Цікава і актыўна праходзяць канікулы ў адпачывальнікаў дзённага летніка “Вектар”, які функцыянуе на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі для школьнікаў 10-14 гадоў.


Акрамя спартыўных конкурсаў, гульняў і майстар-класаў, праз сустрэчы са спецыялістамі адпачывальнікі знаёмяцца з цікавым светам прафесій. Другі тыдзень змены таксама пачаўся з крэатыў-акцыі “Шлях да эфіру” ў рамках медыяпраекта “КУБ”. Правесці для юных дзятлаўчан прафарыентацыйную сустрэчу выхавальнікі “Вектара” запрасілі рэдактара аддзела рэдакцыі раённай газеты “Перамога” Ірыну Стырнік.



У час крэатыў-акцыі дзеці даведаліся шмат цікавага пра работу рэдакцыі, асаблівасці журналісцкай прафесіі, павучыліся фатаграфаваць і выканалі некалькі творчых заданняў. Яны падзяліліся на два інфармагенцтвы “Абаронцы прыроды” на чале з галоўным рэдактарам Віялетай Рынгель і “Камера, матор” на чале з Аленай Швец, расказалі, па якіх кірунках збіраюцца спецыялізавацца. Кожнае з агенцтваў у характэрным для яго жанры падрыхтавала артыкул на тэму “Змена-2025: вектар жыцця нашага звяна”. Творчымі заданнямі для пачынаючых журналістаў сталі артыкулы па матывах усім вядомай казкі “Калабок”. Свае літаратурныя здольнасці хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі і ў заданні “Бурымэ” пры складанні вершаў па прапанаваных рыфмах. Самыя смелыя паспрабавалі трымаць у руках прафесійную фотакамеру, найбольш гэта справа зацікавіла навучэнца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Дзмітрыя Максімчыка.













Напрыканцы дзеці змаглі задаць свае пытанні супрацоўніку рэдакцыі, а таксама падзяліліся ўласнымі ўражаннямі ад мерапрыемства.
Алена Швец:

– Мне спадабалася ствараць сваё агенцтва, падбіраць для яго назву і спецыялізацыю, складаць чатырохрадкоўі. Сёння я даведалася, што прафесія журналіста творчая і вельмі адказная, бо даволі няпроста пісаць цікавыя артыкулы і пры гэтым правяраць дакладнасць і праўдзівасць інфармацыі. Лічу, што ў перспектыве я змагла б “дарасці” да журналіста, пісаць тэксты і, магчыма, працаваць у прамым эфіры ў службе навін. Мне і маёй камандзе было весела і цікава. Нашу змену з прафарыентацыйнай мэтай ужо наведалі работнікі міліцыі, цяпер мы змаглі пагрузіцца ў асаблівасці медыйнай сферы, яшчэ хацелася б больш даведацца аб рабоце медыкаў.
Віялета Рынгель:

– Мне вельмі спадабалася наша сустрэча. Думаю, што таксама хачу стаць журналістам, бо гэта вельмі цікавая прафесія. Можна фатаграфаваць, пісаць артыкулы і заўсёды знаходзіцца ў цэнтры падзей. Няпроста было ствараць замалёўку, сачыняць вершы, аднак увесь час паобач знаходзіліся мае надзейныя памочніцы і сяброўкі Дар’я Грышаткіна і Анастасія Шавела.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара і Дзмітрыя МАКСІМЧЫКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#образование #Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае