Сёлета сельгаспрадпрыемства вырасціла дастойны ўраджай агародніны. Своечасова ўбраць яго гаспадарцы дапамагаюць арганізацыі раёна.

Добрую справу падтрымаў і калектыў райвыканкама пад кіраўніцтвам яго старшыні Андрэя Садоўскага.

Для кожнага з удзельнікаў працоўнага дэсанта дапамога сельгаспрадпрыемствам – справа не новая, гэта добрая магчымасць на некаторы час пакінуць кабінеты і папрацаваць на зямлі, на свежым паветры. Спецыялісты райвыканкама ацанілі сёлетні ўраджай і падзяліліся добрым настроем.

Юрый Бортнік, намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама:

– Дапамагаць сельгасарганізацыям раёна ва ўборцы ўраджаю – гэта добрая традыцыя, якая даўно склалася на Дзятлаўшчыне. З улікам сёлетніх няпростых кліматычных умоваў ураджай атрымаўся някепскі, цяпер важна своечасова яго сабраць і захаваць. У гэтым годзе я ўпершыню ўдзельнічаю ў такім мерапрыемстве, але, думаю, яшчэ сюды прыеду разам з калегамі вырэзваць капусту, якая таксама ўрадзіла.

Вячаслаў Сарачынскі, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама:

– Пастаянна выязджаю з калектывам на ўборку сельгаспрадукцыі, стараюся не прапускаць такія мерапрыемствы. Умею капаць бульбу, убіраць буракі, моркву, цыбулю. Хоць яшчэ нядаўна ўсіх напалохаў невялікі дожджык, цяпер усё выдатна: працуецца лёгка, весела і дружна. Перамена дзейнасці – зарад бадзёрасці і добрага настрою. Тым больш прыемна збіраць такі добры ўраджай. А вось набываць агародніну ў магазіне патрэбы няма: жыву ў сваім доме, усе культуры садзім на прысядзібным участку, нашай сям’і на зіму хапае. 

Сёлета ў КСУП “Жукоўшчына” было пасаджана па два гектары морквы і сталовых буракоў, тры – цыбулі, пяць – капусты і 45 – бульбы. У гаспадарцы ўжо паспелі ўбраць усю цыбулю і буракі, бульбу – на 88 %. У самым разгары ўборка морквы і капусты.

Як адзначыла намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Ірына Красоўская, іх сельгаспрадукцыя карыстаецца высокім попытам на кірмашах, якія праходзяць на Дзятлаўшчыне штотыдзень:

– За час сезонных кірмашоў, а таксама ў нашых магазінах у аграгарадках Жукоўшчына і Гезгалы былі рэалізаваны 21 тона бульбы, 1600 кілаграмаў цыбулі, 1380 – морквы, 3400 – капусты, 2200 – буракоў. Таксама будзем пастаўляць сваю прадукцыю на кірмаш, які адбудзецца ў гэту суботу. Усе, хто не паспее набыць агародніну на кірмашах, могуць гэта зрабіць у нашых профільных магазінах у любы час.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #АПК #сельское хозяйство

Похожие публикации