Пышная зеляніна дрэў, птушыныя спевы, пах палявых кветак праз адчыненае акно, свежасць сонечнага ранка. Мара аб вясковай ідыліі сёння можа стаць рэальнасцю ўсяго за адну базавую велічыню для любога жадаючага, аднак пры гэтым пакупнікам трэба і самім імкнуцца ў далейшым добраўпарадкаваць свой “райскі куток”.

Некалькі дзесяцігоддзяў таму беларускія вёскі жылі і развіваліся, людзі трымалі вялікую гаспадарку, умелі працаваць і зарабляць на зямлі, але з часам “мода” на сельскае жыццё памянялася, і моладзь з невялікіх населеных пунктаў “перакачавала” ў гарады, а ў глыбінцы з кожным годам з’яўляюцца ўсё новыя нежылыя дамы.

– Дом без гаспадара трухнее, участак зарастае хмызняком, высокай травой, пагражаючы суседзям пажарамі ці падзеннем аварыйных дрэў, таму работнікам сельвыканкамаў як пярвічнаму звяну спецыялістаў, якія працуюць у рамках Указа № 116, даводзіцца весці з магчымымі спадчыннікамі доўгія і не заўжды выніковыя перапіскі аб неабходнасці даглядаць тэрыторыю, – расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Не ўсе спадчыннікі жадаюць укладваць сілы і грошы ў маёмасць, якая найчасцей знаходзіцца на значнай адлегласці ад іх месца жыхарства, часам гэтыя людзі даўно жывуць за мяжой ці ў памерлага гаспадара наогул не было блізкіх. Указ Прэзідэнта ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” рэгулюе пытанні па ўключэнні ў абарот невыкарыстоўваемых жылых дамоў і зямельных участкаў, а таксама спрашчае працэдуру іх набыцця грамадзянамі, у тым ліку за адну базавую велічыню. У шырокім значэнні гэта дапамагае падтрымліваць санітарны стан і прыгажосць у населеных пунктах, уключаць вызваленыя землі ў севаабарот гаспадарак. На Дзятлаўшчыне з моманту ўступлення указа ў законную сілу вядзецца работа па ўсіх яго напрамках. Пры райвыканкаме функцыянуе камісія па абследаванні стану жылых дамоў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. Сфарміраваны і пастаянна абнаўляецца рэестр пустуючых дамоў, у якім цяпер іх знаходзяцца 135. Гэта “кандыдаты” на знос або продаж. Безумоўна, у кожным канкрэтным выпадку стараемся знайсці аптымальны падыход: калі такая маёмасць можа паслужыць людзям, імкнёмся яе рэалізаваць ці перадаць у карыстанне, тым самым сэканоміць бюджэтныя сродкі. Добра ў сферы дзейнасці Указа № 116 спраўляюцца Новаяльнянскі, Дварэцкі, Казлоўшчынскі сельвыканкамы, старшынямі якіх з’яўляюцца Людміла Радзевіч, Канстанцін Вінцукевіч, Ала Гародка.

Спынюся і на лічбах: за 2024 год на Дзятлаўшчыне ў гаспадарчы абарот уведзена 109 дамоў, з якіх 47 былі знесены, на што патрачана 55 898 рублёў бюджэтных сродкаў, 16 – прададзены за адну базавую велічыню, 2 – з аўкцыёна (выручана 9349 рублёў), па дагаворах адчужэння спадчыннікамі рэалізаваны 44 дамы. Сёлета гэта работа прадоўжана. За бягучы перыяд сельвыканкамамі ў суд для прызнання дамоў пустуючымі пададзена 20 заяваў, судом прынята 19 рашэнняў, знесена 14 дамоў, на што патрачана 14 996 рублёў бюджэтных сродкаў, за адну базавую велічыню прададзена 8 дамоў, адзін – праз аўкцыён, па дагаворах адчужэння – 9.

Цікава было пагутарыць і са старшынямі сельвыканкамаў, даведацца пра ход работы на канкрэтных прыкладах.

– Калі заступала на пасаду, бачыла, што ў Наваельні ёсць струхнелыя дамы, – патлумачыла старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч. – У першую чаргу шукала іх спадчыннікаў, сустракалася з суседзямі. Варыянтаў заўжды некалькі, самы аптымальны, калі суседзі жадаюць выкарыстоўваць прылеглы ўчастак, дзе стаіць такі дом. У нас ёсць два станоўчыя прыклады: суседзі за свой кошт разабралі дамы, цяпер карыстаюцца зямлёй для агародніцтва, адзін з надзелаў нават перааформілі пад асабістую дапаможную гаспадарку. Сярод плюсаў падобных варыянтаў: участкі не зарастаюць, выкарыстоўваюцца, няма разваленага дома, які псуе краявід.

Дабротныя дамы без гаспадара стараемся прадаць. Летась за адну базавую велічыню рэалізавалі тры такія: два на ўскрайку пасёлка ўжо выкарыстоўваюць як дачы, адзін у цэнтры пасля завяршэння працэдуры пераафармлення ўчастка гаспадары плануюць знесці, пабудаваць на яго месцы новы дачны домік. На пакупку яшчэ двух дамоў знайшліся некалькі жадаючых – рэалізавалі іх праз аўкцыён. Адзін стаў дачай, другі плануюць рэканструяваць. Сёлета ў Наваельні не засталося дамоў, якія б падпадалі пад дзеянне Указа № 116. З гаспадарамі з прыватнага сектара, якія не жывуць у пасёлку пастаянна, наладжана сувязь, каб падтрымлівалі здавальняючы стан сваёй маёмасці і парадак на ўчастку. Да сумленных жыхароў прэтэнзій не маем. Пасёлак наш невялікі, хочацца, каб ён быў прыгожы.

– Люблю трымаць гаспадарку, займацца хатнімі справамі, летам з шасці гадзін раніцы я ўжо ў агародзе, – расказала сваю гісторыю ўладальніца ўчастка пад асабістую дапаможную гаспадарку Святлана Пачабыт. ­– Надзел гэты афармляем на сына Мікалая, ён таксама чалавек працавіты. Сілаў пакладзена шмат: дом разабралі і вывезлі смецце літаральна за месяц, аднак прадаўжаем работы па падсыпцы надзела прывазным грунтам. Участак знаходзіцца каля рачулкі, таму ідзе значны перапад вышыні: частка на горцы, частка – глыбока ў нізіне. Наша задача – выправіць гэта, тады паставім агароджу, пачнём добраўпарадкаванне: высадзім дрэўцы, зробім і зону адпачынку.

Калі землі Новаяльнянскага сельсавета – гэта выключна тэрыторыя гарпасёлка, то Дварэцкі сельскі савет – самы вялікі ў раёне і налічвае 43 населеныя пункты, тры з іх – Дварэц, Белагурна, Раготна – аграгарадкі, два – хутары, астатнія – вёскі.

– У Дварцы за адну базавую велічыню нядаўна прадалі дом, спадчыннікі якога жывуць у Польшчы і адмовіліся ад маёмасці, пакупнікі афармляюць зямлю і ўжо наводзяць парадак, яшчэ адно мясцовае безгаспадарнае домаўладанне сёлета плануем прадаць такім жа чынам і тры ў іншых кутках сельсавета, – расказаў аб рабоце ў рамках Указа № 116 старшыня сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч. – Найчасцей людзі маюць жаданне набыць дамы ў вёсках, якія знаходзяцца каля рэчкі ці чыгункі, як Коцькі, Агароднікі. Пераважаюць здзелкі куплі-продажу паміж спадчыннікамі і пакупнікамі. У населеных пунктах, дзе безгаспадарная маёмасць не карыстаецца попытам, дамы разбіраем, а зямлю, калі прылягае да палеткаў, уводзім у севаабарот. Калі ж да ўчастка, дзе ліквідаваны дом, няма пад’езду сельгастэхнікі, праз некалькі гадоў ён зноў можа зарасці хмызняком. Магчыма, выхад у тым, каб перадаваць такія надзелы ў карыстанне лясгаса, засаджваць дрэвамі.

Канстанцін Вінцукевіч арганізаваў невялікую “экскурсію” ў населеныя пункты, каб паказаць варыянты ўключэння ў абарот невыкарыстоўваемых жылых дамоў. У Харашках летась на ўскрайку поля сіламі ААТ “Граніт-Агра” разабралі дом, раёнам электрасетак тут былі зняты 12 апораў ЛЭП, зямля выкарыстоўваецца пад сяўбу. У Агародніках дом аформілі па дагаворы куплі-продажу і ўжо жывуць у ім, аналагічная сітуацыя ў аграгарадку Раготна, куды пераехаў і працуе ў мясцовай гаспадарцы жыхар Баранавічаў. “Паказальная карціна” ў невялікай вёсцы Пузавічы, дзе спачатку было знесена два дамы і ўключана ў севаабарот 0,4 гектара зямлі, аднак яшчэ заставаліся ўчасткі, якія выказалі намер выкарыстоўваць людзі, а на справе – запусцілі. За кошт дадаткова выдзеленых бюджэтных сродкаў надзелы ачышчаны (амаль два гектары) і таксама выкарыстоўваюцца гаспадаркай.   

Такая ж вандроўка адбылася і па тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета разам са старшынёй сельвыканкама Ігарам Кухарэвічам. Паказаць найбольш яркія прыклады ён запрасіў у вёску Кузьмічы. Адзін дом, што доўга прастаяў тут без выкарыстання, за базавую велічыню набыла работніца мясцовай гаспадаркі Святлана Блесіс, жыве ў ім з сям’ёй больш за год. На жаль, яе не засталі, пагутарыць са старшынёй выйшаў сын уласніцы. Другое домаўладанне амаль сорак гадоў “хавалася” за векавым дрэвам і хмызнякамі, яго збіраліся знесці. Нечакана ў сталіцы знайшоўся ўнук былога гаспадара, які вырашыў адрадзіць “радавое гняздо” пад дачу. Новы ўласнік правёў тытанічную працу: расчысціў участак, адрамантаваў дах, разабраў струхнелую частку дома. Наперадзе шмат работы, але яна паступова выконваецца, чысціня і на прылеглай тэрыторыі.

Як бачым, шляхі да сельскай ідыліі бываюць розныя, а прайсці іх па сілах тым, хто сумленна адносіцца да зямлі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации