26 лістапада пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім разгледжаны тры пытанні.

Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны ў студзені-верасні 2025 года расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. Яна зазначыла, што ў справаздачны перыяд эканоміка раёна развівалася паступальна і збалансавана, захоўваючы станоўчую дынаміку, дасягнуты ўстаноўленыя параметры асноўных мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, аднак не ўдалося дасягнуць некаторых дадатковых паказчыкаў.

Так, за дзевяць месяцаў у сельскай гаспадарцы выраблена валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму 154,6 мільёна рублёў. Тэмп росту быў вышэйшы за мінулагодні і склаў 103,8 %, аднак не дасягнута планавая лічба 106,7 %. Звыш 100 % тэмп росту адзначаўся ў ААТ “Дварэц-Агра” – 105,4 % пры заданні 106,7 % і ААТ “Граніт-Агра” – 117,7 % пры заданні 107,8 %.  У разрэзе галінаў у жывёлагадоўлі ён склаў 108,6 %, дзе забяспечаны рост прадукцыі вырошчвання БРЖ на 104,4 % (3455 тон), свіней на 114 % (1531 тона), малака на 108,9 % (62 196 тон). Рост малака атрыманы ва ўсіх гаспадарках, акрамя КСУП “Жукоўшчына”, а вырошчвання БРЖ – акрамя ТАА “РоданАграПол”. Лідары па малаку – “Граніт-Агра” і ТАА “РоданАграПол”. Вынік у раслінаводстве – 98,2 %, што абумоўлена зніжэннем вытворчасці рапсу з-за змяншэння ўраджайнасці, бульбы – з-за змяншэння ўборачных плошчаў, асноўная ж прычына зніжэння вытворчасці прадукцыі раслінаводства – спазненне тэрмінаў уборкі кукурузы на сілас і збожжа, адпаведна змяншэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі травяністых кармоў. У студзені-верасні бягучага года адзначалася станоўчая дынаміка фінансавых вынікаў сельгаспрадпрыемстваў раёна, забяспечана прыбытковая іх работа: выручка ад рэалізацыі прадукцыі павялічылася на 19 мільёнаў 200 тысяч рублёў, пераважна за кошт рэалізацыі малака.  

У прамысловасці за гэты ж перыяд індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 105,1 % пры заданні 104,8 %. Не забяспечылі выкананне бізнес-планаў ААТ “Новаяльнянскі КХП” і “Дварэцкі льнозавод”, аднак па выніках года яны павінны справіцца за кошт заключэння дагавораў з новымі пакупнікамі.

Індыкатарам работы эканомікі з’яўляецца і знешнеэканамічная дзейнасць. У вызначаны перыяд экспарт тавараў па раёне склаў 16,5 мільёна долараў ЗША або 143,4 %, экспарт паслуг – 5,8 мільёна долараў ЗША або 127,4 %. Павысілася доля продажу айчынных харчовых і нехарчовых тавараў на тэрыторыі раёна. Драйвер развіцця эканомікі – гэта інвестыцыі, за дзевяць месяцаў іх у асноўны капітал прыцягнута 88,6 мільёна рублёў, тэмп росту – 131,6 %. Структура складалася з мантажна-будаўнічых работ, затрат на набыццё машын і абсталявання і іншых.

Тэмп росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ у студзені-верасні – 130,6 %, або 32,9 мільёна рублёў (пры заданні 102,0 %). Уведзена ў эксплуатацыю 503 метры квадратныя жылля індывідуальнага будаўніцтва. Пачата рэканструкцыя нежылога будынка ў гарпасёлку Наваельня пад шматкватэрны жылы дом плошчай 774 метры квадратныя.

Тэмп росту намінальнай заработнай платы ў раёне ў студзені-верасні склаў 117,5 %. Адзначаецца нізкі ўзровень рэгіструемага беспрацоўя: на 1 кастрычніка – 0,2 % ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, усяго ж у эканоміцы раёна былі заняты 9682 чалавекі.

Асноўнымі фінансавымі паказчыкамі любога прадпрыемства з’яўляюцца выручка, чысты прыбытак, рэнтабельнасць продажаў. За студзень-верасень 2025 года ў цэлым па раёне атрымана 511,3 мільёна рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, тэмп росту – 106,3 %, чысты прыбытак – 62,6 мільёна рублёў. Са стратамі спрацавалі ААТ “Будкомплекс” і ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, аднак у кастрычніку апошні быў ужо прыбытковы.

У раёне рэалізуецца план мер райвыканкама па асноўных напрамках энергазберажэння. За дзевяць месяцаў было прадугледжана ўкараненне 15 энергазберагальных мерапрыемстваў, выкананы 12. Да канца года раённым прадпрыемствам і арганізацыям належыць ажыццявіць яшчэ восем мерапрыемстваў у гэтым кірунку.

Нягледзячы на складанасці, у раёне ёсць магчымасці для стабільнага і ўстойлівага развіцця эканомікі, выканання даведзеных паказчыкаў, павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

У час абмеркавання тэмы Андрэй Садоўскі звярнуў увагу прысутных на абавязковасць выканання паказчыкаў па энергазберажэнні, падкрэсліў, што з раённага бюджэту ажыццяўляецца грунтоўная падтрымка сацыяльнай сферы, у тым ліку для ўстаноўкі новых вокнаў, замены свяцільняў на энергазберагальныя. Яшчэ адзін напрамак, дзе варта прыкласці намаганні, – раслінаводства, і для гэтага ёсць усе магчымасці. Засяродзіў увагу кіраўнік раёна і на тым, што неабходна выконваць даведзеныя заданні па пазабюджэтнай дзейнасці. З улікам заўваг рашэнне па тэме было прынята.

Вынікі выканання бюджэту раёна за дзевяць месяцаў падвяла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала. За справаздачны перыяд у яго паступіла 41 мільён 152 тысячы рублёў уласных даходаў і паступленняў, на 67,1 % забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана. Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана за кошт паступленняў падаходнага падатку з фізічных асоб, на дабаўленую вартасць, уласнасць, прыбытак. Праводзіцца работа па прыцягненні непадатковых даходаў (3 мільёны 436 тысяч рублёў). З вышэйстаячага бюджэту атрымана 16 мільёнаў 919 тысяч рублёў. У структуры расходаў 77,9 % прыпадае на фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязацельстваў. Бюджэтнымі ўстановамі ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымана 735 тысяч рублёў. Крэдыторская запазычанасць на 1 кастрычніка склала 419 тысяч рублёў. Кансалідаваны бюджэт раёна ў справаздачны перыяд выкананы з дэфіцытам у 3 мільёны 941 тысячу рублёў.

Аб ходзе рэалізацыі ў раёне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” расказаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. На 20 лістапада ў Адзіным рэестры пустуючых дамоў на тэрыторыі Дзятлаўшчыны знаходзяцца 167 дамоў (сёлета ўключаны 94). Інфармацыя аб іх размяшчалася ў раённай газеце і на сайце райвыканкама. У суд Дзятлаўскага раёна пададзена 25 заяў аб прызнанні жылых дамоў безгаспадарнымі і 52 – аб прызнанні вымарачнай спадчынай і перадачы ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Па рашэннях суда 77 дамоў перададзены ва ўласнасць сельсаветаў. Па ўказе  № 116 знесена 35 дамоў у сельсаветах і тры – у райцэнтры, прададзены 21 пустуючы дом. На рэалізацыю ўказа ў бюджэтах сельсаветаў было прадугледжана 49 800 рублёў, асвоены 43 764, ад продажу дамоў выручана 4 452 рублі.

У 2025 годзе 60 дамоў выключаны з рэестра пустуючых у сувязі са зносам, продажам або атрыманнем апавяшчэнняў аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання, уцягнута ў сельскагаспадарчы абарот 1,87 гектара зямлі, пасля зносу аддзелам землеўпарадкавання райвыканкама вызваленыя ўчасткі плошчай 4,686 гектара ўключаны ў пералік свабодных, якія могуць быць прадастаўлены для іншых мэт без аўкцыёну.

Рахункуючы тэму, Андрэй Садоўскі як станоўчую адзначыў работу Данілавіцкага, Дзятлаўскага, Жукоўшчынскага сельвыканкамаў. Усім, хто працуе ў рамках указа, нагадалі таксама, што зносіць дамы трэба па-гаспадарску, з захаваннем урадлівага слою глебы, каб потым максімальна эфектыўна ўключаць вызваленыя землі ў севазварот гаспадарак.   

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации