Гэты прыгожы дзень лютага з белым сняжком і невялікім марозікам быў сагрэты шчырымі ўсмешкамі і цёплымі словамі віншавання, якія ў свой юбілейны дзень нараджэння прымала заслужаная работніца КСУП “Войневічы”, намеснік загадчыка МТК “Ёцавічы” Вольга Курбека.


– Шаноўная Вольга Лявонцьеўна, вы прысвяцілі рабоце ў жывёлагадоўлі раёна больш за трыццаць гадоў жыцця, не здрадзіўшы сваёй прафесіі і прызванню. Спадзяёмся, што гэта дзейнасць прыносіць вам задавальненне, а калектыў пастаянна радуе адносінамі да працы і вытворчымі вынікамі, – з віншаваннем і кветкамі звярнуўся да імянінніцы першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка. – Жадаем вам моцнага здароўя, жыццёвай энергіі і невычэрпнага энтузіязму.

Эстафету віншаванняў пераняў дырэктар КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык, а старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак уручыў юбілярцы грамату і грашовую прэмію ад раённага прафсаюза АПК.

Вольга Курбека расказала, што сама яна родам са Студзераўшчыны, у далёкім 1991-м звязала жыццё з сельскай гаспадаркай: пачала працаваць на мясцовай ферме спачатку аператарам машыннага даення, а праз некаторы час і загадчыцай. Ужо дзевяць гадоў яна другі па важнасці чалавек у штаце малочнатаварнага комплексу “Ёцавічы”, намеснік загадчыка.

– У чым сэнс вашай работы? – пытаю ў жанчыны.
– Найперш, дапамагаць людзям, каб ім камфортна і зручна працавалася. Таксама сачыць за тэхналагічным працэсам і афармляць дакументацыю. – Калектыў фермы вялікі, пад 35 чалавек, трэба кожнаму ўдзяліць увагу.
Вольга Лявонцьеўна – аптымістка па жыцці. Яна кажа, што ў сельскай гаспадарцы знайшла сваё прызванне, а на ферме “Ёцавічы” – сваю другую сям’ю.
– Кожны рабочы дзень езджу сюды з Горкі, але праблемы няма, бо наладжаны падвоз, – расказвае жанчына. – Трое дзяцей ужо выраслі. Яны паважаюць і разумеюць матуліну работу, але для сябе выбралі іншы шлях. Я з радасцю і прыемным чаканнем прыязджаю ў свой любімы калектыў, дзе ўсё працуе, як гадзіннік, дзе чакаюць калегі і сябры. Каб плённа працаваць у сельскай гаспадарцы, трэба шчыра любіць сваю справу, па-іншаму тут проста немагчыма.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga