26 чэрвеня ў райвыканкаме прайшла чарговая сесія Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

Спачатку прынялі рашэнні па актуальных у Год добраўпарадкавання пытаннях. Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік расказаў аб выкананні ў першым квартале 2025 года рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады ў Дзятлаўскім раёне. Зазначыў, што паводле яе рашэннем Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 26 сакавіка 2021 года № 160 былі ўстаноўлены значэнні мэтавых паказчыкаў і аб’ёмаў работ, нарыхтоўкі асноўных відаў другасных рэсурсаў, мерапрыемствы па рэалізацыі, адказныя выканаўцы. Ён патлумачыў, што зроблена ў разрэзе падпраграм. Так, згодна з падпраграмай “Даступнасць паслуг” распрацаваны план мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі: у І квартале яны зменшыліся на 104,53 тысячы рублёў, пры даведзеным заданні – 65,95 тысячы. Зводны мэтавы паказчык выкананы. Мэта падпраграмы 2 “Добраўпарадкаванне” – гэта падтрыманне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавых тэрыторый шматкватэрнай забудовы, а таксама ўтрыманне і рамонт вулічна-дарожнай сеткі. У 2025 годзе мяркуецца рамонт трох прыдамавых тэрыторый і бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі на плошчы 24 220 метраў квадратных. Паводле падпраграмы 3 “Эфектыўнасць цеплазабеспячэння” будуць праведзены работы па праекце “Рэканструкцыя кацельні па вуліцы Навагрудскай”. Па падпраграме 4 “Рамонт жылля” плануецца асвоіць 27 595 000 рублёў, у тым ліку 2 297 400 выдзеленых з бюджэту, 462 100 – з адлічэнняў грамадзян. Згодна падпраграмы 5 “Чыстая вада“ і інвестпраграмы Гродзенскай вобласці на 2025 год, на будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў вёсцы Нянадавічы былі выдзелены і асвоены 30 тысяч рублёў, станцыя ўведзена ў эксплуатацыю. Плануецца таксама замяніць 0,46 кіламетра сетак водазабеспячэння і 0,27 – водаадвядзення. Па падпраграме 6 “Мэта 99” на аб’екце захавання цвёрдых камунальных адходаў Нарбутавічы наводзіцца парадак, забяспечваецца яго належнае ўтрыманне і эксплуатацыя. За І квартал 2025 года нарыхтавана 302,4 тоны ўсіх відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, што складае 17,3 % ад агульнага плана.

Аб сумеснай рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання па добраўпарадкаванні населеных пунктаў на прыкладзе Казлоўшчынскага і Новаяльнянскага сельскіх Саветаў дэпутатаў расказалі іх старшыні Ала Гародка і Людміла Радзевіч. Як адзначылі, тэрыторыі агульнага карыстання сельсаветаў для навядзення парадку замацаваны за іншымі арганізацыямі або абслугоўваюцца жыллёва-рамонтна-эксплуатацыйным участкам. У летні перыяд вялікая ўвага надаецца іх абкошванню, на кантролі таксама спраўнасць вулічнага асвятлення, выдаленне аварыйных дрэў, вываз бытавога смецця, навядзенне парадку на воінскіх пахаваннях. Разам з тым важна, каб і людзі сталі актыўнымі рэалізатарамі ідэй па добраўпарадкаванні. Так, актыўныя грамадзяне гарпасёлка Наваельня распрацавалі праект па ўладкаванні на мясцовым возеры турыстычнай стаянкі “Ціхая прыстань”, які ўдзельнічаў у абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, але не стаў пераможцам. З падтрымкай мясцовых жыхароў цяпер стаянка ўладкоўваецца. Вядзецца ў Наваельні будаўніцтва бальніцы, капітальны рамонт шматкватэрнага жылога дома, рэканструкцыя інтэрната пад арэнднае жыллё, будаўніцтва стаянкі каля царквы, добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі. У Казлоўшчынскім сельсавеце рабочымі будаўнічай брыгады ТАА “РоданАгра” праведзены работы па аднаўленні воінскіх пахаванняў у Дубароўшчыне і Лявонавічах, заліта пешаходная дарожка ля помніка землякам у Малдавічах. ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” правёў бягучы рамонт помніка ў пасёлку. Старастам вёскі Гарадкі Аляксеем Лагуцікам была арганізавана работа па замене агароджы на мясцовых могілках, а на абеліску спаленым мірным жыхарам усталявана плітка з прозвішчамі васямнаццаці загінулых, вызначанымі пры зверцы персанальных даных. Прадоўжана работа з нежылымі дамамі: сёлета адзін знесены, яшчэ па адным заключаецца дагавор на знос, пададзена адна заява ў суд.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова спыніліся на грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі ў Дзятлаўскім раёне. Як адзначылі, фарміраванню асобы адказнага грамадзяніна, сапраўднага беларуса і хрысціяніна дапамагаюць розныя метады і формы работы, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інтэрнэт-прасторы, а таксама праз цеснае супрацоўніцтва з раённымі арганізацыямі ГА “БРСМ” і “БРПА”, работу моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў і пяці ваенна-патрыятычных клубаў. У арсенале педагогаў і лідараў грамадскіх аб’яднанняў – творчыя і спартыўныя конкурсы, адкрытыя дыялогі, акцыі, музейная і пошукавая дзейнасць, экскурсіі, удзел у праектах рознага ўзроўню. Так, па выніках рэалізацыі праекта-ініцыятывы маладых парламентарыяў атрыманы грант, сродкі якога былі накіраваны на стварэнне раённага музея “Дадатковая адукацыя, дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў датах, падзеях, асобах”, яшчэ Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі заваяваны грант за праект-ініцыятыву па стварэнні раённага медыяцэнтра (аўтар Таццяна Ваніслаўчык), які пачне працаваць з новага навучальнага года. Сумесна з пракуратурай Дзятлаўскага раёна дадзены старт праекту сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча “Без тэрміну даўнасці” аб генацыдзе мірнага насельніцтва ў час вайны, які адзначаны грантам РГА “Белая Русь”.

У раёне на сістэмнай аснове з ахопам значнай колькасці насельніцтва праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзяржаўных, рэлігійных святаў, абрадавыя, прысвечаныя самабытным традыцыям нашага краю. Работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана. 

Сесіяй былі прыняты рашэнні і па некаторых іншых пытаннях.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации