Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі адбылося пасяджэнне камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, якая працуе пры райвыканкаме, прайшоў і семінар-вучоба па тэме “Выкананне заканадаўства аб ахове працы”.
Удзел у пасяджэнні прымалі кіраўнікі арганізацый і гаспадарак раёна, спецыялісты па ахове працы.
Разгледзелі інфармацыю аб выніках работы рэйдавай групы тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ў чэрвені праводзіла маніторынг у Дзятлаўскім раёне.
Аб асноўных парушэннях пры наведванні арганізацый расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка. Сярод іх былі хібы ў вядзенні дакументацыі, неадсочванне актуальнасці нарматыўнай базы, незахаванне тэрмінаў правядзення ці адсутнасць інструктажоў, невыкарыстанне спецадзення і абутку, незачыненыя электрашчытавыя і іншыя.





Што зроблена па ўхіленні недахопаў, расказалі спецыялісты арганізацый, дзе яны выяўлены.
У час семінару-вучобы патрабаванні правілаў па электрабяспецы нагадаў і прывёў прыклады нядаўніх выпадкаў траўматызму начальнік раённай энергагазінспекцыі Вячаслаў Кець.


Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык патлумачыў, якіх мераў супрацьпажарнай бяспекі прытрымлівацца, каб не стаць ахвярамі агню, пазбегнуць урону ад яго. Асаблівую ўвагу заклікаў звяртаць на праходжанне спецыялістамі пажарна-тэхнічнага мінімуму для допуску да пэўных відаў работ, а таксама наяўнасць спраўных вогнетушыцеляў у вытворчых памяшканнях і на тэхніцы. Частку свайго выступлення начальнік РАНС прысвяціў бяспецы ў час жніва, пры складаванні кармоў, скірдаў саломы.


Як бяспечна падрыхтавацца да ўборачнай кампаніі і правесці яе ў штатным рэжыме, нагадаў галоўны спецыяліст сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі. Увагу прысутных ён звярнуў на тое, што трэба больш сур’ёзна сачыць за выкарыстаннем работнікамі спецадзення і абутку, абавязкова праводзіць кантроль тэхнікі перад яе выхадам у поле, своечасова запаўняць дакументацыю.

Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч пералічыў парушэнні, якія пракуратура і ратаўнікі выявілі ў гаспадарках пры праверцы: адсутнасць абароны на жатках камбайнаў, талонаў аб праходжанні ПТМ, перадрэйсавых медаглядаў, перавозка збожжа без тэнту, правядзенне без адпаведнага допуску зварачных работ, няспраўнасць шлангаў на вогнетушыцелях, адкрыты доступ да электрашчытоў, незапаўненне журналаў сушкі, іншае. Рыхтуецца прадстаўленне пракуратуры.


Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік падзякаваў выступоўцам за слушныя парады, адзначыў, што работа рэйдавых груп ФПБ – гэта своеасаблівая метадычная дапамога кіраўнікам і спецыялістам па ахове працы, бо выяўляюцца незаўважаныя раней моманты, на якія належыць звярнуць увагу, каб павысіць бяспеку, палепшыць умовы для работнікаў.


Падводзячы вынікі сустрэчы, Вадзім Бялятка падкрэсліў, што фармалізм пры ахове працы недапушчальны, у гэтым кірунку вядзецца сур’ёзная работа, аднак яшчэ ёсць нюансы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga