Гарадскі і вясковы краявіды ў Вялікую суботу напаўняюцца вернікамі, якія спяшаюцца ў святыні з прыгожа аздобленымі кошычкамі. У іх знаходзіцца ўсё тое, што ў наступны дзень зойме сваё пачэснае месца на святочным стале. Асвячаць ежу на Вялікдзень – распаўсюджаны звычай, вытокі якога паходзяць з канца VII – пачатку VIII стагоддзяў.

Практыка шчырага посту. Няма нічога дзіўнага, што вернікі з радасцю чакалі Вялікадня, з якім заканчваўся перыяд доўгага посту і ўстрымання, таму што са святам Змёртвыхпаўстання зноў на стале былі мяса і малочныя стравы. Верны люд не ўжываў іх да той пары, пакуль дзякуючы асвячэнню яны не вызваляліся ад злых сілаў, якія маглі б нашкодзіць целу і душы.

Велікоднае ягнё. Гісторыя ведае каля пяцідзесяці розных малітоўных формулаў, якія служаць для асвячэння ежы на велікодны стол. На першым месцы выступала благаславенне ягняці. Гэтае Ягнё Новага Запавету – Хрыстос, поўны пакоры і лагоднасці, – стаў сімвалам велікоднага свята. Раней для велікоднага стала ягнё выраблялі з масла або пяклі з цеста. У наш час – гэта звычайна купленая керамічная ці шкляная фігурка ягняці, што стаіць ці радзей ляжыць з чырвонай харугвай з залатым крыжам – цяпер толькі элемент дэкарацыі святочнага стала.

Велікоднае яйка. Сярод асвячонай ежы на другім месцы пасля ягняці знаходзіцца яйка, якое спажываюць у Велікодны Ранак. Яно сімвалізуе сусвет, сонца, зямлю, жыццёвую сілу, плоднасць, адраджэнне, асаблівую моц супрацьдзеяння злым духам.

Сама традыцыя асвячэння яек паходзіць з сярэднявечча з кляшторнага асяроддзя. У хрысціянскай сімволіцы з самага пачатку яйка было звязана з Вялікаднем, з фактам Змёртвыхпаўстання. Як з-пад шкарлупіння яйка выклёўваецца новае птушаня, так Хрыстос выходзіць праз тры дні з магілы.

Фарбаванне велікодных яек. Ёсць шмат старых паданняў і легендаў (як і евангелічных), што датычаць вытокаў фарбавання яек. Напрыклад, прыгожа аздобленыя яйкі павінна была падарыць Пілату Божая Маці, просячы яго выратаваць свайго сына ад пакутніцкай смерці. Іншая легенда гаворыць, што яйкі самі пакрыліся ўзорам пасля таго, як убогі, што нёс іх на продаж, сустрэў Хрыста, які нёс крыж, і паспяшаўся яму дапамагчы. Чарговая гісторыя расказвае, што кроплі крыві Езуса, замучанага на Галгофе, замяніліся ў фарбаваныя яйкі, а са слёзаў Марыі, якая цярпела пад крыжам, паўсталі пісанкі. Вядома легенда пра Марыю Магдалену, якая спяшалася да магілы Езуса, дзе ёй паказаўся анёл, які расказаў аб Змёртвыхпаўстанні Пана. Калі жанчына вярнулася дамоў, то заўважыла, што схаваныя ёю яйкі – чырвоныя. Яна іх раздала апосталам, абвяшчаючы ім вестку аб Уваскрэсенні, а яйкі замяніліся ў птушак і паляцелі ў неба.

Назвы фарбаваных велікодных яек паходзяць ад спосабу іх аздаблення: пафарбаваныя адным колерам – носяць назвы фарбаваных яек. Калі на аднастайным фоне будзе нанесены ўзор, тады яйка называецца маляванкай. Калі яго ўпрыгожвае рознакаляровы арнамент (кветкі, лісточкі) – гэта пісанка.

Запечанае мяса. Як на стале, так і ў кошычку з асвячонай ежай, апрача яек, ёсць і іншыя прадукты. Заўжды памяталі пра кілбасы, сярод якіх перш за ўсё павінна быць не вэнджаная, а звараная ці спечаная; пра вяндліны, шынкі, запечанае мяса.

Велікодны хлеб. Хлеб благаславілі ў касцёле вельмі рана, ідучы за прыкладам Хрыста, аб якім Евангелле гаворыць, што Ён благаславіў і раздаваў хлеб. Хлеб для хрысціян – гэта сімвал Эўхарыстыі. Калі выпякалі некалькі відаў хлеба, то ў кошычак клалі па вялікім акрайцы кожнага з іх. Абавязкова асвячалі пасху – спецыяльна спечаны велікодны хлеб.

Соль. Гэта мінерал, які раней па ўпэўненасці людзей меў моц адпуджваць усякае зло. Без солі няма жыцця. Гэта таксама ачышчэнне, самая сутнасць існавання і праўды. Адсюль паходзіць сцвярджэнне пра “соль зямлі”, як пра гэта ў казанні на гары заўважыў Хрыстос пра сваіх вучняў.

Хрэн. Часта ў кошычку для асвячонага знаходзіўся таксама хрэн. Яго насілі асвячаць у памяць аб тым, што Хрыста паілі воцатам. Гэта складала горкае дапаўненне да радаснага характару святаў.

Трэба заўважыць, што аздабленне кошычка для асвячонага таксама было адказнай справай. Ён павінен быў быць сплецены з вербалозу, саломы ці сасновага лубу, высланы сурвэткай, упрыгожанай белым карункам, зелянінай, і быў адлюстраваннем вялікай радасці.

Ксёндз Андрэй ПЫШЫНСКІ,
віцэ-дэкан Дзятлаўскага і Навагрудскага дэканатаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации