Пад старшынствам кіраўніка райвыканкама Андрэя Садоўскага прайшло пасяджэнне камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.

Была заслухана справаздача начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Веранікі Чэпукойць аб выкананні плана мерапрыемстваў па супрацьдзеянні карупцыі ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце і падпарадкаваных яму арганізацыях у 2024 годзе, а таксама аб выяўленых парушэннях карупцыйнай накіраванасці ў раёне за студзень-красавік 2025 года. Разгледжаны ключавыя пытанні, якія датычацца забеспячэння празрыстасці і законнасці ў дзейнасці дзяржаўных арганізацый, асаблівасці пры запаўненні дэкларацый аб даходах і маёмасці дзяржаўных служачых, своечасовае вызначэнне карупцыйных рызык і мер па іх нейтралізацыі і іншыя.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта Вольга Рагачова расказала аб сумеснай рабоце аддзела і рэдакцыі газеты “Перамога” па стварэнні атмасферы непрыняцця карупцыі ў грамадстве ва ўсіх яе праявах. Сярод формаў работы практыкуюцца Адзіныя дні інфармавання па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах арганізацый раёна, сустрэчы і адкрытыя дыялогі, апытанне насельніцтва, асвятленне ў сродках масавай інфармацыі. У мінулым годзе на сайце газеты і ў яе друкаваным варыянце выйшла 38 матэрыялаў, сёлета ўжо 20, якія інфармуюць аб магчымых учынках, што вядуць да парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства, і адказнасці за іх.

Немалаважным з’яўляецца кантроль за падведамаснымі арганізацыямі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў сферы закупак тавараў за кошт уласных і бюджэтных сродкаў. Пракурор раёна Віталій Юрго пацікавіўся ў галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Веранікі Кажала, якія найбольш частыя недапрацоўкі яна выяўляе ў выніку маніторынгаў.

– Няпоўнае запаўненне патрабаванняў пры падачы заяўкі, несвоечасовае выстаўленне на пляцоўку даведкі аб праведзенай закупцы. На гэтыя моманты неабходна звярнуць увагу спецыялістам па закупках, – адзначыла Вераніка Мікалаеўна.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падтрымаў ініцыятыву кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія навучаюць па некалькі работнікаў правілам правядзення закупак, адзначыў, што ў спецыялістаў павінна быць магчымасць дапамагчы адзін аднаму, замяніць у перыяд адсутнасці асноўнага адказнага. Таксама Андрэй Уладзіміравіч унёс прапанову аб стварэнні юрыдычных аддзелаў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

– Барацьба з карупцыяй, як важная дзяржаўная задача, патрабуе асаблівай і пастаяннай увагі ад кожнага з нас, толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць станоўчых вынікаў, – падагульніў вынікі пасяджэння камісіі кіраўнік раёна.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga