Урачыстымі лінейкамі і адзіным урокам “Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучыню” ў школах Дзятлаўшчыны і ўсёй Беларусі 1 верасня пачаўся 2025-2026 навучальны год.

За парты ўстановаў адукацыі нашага раёна селі 1992 навучэнцы, для 153 з іх званок празвінеў упершыню.

Педагагічны калектыў Казлоўшчынскай сярэдняй школы, вучняў і іх бацькоў са Святам ведаў павіншавалі і прынялі ўдзел ва ўрачыстай лінейцы старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Георгій Ярмоліч.

Па добрай школьнай традыцыі ў гэты дзень у вялікую вучнёўскую сям’ю тут прынялі адзінаццаць першакласнікаў, якіх у свет ведаў павядзе настаўніца Ганна Шундрык.

Свята ведаў пачалося з Дзяржаўнага гімна, права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена камандзіру ваенна-патрыятычнага клуба “Мужнасць” Сямёну Адамчыку і ўдзельніцы клуба Юстыне Скрундзь.   

– Прыспеў час вярнуцца да заняткаў і новых адкрыццяў, – павітаў удзельнікаў лінейкі дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык. – Гэты дзень асабліва адметны для нашых першакласнікаў. Няхай кожны ўрок стане для іх часам новых адкрыццяў і пазнанняў. На новую ступень навучання пераходзяць пяцікласнікі, якіх сустрэлі новыя класныя кіраўнікі Іна Альшэўская і Таццяна Лазута. Для адзінаццацікласнікаў застаўся ўсяго год перад адказным выбарам прафесіі. Я жадаю, каб яны прынялі правільныя і ўзважаныя рашэнні. Спадзяюся, што для ўсіх гэты навучальны год будзе больш яркім і выніковым, чым мінулы, прынясе заслужаныя перамогі і ўзнагароды. Жадаю глыбокіх ведаў, развіцця талентаў, самаўдасканалення, а бацькам мудрасці і цярпення ў выхаванні дзяцей.     

– Дзень ведаў яднае ўсе пакаленні і захоўвае важную беларускую традыцыю – пераемнасці, – зазначыў Андрэй Садоўскі. – Свята гэта асаблівае для першакласнікаў, якія ўпершыню пераступаюць парог школы, а таксама для выпускнікоў, якім напрыканцы давядзецца здаваць цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванне, вызначацца з выбарам прафесіі.

Адукацыя ў Беларусі – аснова, без якой немагчыма развіццё грамадства і краіны. Яна перадае не толькі веды, але і каштоўнасці, дзякуючы якім мы захоўваем і памнажаем гісторыю дзяржавы, будуем нашу будучыню.

Мінулы навучальны год быў выніковы для Казлоўшчынскай школы: атрымана шмат перамог у конкурсах. Вы праслаўлялі Дзятлаўшчыну на абласных пляцоўках, па патрыятычным выхаванні сталі пераможцамі рэспубліканскага этапу. Шчырыя словы ўдзячнасці за гэта адрасую вучням, педагогам, бацькам. Упэўнены, што і гэты год для ўсіх стане не менш плённым.

Дзякую калектыву школы за навучанне і выхаванне дзяцей, бо вучыце іх галоўнаму: не толькі быць паспяховымі, але і годнымі людзьмі. Пра гэта сведчыць выпадак, што адбыўся на мінулым тыдні: пятнаццацігадовая навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы Вікторыя Куніцкая выратавала дзевяцігадовую дзяўчынку, якая танула на мясцовым возеры. Дзякую Вікторыі, яе маме і настаўнікам, бо выгадавалі сапраўдную патрыётку, якая, рызыкуючы жыццём, выратавала чалавека. Прынята рашэнне райвыканкама за гэты подзвіг уручыць Вікторыі медаль “За заслугі перад Дзятлаўшчынай”.

Урачыстую першавераснёўскую праграму ў Казлоўшчыне прадоўжыла выступленне першакласнікаў і іх дарослых сяброў – адзінаццацікласнікаў. На памяць малечы, якая прыйшла ім на змену, будучыя выпускнікі падарылі значкі з лагатыпам Казлоўшчынскай сярэдняй школы, а таксама падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі – кнігі “Беларусь – наша Радзіма”.

Першы ў гэтым годзе званок празвінеў у Казлоўшчыне ў выкананні адзінаццацікласніка Аляксея Якаўлева і першакласніцы Амеліі Цімафейчык.

У год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Год добраўпарадкавання мясцовых школьнікаў, як і ўсіх вучняў Беларусі, запрасілі на першы ўрок.

Ірына СТЫРНІК  

Фота Ірыны СТЫРНІК, Вольгі ЮШКЕВІЧ,  Наталлі АВЯРЧУК, Святланы ГРЫШЫНАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 #нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации