Рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта 15 ліпеня 2024 года дзяржаўная ўстанова адукацыі “Новаяльнянская сярэдняя школа” перайменавана ў ДУА “Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук”.

Аляксандра Артамонаўна Шаўчук – заслужаны настаўнік БССР, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзілася яна 15 ліпеня 1922 года на хутары Кудзінаў Дубаўскага раёна Растоўскай вобласці. Яшчэ школьніцай марыла стаць настаўніцай. У 1938 годзе пасля заканчэння 8 класаў паступіла ў Пралетарскае педагагічнае вучылішча.

У 1942-м яе прызвалі ў рады Савецкай арміі ў якасці стралка-радыста і радыста-кадзіравальніка ў батальёне аэрадромнага абслугоўвання № 502, які размяшчаўся ў Паўночна-Каўказскай ваеннай акрузе. Удзельнічала ў баявых дзеяннях на Кубані, Каўказе, у Арменіі,  Мінеральных Водах,  Смаленскай і Калінінскай абласцях Расіі, у Літве ў званні малодшага сяржанта.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 31 мая 1946 года была ўзнагароджана медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і многімі юбілейнымі медалямі, нагрудным знакам “25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, Ганаровымі граматамі “50 гадоў СССР”, “30 гадоў з Дня Перамогі”. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 11 сакавіка 1985 года № 319169 за адвагу, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, “Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. 27 лістапада 1997 года ў Мінску ў ліку 22 ветэранаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў ёй імянны медаль Жукава.

З лютага 1948-га да 1977 года працавала ў Новаяльнянскай школе настаўніцай пачатковых класаў, ветэран педагагічнай працы.

24 жніўня 1965 года была адзначана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 24 жніўня 1965 года Аляксандры Артамонаўне Шаўчук прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школы БССР”, 30 снежня 1968 года яна ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства асветы Беларускай ССР “Выдатнік народнай адукацыі”.

Яна актыўна ўдзельнічала ў жыцці пасёлка і школы, з’яўлялася дэпутатам Новаяльнянскага пасялковага Савета, узначальвала камісію па народнай адукацыі і культуры, занесена ў Кнігу гонару Новаяльнянскага пасялковага Савета народных дэпутатаў.

Калектыў установы пачаў работу па прысваенні школе імя А. А. Шаўчук у 2022 годзе ў рамках праекта “Вялікія людзі новаяльнянскай зямлі”. Пошукава-даследчая дзейнасць адлюстравалася ў рабоце экспедыцыйных атрадаў 5-11 класаў. Сабраны матэрыял аб жыццёвым шляху ветэрана быў прадстаўлены на класных, інфармацыйных гадзінах, пры правядзенні экскурсій. Інфармацыя была прадстаўлена ў выглядзе адкрытага дыялогу паміж навучэнцамі 8-11 класаў і яе ўнучкай Марынай Юрчык, бібліятэкарам школы, у выніку створаны буклет “Жыццёвы шлях А. А. Шаўчук”.

Новаяльнянскай сярэдняй школе ў 2023 годзе прысвоены статус “Школа міру”. У прыватнасці, рэалізаваны міратворчы праект “Яе імя будзе насіць наша ўстанова адукацыі”. Быў арганізаваны даследчы пошук па ўспамінах відавочцаў, калег Аляксандры Шаўчук, адноўлены звесткі ў архіўных дакументах сельскага выканаўчага камітэта аб дзейнасці яе як дэпутата народнага Савета і шматлікіх узнагародах. У выніку створана даследчая работа “Лёс краіны ў руках настаўнікаў”, якая адзначана дыпломам I ступені на абласным конкурсе “Край Гарадзенскі”, на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць” – таксама дыплом I ступені. Праект “Лёс настаўніка ў лёсе краіны” прадстаўлены на першым пасяджэнні дэпутатаў VII склікання моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, апублікаваны ў “Настаўніцкай газеце”, у раённай газеце “Перамога”. Зроблена прэзентацыя і відэаролік “Жыццёвы шлях А. А. Шаўчук”, які ўвайшоў у віртуальную кнігу “Памяць. Мы ганарымся вамі” ўстановы адукацыі.

Пошукавым атрадам “Краязнаўца” знойдзена інфармацыя пра Аляксандру Шаўчук у інфармацыйнай сістэме “Памяць народа”, створанай Дэпартаментам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі па ўвекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны, музейным комплексе “Дарога памяці”, “Музеі Перамогі” ў Маскве (экспазіцыя “Асобы Перамогі”), у музеі Галоўнага храма Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.

У школьным музеі “Дзеці ліхалецця” ёсць экспазіцыя, на сайце ва ўкладцы “Мы імі ганарымся” размешчана інфармацыя аб жыццёвым шляху і заслугах Аляксандры Артамонаўны Шаўчук.

У школьнай бібліятэцы рэалізуецца праект “Памяць жывая”, створаны інфармацыйны стэнд “Лёс настаўніцы А. А. Шаўчук у лёсе роднага краю”.

Аляксандра Артамонаўна – настаўніца, якая прайшла Вялікую Айчынную вайну, стала здабыткам Беларусі і Расіі і, самае галоўнае, гераічным прыкладам для школы, для ўсіх пакаленняў педагогаў і вучняў. Прысваенне яе імя  школе  будзе спрыяць не толькі ўвекавечанню памяці аб ёй, але і паслужыць прыкладам для падрастаючага пакалення, эталонам духоўнага росту.

Алена КРУГЛОВА,
дырэктар Новаяльнянскай школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации