Палепшыць жыллёвыя ўмовы можна шляхам атрымання ў карыстанне арэнднага жылля. Атрымаць у валоданне і карыстанне арэнднае жыллё можа любы грамадзянін, аднак пераважнае права на гэта маюць пэўныя катэгорыі. Першачарговае права атрымаць яго на час працоўных адносін маюць маладыя спецыялісты, якія навучаліся на бюджэце, а таксама іншыя катэгорыі грамадзян, якія не маюць жылля па месцы працы або службы (артыкул 111 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2014 года № 1297 “Аб прадастаўленні арэнднага жылля”, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2020 года № 339 “Аб грамадзянах, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне арэнднага жылля”).

Каб прэтэндаваць на атрыманне арэнднага жылля, неабходна прытрымлівацца наступнага алгарытму:

1. Даведацца аб наяўнасці арэнднага жылля.

Інфармацыя размешчана ў Інтэрнэце на афіцыйным сайце Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ва ўкладцы “Насельніцтву” – да ведама ІП і грамадзян – жыллёвыя пытанні – інфармацыя аб наяўнасці незаселенага арэнднага жылля.

Інфармацыйнае паведамленне дазволіць даведацца аб месцы знаходжання жылля і яго характарыстыках (агульнай плошчы, колькасці пакояў і інш.), аб памерах арэнднай платы і тэрмінах звароту па прадастаўленне жылля (не менш за 15 каляндарных дзён).

2. Звярнуцца ў службу “адно акно” райвыканкама ў 15-дзённы тэрмін з дня публікацыі.

Пасля размяшчэння інфармацыі на сайце райвыканкама аб свабодных арэндных кватэрах можна падаць заяву на прадастаўленне канкрэтнага жылога памяшкання ў службу “адно акно”. Служба прымае заявы аб ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры 1.1.18 “Прыняцце рашэння аб прадастаўленні арэнднага жылля”, прадугледжанай падпунктам 1.1.18 пункта 1.1 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200.

Пры сабе неабходна мець пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, узор заявы прадаставяць на месцы.

Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры – адзін месяц з дня падачы заявы, а для арэнднага жылля ў зноў пабудаваных шматкватэрных жылых дамах, фінансаванне будаўніцтва якога ажыццяўлялася за кошт бюджэтных сродкаў, сродкаў, атрыманых ад прадастаўлення арэнднага жылля, – 10 рабочых дзён. Тэрмін дзеяння рашэння – бестэрмінова. Плата за адміністрацыйную працэдуру не спаганяецца.

Да ведама грамадзян! Вядзенне асобнага спісу грамадзян, якія жадаюць атрымаць арэнднае жыллё, не прадугледжана заканадаўствам, таму вы не можаце падаць заяву да моманту размяшчэння інфармацыі аб наяўнасці такога жылля на сайце райвыканкама.

Калі на жылое памяшканне прэтэндуюць некалькі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то яно прадастаўляецца ў парадку чарговасці зыходзячы з даты іх пастаноўкі на чаргу. Калі заяў ад такіх грамадзян няма, то жыллё прадастаўляецца зыходзячы з чарговасці паступлення заяў.

Дагавор найму можа быць заключаны не больш, чым на 5 гадоў. У выпадку атрымання жылля на час працоўных (службовых) адносін дагавор заключаецца на тэрмін такіх адносін. Калі вы рэгулярна ўносіце аплату, не парушаеце правілы карыстання жылым памяшканнем, то маеце права на заключэнне дагавора найму на новы тэрмін. Акрамя платы за карыстанне арэндным жыллём, неабходна таксама аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі.

Майце на ўвазе: арэнднае жыллё вы не зможаце прыватызаваць, прадаць, абмяняць або перадаць па спадчыне.

Для атрымання падрабязнай інфармацыі вы можаце звярнуцца ў службу “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефонах: 6-86-41, 142.

Працуе служба па наступным графіку: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8.00 да 17.00, серада з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед. Субота, нядзеля – выхадныя дні. Размяшчаецца па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21 (уваход з тарца).

Станіслава ГАНЧАР,
кіраўнік службы “адно акно”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации