадзін без перапынкаў, таксама ў гэты дзень па папярэднім запісе ажыццяўляецца надомнае галасаванне.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Президент  #Выборы

Похожие публикации