25 кастрычніка важкі юбілей адзначае адзін з вопытных работнікаў сельскай гаспадаркі Дзятлаўскага раёна Мікалай Шых.
Цяпер ён з’яўляецца намеснікам начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а ўвогуле ў гэтай галіне працуе ўжо 29 гадоў, з іх у Дзятлаўскім раёне – больш за 14 гадоў.

Павіншаваць Мікалая Уладзіміравіча з 60-годдзем сабраліся кіраўніцтва раёна і калегі па аграпрамысловым комплексе. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ўручыў юбіляру Ганаровую грамату, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту, плёну ў працы, а таксама падзякаваў за эфектыўную і выніковую работу. І гэтаму ёсць прамое пацвярджэнне: менавіта ў сам дзень нараджэння Мікалая Шыха ўпершыню ў гісторыі раёна валавы збор зерневых і зернебабовых культур з улікам рапсу склаў 100 тысяч тон. І гэтая лічба не канчатковая, яна працягвае расці, бо поўным ходам яшчэ ідзе ўборка кукурузы. Як адзначыў сам імяніннік, гэта стала адным з лепшых падарункаў на юбілей.
У гэты знамянальны дзень Мікалай Уладзіміравіч быў адзначаны яшчэ адной прыемнай узнагародай. За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і ў сувязі з юбілейнай датай старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак уручыў яму грамату Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Уладзімір Фёдаравіч пажадаў імянінніку і надалей заставацца такім жа мэтанакіраваным, старанным, адданым усёй душой сельскай гаспадарцы, падзякаваў за плённае супрацоўніцтва.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga