Арганізатарамі сеткавага праекта “Крыніцы народнай творчасці”, прымеркаванага да Года гістарычнай памяці, стала творчая група з навучэнцаў і педагогаў Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы і Дварэцкай сярэдняй школы.
На працягу паўтара месяца падчас правядзення пошукава-даследчай і творчай дзейнасці навучэнцы знаёміліся з культурна-гістарычнай спадчынай беларускага народа, з разнастайнасцю народных рамёстваў і промыслаў на тэрыторыі нашай краіны. Каманды з 10 установаў адукацыі раёна актыўна ўключыліся ў творчую дзейнасць па выкананні заданняў на 4 этапах.
Адметнасцю дадзенага праекта стала тое, што дзяцей чакалі не толькі інтэрактыўныя заданні, пазнаваўчыя віктарыны, стварэнне мультымедыйных прэзентацый і віртуальных экскурсій, але і магчымасць прадэманстраваць свае таленты і здольнасці ў розных кірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці: выцінанцы, вышыўцы, ганчарнай справе. Педагогамі Дварэцкай сярэдняй школы былі створаны відэаўрокі з майстар-класамі па стварэнні вырабаў з гліны (пластыліну), паперы, нітак. Праведзеная пошукава-даследчая дзейнасць у ходзе праекта дазволіла папоўніць краязнаўчыя альбомы ў школьных музеях звесткамі аб народных умельцах, якія пражываюць у зоне школьнага мікрараёна. Вынікі сваёй дзейнасці ўдзельнікі каманд размяшчалі на старонках блога “Крыніцы народнай творчасці” (https://rodniki2022.blogspot.com/p/blog-page_30.html).
У выніку, дыпломам I ступені ўзнагароджана каманда “Нашчадкі” Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, дыпломам II ступені – каманда “Краязнаўцы” Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, дыпломам III ступені адзначаны каманды “Нашчадкі” Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і “Гаспадары” Казлоўшчынскай сярэдняй школы.
Наталля СОКАЛ,
настаўніца Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga