На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледзелі пытанні выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва” і аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама выканання ўстаноўленых заданняў па зборы (нарыхтоўцы) і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўскага раёна ў 2024 годзе.

Першае пасяджэнне ў новым годзе не выпадкова прысвечана тэме работы са зваротамі грамадзян. У кіраўніка раёна Андрэя Садоўскага прынцыповая пазіцыя:

– Работа з насельніцтвам з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў, крытэрыем ацэнкі дзейнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. На працягу мінулага года рэгулярна праводзіўся аналіз зваротаў, прымаліся практычныя меры па рашэнні сацыяльна значных праблем насельніцтва. Заўважу, што ўсе пытанні грамадзян і юрыдычных асоб адпрацаваны.

Марына Панкевіч, намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама праінфармавала:

– У 2024 годзе ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Дзятлаўскага раёна паступіла 203 звароты, у тым ліку ў райвыканкам – 142. У параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года колькасць зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, зменшылася на 21, у сельвыканкамы – на 9.

На жаль, у насельніцтва захоўваецца тэндэнцыя не звяртацца ў выканаўчыя органы па месцы жыхарства па пытаннях, якія могуць вырашацца на месцах, а адразу ў райвыканкам або іншыя вышэйстаячыя органы, напрыклад, па пытаннях адлову безгаспадарных жывёл, асвятлення сельскіх населеных пунктаў, асабістых падсобных гаспадарак, зямельных спрэчак, абкошвання зямель агульнага карыстання сельскіх населеных пунктаў, выдалення дрэў на месцах пахавання і іншых.

40 % леташніх зваротаў паступілі ў райвыканкам ад жыхароў сельскіх населеных пунктаў. З 15 у 2023 годзе да 23 у 2024-м узрасла колькасць зваротаў ад жыхароў Жукоўшчынскага сельсавета.

Андрэй Уладзіміравіч выслухаў тлумачэнні старшыні Жукоўшчынскага сельвыканкама Івана Свіба і адзначыў, што кіраўнікам сельскіх выканаўчых камітэтаў неабходна больш сустракацца з людзьмі на сваіх тэрытарыяльных участках, праводзіць прыёмы грамадзян, выслухоўваць, што іх непакоіць, якія праблемы яны лічаць першачарговымі або важнымі, хоць і сезоннымі, і тады сумесна з адказнымі службамі знаходзіць рашэнне.

Дарэчы, за 2024 год кіраўніцтвам Дзятлаўскага райвыканкама ў адпаведнасці з зацверджаным графікам праведзены 84 асабістыя прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, на якіх прыняты 48 чалавек. Актыўна праходзяць дыялогавыя пляцоўкі пры ўдзеле кіраўніцтва раёна і грамадскіх аб’яднанняў па актуальных для насельніцтва пытаннях, адзіныя дні інфармавання.

У мэтах павышэння ўзроўню інфармацыйна-растлумачальнай работы з насельніцтвам актуальныя і праблемныя пытанні, якія хвалююць дзятлаўчан, публікуюцца ў раённай газеце “Перамога”, на яе сайце, у сацыяльных сетках, месенджарах. Для аператыўнага інфармавання адпаведных службаў, прыняцця рашэнняў для вырашэння праблемных сітуацый у тэлеграм-канале газеты функцыянуе чат-бот.

У Дзятлаўскім раёне на належным узроўні забяспечана магчымасць зацікаўленым асобам падаваць заявы аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, якія адносяцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, і атрымліваць неабходныя кансультацыі. Супрацоўнікамі службы “адно акно” ў 2024 годзе прынята 2608 заяў.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што на Дзятлаўшчыне ўвогуле работа па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб праводзіцца пастаянна і па выбудаваным алгарытме, таму, нягледзячы на некаторыя недахопы, напрыклад, у сферы жыллёвай гаспадаркі, мае станоўчы вынік, што адзначалася і на пасяджэнні аблвыканкама.

Збор другасных матэрыяльных рэсурсаў і навядзенне парадку

Усяго ў 2024 годзе ў раёне сабрана і здадзена 1250,56 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, перад прадпрыемствамі і арганізацыямі стаялі задачы па выкананні планаў збору наступных відаў ДМР: шкляныя, палімерныя адходы, адходы паперы і кардона, электрычнага і электроннага абсталявання, адпрацаваных маслаў, зношаных шын. З шасці заданняў выкананы чатыры.

Нязначна “падвялі” раён Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, РУП ЖКГ, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Растлумачэнні прычын былі дадзены кіраўнікамі ў час пасяджэння.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ўдакладніў, што неабходна ўлічыць інфармацыю кіраўнікоў дадзеных прадпрыемстваў пры фарміраванні гадавога задання. Калі аб’ектыўна немагчыма выканаць пастаўленыя задачы па зборы адходаў шкла, трэба пераразмеркаваць аб’ёмы рэсурсаў на другія віды, дзе ёсць рэзерв – напрыклад, электрычнага і электроннага абсталявання. Дарэчы, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства набыў дадатковыя аўтамабілі і ў бягучым годзе пачне збор гэтага віду ДМР у насельніцтва па месцы жыхарства ў зручны для людзей час, чым плануе нарасціць неабходны аб’ём збору.

Лідарамі па зборы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія перавыканалі планы, былі адзначаны: філіял ААТ “Молочный Мир”, аддзел адукацыі райвыканкама – адходы паперы і кардона; СГФ “АграМілк”, ААТ “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”, КСУПы “Войневічы”, “Хвінявічы”, “Жукоўшчына” – палімерныя адходы.

Дзятлаўскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі ў 2024 годзе ажыццяўляўся нагляд за выкананнем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў пры арганізацыі збору цвёрдых камунальных адходаў і ўтрыманнем кантэйнерных пляцовак тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў, арганізацый і прадпрыемстваў. Абследавана 1794 тэрыторыі (аб’екты).

Дзятлаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праведзена 12 абследаванняў палігона цвёрдых камунальных адходаў, 10 абследаванняў тэрыторый рэкультываваных міні-палігонаў, 22 кантрольныя мерапрыемствы, з іх 17 маніторынгаў у дачыненні да 32 юрыдычных асоб, выдадзена 136 пунктаў рэкамендацый, 76 пунктаў прадпісанняў. Да адказнасці прыцягнуты 19 юрыдычных і фізічных асоб.

Дарэчы, на Дзятлаўшчыне дзейнічаюць 9 прыёмных пунктаў другаснай сыравіны. У месцах агульнага карыстання раёна ўстаноўлены 271 кантэйнер, з іх 219 для збору ДМР. У жыхароў індывідуальных дамоў у горадзе Дзятлаве, часткова ў гарапасёлку Наваельня на адказным захоўванні знаходзяцца і выкарыстоўваюцца 1935 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і столькі ж для збору цвёрдых камунальных адходаў. Ёсць месца для дасарціроўкі камунальных адходаў. У мінулым годзе набыты 35 новых кантэйнераў для месцаў агульнага карыстання, у 2025-м плануецца набыць яшчэ 41.

Ірына КАМАРОВА

Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#исполком, #власть, #ВМР

Похожие публикации