Categories: Падзеі

Родны дом там, дзе жыве матуля

Ёсць такія людзі, сустрэчы з якімі ўзбагачаюць жыццё і вымушаюць задумацца, а часам і зусім перагледзець уласныя стэрэатыпы. Сёння многія з нас у маладым узросце ўжо згінаюцца пад цяжарам паўсядзённых праблем і клопатаў, заўчасна становяцца “бабулямі” і “дзядулямі”, якія толькі і робяць, што скардзяцца на жыццё і выбіваюць лепшае месца пад сонцам. А бабуля Алена нават на сто першым годзе жыцця застаецца маладой душой, гаваркой і дапытлівай, не губляе аптымізму.

ЮНАЯ КАМСАМОЛКА

Алена Піліпаўна Аблажэй хоць і жыве цяпер у дачкі ў Гродне (адной быць здароўе не дазваляе), кожнае лета яны прыязджаюць у пасёлак Наваельня і жывуць тут па некалькі месяцаў. Дзеці зрабілі ладны рамонт у пасялковым доме, каб іх матуля адчувала сябе ўтульна. Сюды і завіталі мы разам з кіраўніком музея “Дзеці ліхалецця” Тамарай Крывеня, якая часта наведваецца ў госці да бабулі – па аповедах Алены Піліпаўны яна аднаўляе прабелы ў гісторыі гарпасёлка.

— Захаваць духоўнасць і веру ў людзей – гэта, па-мойму, самае важнае ў пажылыя гады, – кажа пра жанчыну Тамара Уладзіміраўна.

— Я проста не разгубіла тое, што мела, – усміхаецца на гэта бабуля.

Алена Піліпаўна нарадзілася ў Першую сусветную вайну, у 1915 годзе. Была самай малодшай, адзінаццатай у беднай сялянскай сям’і, мела двух братоў, астатнія — сёстры. Жылі яны ў вёсцы Таўкуны, з якой уласна і пачалася некалі Наваельня. Усе дзеці працавалі ў больш заможных гаспадароў па навакольных вёсках – жалі, касілі, упраўляліся па гаспадарцы. Сям’я іх жыла бедна. Сёстры па чарзе ішлі замуж за такіх самых незаможных хлопцаў: багатыя не бралі, бо пасагу не было.

— Тое, што цяпер адбываецца, раней здавалася казкай. Помню, казалі ў вёсцы, што некалі людзі будуць лётаць па небе, як птушкі, а цяпер гэта ўсё стала рэальнасцю, – згадвае жанчына.

Але не так проста ўсё было ў звычайнай на першы погляд сялянскай сям’і. У часы, калі Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы, швагры і сёстры Алены Піліпаўны былі ў антыпольскім падполлі, а бацькоўскі дом стаў «канспіратыўнай кватэрай».

— Я яшчэ маленькая была: прыйдуць да нас на сход людзі, а мяне пад веснікі выпраўляюць, маўляў, сачы, каб ніхто чужы не ішоў, – згадвае Алена Аблажэй.

У пятнаццацігадовым узросце Алена Піліпаўна сама ўступіла ў камсамол, стварыла і ўзначаліла ў Наваельні сваю камсамольскую ячэйку, у якой, акрамя дзяўчыны,  было шэсць маладых людзей. Быў сувязным і даваў заданні юным камсамольцам тагачасны дырэктар навагрудскага музея імя Адама Міцкевіча Васіль Каляда.

Алена Аблажэй і яе паплечнікі, колішнія камсамольцы

Адданасць партыі і вернасць яе ідэалам Алена Аблажэй не губляла ніколі, пранесла праз усё сваё жыццё. За падпольную дзейнасць па наводцы здрадніка дзяўчына патрапіла ў навагрудскую турму. Ёй і паплечнікам прысудзілі па тэрмінах зняволення, і ўсё адно яны не збочылі са свайго шляху. Алена Піліпаўна і сёння помніць, як у вераснёўскую нядзелю 1939 года віталі яны ўз’яднанне Беларусі як найвялікшае свята.

ТРЫМАЮЧЫ ЛЁС У РУКАХ

Жаночае шчасце знайшло Алену Піліпаўну Аблажэй не за трыдзевяць земляў, а на яе радзіме. Будучы муж, а тады яшчэ юны Браніслаў, прыехаў сюды з Макееўкі, куды яны эвакуяваліся з сям’ёй у вайну, дзе загінуў яго бацька і два браты. Маці Браніслава сабрала трох сыноў, прадала ўсё, што там мела, і паехала на радзіму. Па дарозе дахаты на мінскім вакзале яе падманулі махляры, і давялося вяртацца ў Таўкуны з пустымі кішэнямі.

— Сям’я Броніка жыла ў бядноце, маці аддала трох сыноў у пастухі, бо работнікам выдзялялі хлеб, можна было не памерці галоднай смерцю.

Алена і Бронік разам пасвілі кароваў у полі, сябравалі. Ёй было 22 гады, яму – 27, калі малады людзі вырашылі ажаніцца.

— Хрышчаная я ў царкве, муж — католік, а вянчаліся мы з ім у касцёле, – кажа Алена Піліпаўна і згадвае яшчэ адну цікавую гісторыю свайго жыцця.

Будучыя маладажоны былі абодва небагатыя, а пабрацца шлюбам у 1937 годзе каштавала 50 злотых (гэта тагачасны кошт каровы, якую маладой даваў у пасаг бацька). Жанчына прасіла мясцовага бацюшку, каб той хоць крыху знізіў кошт вянчання, але дарэмна.  Тады маладыя людзі паехалі ў Дварэц да ксяндза. Як згадвае Алена Піліпаўна Аблажэй, ксёндз ужо ведаў ад людзей, што да яго прыедуць прасіць шлюбу камсамолка і католік. Яны расказалі святару сваю гісторыю і папрасілі аб шлюбе, на што той адказаў:

— А што, калі не пагаджуся вас звянчаць?

— Ну, што ж рабіць, давядзецца тады без вянца жыць сям’ёй, – рашуча выдала Алена Піліпаўна.

Вясельнае фота Алены і Браніслава Аблажэяў
Архіўнае фота сям’і Аблажэяў

Алену і Браніслава Аблажэяў ксёндз пагадзіўся вянчаць бясплатна, з той толькі ўмовай, што яны будуць месяц наведваць нядзельныя службы ў касцёле. Іх пара стала першай, якая брала вянец у новым касцёле ў Наваельні, куды дзеля іх прыехаў ксёндз з Дварца.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны муж Алены Піліпаўны пайшоў працаваць у майстэрню, што працавала ад чыгуначнай станцыі. На той час мужчын масава забіралі ў савецкую або саюзніцкую польскую армію, аднак работнікі чыгункі не мабілізаваліся. Тады яе муж стараўся ўзяць многіх з пасялкоўцаў на працу ў майстэрню, каб уратаваць ад прызыву на вайну. А калі пра гэта даведаліся нядобразычліўцы, ратаваць мужа давялося самой Алене Піліпаўне.

Калі Браніслава разам з усімі работнікамі майстэрні пасадзілі на поезд, каб везці на фронт, Алена Піліпаўна не стала плакаць разам з іншымі жанчынамі, якія таксама страцілі сваіх кармільцаў. Яна сабралася і прыехала да начальства чыгуначнай станцыі ў Баранавічы са словамі:

— У мяне сям’я — шэсць чалавек, нашых мужыкоў адправілі на вайну, а мы ўсе тут паўміраем з голаду.

Як аказалася, начальства не ведала пра тое, што робіцца ў Наваельні. Адзін з саставаў спынілі на паўдарозе, і трое наваельнянцаў разам з мужам жанчыны вярнуўся дадому.
Многія гады шчасця пражыла разам сямейная пара. Як кажа пра сябе Алена Піліпаўна, ніколі яна не была прыгажуняй, але заўжды заставалася вельмі актыўнай і рашучай, была свайму мужу падтрымкай і дарадцай.

Аблажэі браліся шлюбам у цяжкія часы, калі не было ні сродкаў, ні магчымасці справіць сапраўднае вяселле. Затое праз 50 гадоў, калі сталі залатымі маладажонамі, разам з вялікай сям’ёй справілі сапраўднае пышнае свята.

— Цяпер захавалася традыцыя ўскладаць кветкі да помнікаў салдатам-вызваліцелям, – кажа жанчына. — Калі мы святкавалі залатое вяселле, загрузілі цэлую машыну кветак, паехалі на брацкія могілкі, каб ушанаваць бацькоў, родных, усіх маіх таварышаў-аднапартыйцаў.

У 1951 годзе, калі яшчэ адгукаліся пасляваенныя часы жорсткай харчовай нястачы, а сельпо яшчэ не было арганізавана, баранавіцкія чыгуначнікі мелі сваю пякарню, рабілі рэгулярныя пастаўкі прадуктаў харчавання ў Наваельню. Іх прадавец павінна была выдаваць найперш работнікам чыгункі, а ўжо потым – астатнім мясцовым жыхарам. Сем’і чыгуначнікаў былі вялікія, не толькі ў пасёлку, але і ў навакольных вёсках. Прадукты з магазіна вазілі па вузкакалейцы з Наваельні аж у Любчу. Пазней – выдавалі прадукты па талонах.

Алена Піліпаўна на працоўным месцы

Просты прадавец Алена Піліпаўна Аблажэй сваёй спагадай выратавала ад галоднай смерці не аднаго чалавека. Старалася хоць крыху выкраіць, сэканоміць, каб даць мясцовым дзецям.

— Хацелася ж і людзям, якія галадалі, нешта даць, – кажа жанчына. – Сусед мой, Воўка Акімаў, часта згадвае: “Цёця Лена, ты мяне хлебам выратавала”.

Работа прадаўца і цяпер нялёгкая, а тады яшчэ цяжэйшай была. Акрамя вытрымкі, работнікам гандлю патрэбна была яшчэ і кемлівасць, вынаходлівасць. Алена Піліпаўна Аблажэй працавала ў тыя часы, калі цэлафанавых пакетаў далёка не было. Па пакупкі прыходзілі са сваёй тарай, калі такая была. Каб узважыць многія тавары, прадавец набывала газету і ў яе лістах узважвала пакупнікам цукар, муку або нават кільку, па якую, кажа, трэба было часам ледзь не ныраць у бочку.

 

ЛЮБІМАЯ БАБУЛЯ АЛЕНА

Усялякага хапала ў працы і ў жыцці жанчыны, але яна заўжды старалася заставацца чалавечнай і спагадлівай да землякоў, за што бабулю Алену любяць і паважаюць пасялкоўцы, а кожны яе прыезд на радзіму суправаджаецца цэлымі паломніцтвамі да яе дома.

З-за пералому, атрыманага ў пажылым узросце, Алена Піліпаўна ўжо дзесяць гадоў перамяшчаецца ў інвалідным крэсле. Але аптымізму не траціць, піша вершы пра сябе і пра гісторыю, кожны дзень свайго жыцця цікавіцца навакольнымі падзеямі і людзьмі, шчыра здзіўляецца і радуецца таму, як змяняецца жыццё.

— Ведаеце, так, як цяпер людзі жывуць, так раней, мабыць, нават паны не маглі жыць, – разважае Алена Піліпаўна Аблажэй. — Мне нават дзеці казалі, што цяпер у адной краме можна набыць усё, што пажадаеш, і што разлічваецца ўсё на касе аўтаматычна. Шкада, я сама не магу гэта пабачыць.

Бабуля Алена – цэнтр сусвету для вялікай сям’і Аблажэяў. Яна мае сына і трох дачок, у кожнага з якіх свае ўжо вялікія сем’і. Усе значныя гадавыя святы родныя Алены Піліпаўны святкуюць разам са сваёй бабулечкай.

— Наш родны дом там, дзе жыве матуля,  – кажуць яе дзеці, якія кожнае летаабавязкова наведваюць бацькоўскі дом у Наваельні.

Н. АВЯРЧУК

Фота аўтара, з архіва А. П. Аблажэй.

administrator

Share
Published by
administrator

Recent Posts

Як дружна пырснулі сады…

Як дружна пырснулі сады,Закалыхаліся пад ветрам.Ляціць над светам пах такі,Што аж звініць вакол паветра.І з…

2 часа ago

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Дарагія ветэраны вайны і працы! (далее…)

4 часа ago

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

18 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

18 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

18 часов ago

Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

19 часов ago