У зале пасяджэнняў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама адбылася нарада, на якой былі падведзены вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2025 год. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Віталій Стасюкевіч і намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Бялятка.

– У 2025 годзе супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама прымаліся меры арганізацыйнага характару, а таксама праводзіліся неабходныя практычныя мерапрыемствы, якія дазволілі забяспечыць належны ўзровень грамадскай бяспекі, абарону асабістых і маёмасных інтарэсаў грамадзян, выканаць задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і міністрам унутраных спраў, – адзначыў начальнік аддзела Вадзім Шчурскі, адкрываючы пасяджэнне. – Праведзены аналіз аператыўна-службовай дзейнасці. У справаздачным перыядзе замацавана станоўчая дынаміка зніжэння агульнай колькасці рэгіструемых злачынстваў са 130 да 108 (тэмп зніжэння склаў 16,9 %); лініі крымінальнага вышуку – з 65 да 44; лініі іншых службаў – з 23 да 10; у сельскай мясцовасці – з 76 да 47; асобамі, якія маюць судзімасць, – з 33 да 21. Дасягнуты станоўчыя вынікі і па іншых напрамках службовай дзейнасці.

Аднак, нягледзячы ў цэлым на станоўчую ацэнку дзейнасці, на тэрыторыі раёна адзначаюцца і негатыўныя тэндэнцыі па наступных кірунках: удзельная вага злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, склала 44,9 % ад агульнай колькасці расследаваных злачынстваў, што вышэй за сярэднеабласны паказчык (23,2 %); зарэгістравана асабліва цяжкае злачынства катэгорыі супраць жыцця і здароўя – забойства.

Практыка 2025 года паказала, што работа па папярэджанні распаўсюджвання ў грамадстве і рэгіёне такой сацыяльнай з’явы, як п’янства, і злоўжыванне асобнымі катэгорыямі грамадзян алкаголем патрабуе пастаяннага ўдасканалення. У мэтах замацавання наяўных пазітыўных напрацовак у 2026 годзе бачыцца неабходным асноўныя намаганні засяродзіць на наступных напрамках службовай дзейнасці: папярэджанне злачынстваў катэгорыі “хатні гвалт”, злачынстваў асобамі ў стане алкагольнага ап’янення; своечасовае прымяненне мер прэвентыўнага ўздзеяння ў дачыненні да ўсіх катэгорый грамадзян, не занятых у эканоміцы, з мэтай іх працаўладкавання; усебаковае ўзаемадзеянне з грамадзянамі з боку ўчастковых інспектараў міліцыі і тлумачэнне ім мер бяспекі і дзеючага заканадаўства з мэтай папярэджання і недапушчэння супрацьпраўных паводзін як з іх боку, так і ў дачыненні да саміх грамадзян, забеспячэнне дарожнай бяспекі.

Віталій Стасюкевіч падзякаваў супрацоўнікам за праведзеную работу, даў ацэнку ўсім напрамкам праваахоўнай дзейнасці аддзела ўнутраных спраў, указаў на прычыны дапушчаных недапрацовак і даў парады па паляпшэнні эфектыўнасці дзейнасці асобных падраздзяленняў. Асаблівую падзяку выказаў Вадзіму Бялятку і Вадзіму Шчурскаму за ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, у прыватнасці за высокі ўзровень падрыхтоўкі выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба АУС Дзятлаўскага райвыканкама “Мужнасць”.

Вадзім Бялятка ў сваім выступленні адзначыў наладжанае ўзаемадзеянне ў сацыяльнай сферы і належнае падтрыманне правапарадку на тэрыторыі раёна пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў. Падзякаваў супрацоўнікам за праведзеную работу па падтрыманні правапарадку на тэрыторыі горада Дзятлава і раёна, пазначыў асноўныя напрамкі сумеснай дзейнасці ва ўзаемадзеянні з усімі суб’ектамі прафілактыкі па пераадоленні негатыўных тэндэнцый.

Мерапрыемства завяршылася цырымоніяй узнагароджання лепшых супрацоўнікаў аддзела, якія дасягнулі высокіх вынікаў у службовай дзейнасці.



Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае