24 кастрычніка Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка сабраў на Віцебшчыне рабочую нараду, у час якой была разгледжана сітуацыя з падзяжом буйной рагатай жывёлы.
Гэтай тэме і пачатку зімне-стойлавага перыяду ўтрымання буйной рагатай жывёлы быў прысвечаны семінар-вучоба “Захаванасць і зніжэнне непрадукцыйнага выбыцця пагалоўя БРЖ”, які прайшоў пад эгідай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама з удзелам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Сустрэча прайшла на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу “Парэчча-777” КСУП “Хвінявічы”. Ён сабраў кіраўнікоў і спецыялістаў зоаветэрынарнай службы сельгаспрадпрыемстваў раёна, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і падведамасных арганізацый.
Нараду адкрыў Андрэй Садоўскі:

– Адпраўной кропкай, якая папярэднічала сённяшняй сустрэчы, стала нарада ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у час якой падверглася крытыцы ў тым ліку і Гродзенская вобласць. Дзятлаўскі раён па-ранейшаму ў верхняй палове абласнога рэйтынгу па вытворчасці малака, аднак і нам ёсць над чым працаваць.

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што невыпадкова месцам правядзення семінара стаў комплекс “Парэчча”, які пачаў функцыянаваць 12 гадоў таму і дагэтуль знаходзіцца ў выдатным стане. Вопытная каманда спецыялістаў жывёлагадоўлі гаспадаркі выступіла ў якасці спікераў.

Дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі прэзентаваў сваё прадпрыемства, якое трывала ўваходзіць у лік лідараў малочнай жывёлагадоўлі раёна.

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Сушко расказала аб стане жывёлагадоўлі ў сельгасарганізацыі. Яна адзначыла, што паслядоўнае выкананне патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту і ўважлівае стаўленне зоатэхнічнай службы да вытворчага працэсу на працягу многіх гадоў дало свой догатэрміновы вынік.
– Калі раней добрым вынікам лічыўся штогадовы надой у 4-5 тысяч тон малака ў год, то сёння асобныя пароды кароў маюць патэнцыял 10-12 тысяч тон, – адзначыла Марыя Сяргееўна.

Яна падрабязна спынілася на распрацоўцы рацыёна кармлення буйной рагатай жывёлы, які з’яўляецца базавай неабходнасцю для яе бяспечнага ўтрымання.


Яшчэ адным з немалаважных аспектаў папярэджання падзяжу буйной рагатай жывёлы з’яўляюцца ўмовы ўтрымання. У раёне быў распрацаваны і рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага перыяду. Аб захаванасці жывёлы ў КСУП “Хвінявічы” расказаў галоўны ветэрынарны доктар прадпрыемства Іван Апанасік. Ён засяродзіў увагу на комплексе прафілактычных мер, які праводзіцца ад нараджэння цялят да дарослага ўзросту, расказаў аб тым, якія вакцыны і медыкаменты прымяняюцца ў гэтым працэсе, падзяліўся знаходкамі ад беларускіх вытворцаў, якія не саступаюць у якасці замежным аналагам, пры гэтым з’яўляюцца таннейшымі ў дзясяткі разоў.


Начальнік раённай ветэрынарнай станцыі Баляслаў Кулеш адзначыў, што выяўлены прычыны непрадукцыйнага выбыцця і падзяжу буйной рагатай жывёлы, распрацаваны меры прафілактыкі, актуалізаваны схемы вакцынацыі ад вірусных і іншых захворванняў. Прышчэпкі праводзяцца своечасова ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна, гэты працэс на пастаянным кантролі адказных службаў. Пры гэтым не ўсе гаспадаркі максімальна раскрылі генетычны патэнцыял буйной рагатай жывёлы, ёсць рэзервы для павышэння прадукцыйнасці.
На прычынах выбыцця новацельнага пагалоўя спыніўся начальнік Дзятлаўскага РУП “Селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі” Сяргей Курман.

– Сёння мы яшчэ раз пацвердзілі простую ісціну: вырасціць дойную карову – дарагі і няхуткі працэс, да якога трэба падыходзіць комплексна, уважліва ставячыся да умоваў утрымання, кармлення, у тым ліку, якасці кармоў, вакцынацыі, нарэшце, вядзення дакументацыі, – адзначыў ён.
Вынік сустрэчы падвёў Андрэй Садоўскі:

– У цэлым, сітуацыя ў жывёлагадоўлі Дзятлаўшчыны радуе: пастаянна прыбаўляем па надоі малака, больш за 200 тон у суткі рэалізуем. Лідарам у раёне па-ранейшаму з’яўляецца ААТ “Граніт-Агра”, добры прырост паказваюць КСУП “Хвінявічы” і ААТ “Дварэц-Агра”. Усе мы разумем, што ў зімовыя месяцы малако – асноўная крыніца прыбытку ў сферы сельскай гаспадаркі. Стаўка робіцца не толькі на аб’ёмы, але і якасць малака. Як і заўсёды, шмат залежыць ад зладжанай каманднай работы зоатэхнічнай службы сельгаспрадпрыемстваў у тандэме са спецыялізаванымі арганізацыямі раёна.




Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски