Музычныя віншаванні, шчырыя пажаданні здароўя і дабрабыту прымала нядаўна яшчэ адна 80-гадовая юбілярка – наша зямлячка Раіса Радзівон. У рамках акцыі “Равеснікі Вялікай Перамогі” яе наведаў творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Раіса Радзівон нарадзілася ў вёсцы Пруд у шматдзетнай сям’і, у якой выхоўваліся пяцёра дзяцей. Яе маці Лідзія Фёдараўна была вельмі працавітай, добрай, набожнай жанчынай. Гэтыя рысы перадаліся і дачцэ. Бацька Аляксей Піліпавіч ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, прымаў удзел у легендарным фарсіраванні ракі Одэр у Германіі ў лютым 1945 года.

У школу Раіса хадзіла ў вёску Малыя Шастакі. У 1958 годзе, скончыўшы 7 класаў, дзяўчына з сяброўкамі паехала ва Украіну на заробкі. Якое ж шчасце было ў членаў сям’і, калі яна прывезла дадому дзесяць мяшкоў пшаніцы, тры мяшкі цукру, цэлы мяшок семак сланечніка.

Сядзець дома яна не стала, пайшла працаваць у калгас паляводам. Больш за 40 гадоў склаў працоўны стаж жанчыны. Неаднаразова ўзнагароджвалася падзякамі, граматамі. У 1980 годзе атрымала медаль “Пераможца сацспаборніцтва”, а ў 1983 годзе яе імя занесена на Дошку гонару.

Вечарамі дзяўчына з сёстрамі пераймала майстэрства вязання і ткацтва ў маці. Дарэчы, да гэтага часу яна з задавальненнем вяжа і адорвае родных і блізкіх вязанымі рэчамі. Як правіла, суботнімі вечарамі для моладзі ладзіліся танцы. Раіса з сяброўкамі часта наведвала такія мерапрыемствы. Аднойчы на вечарыну прыйшоў прыгожы вясёлы хлопец у ваеннай форме – гэта быў Леанід, які нядаўна вярнуўся з арміі. Маладыя людзі адразу спадабаліся адзін аднаму, пасля і пажаніліся.

Леанід Канстанцінавіч уладкаваўся ў калгас і працаваў зваршчыкам, вадзіцелем. Маладыя пабудавалі дом, у сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей. Але жыццё не заўсёды бывае спакойным і шчаслівым. Такі лёс напаткаў і Раісу Аляксееўну: з чацвярых дзяцей памерла двое, не стала і мужа, жанчына ўжо 23 гады ўдава. Але яна не адзінокая. Часта тэлефануюць і прыязджаюць сын Барыс і дачка Ларыса з сем’ямі. Радуюць жанчыну дзве ўнучкі, праўнучка і тры праўнукі.

Сваю любімую і верную сяброўку Раісу Аляксееўну прыйшла павіншаваць з юбілеем суседка Рэгіна Адамаўна:

– Сябруем мы з 1964 года. Мы з ёй суседзі і кумы. Гэта шчырай душы чалавек. Заўсёды падтрымае, дапаможа пры неабходнасці, дасць патрэбную параду. Дай Бог ёй моцнага здароўя, жыць доўга, радавацца поспехам дзяцей, унукаў і праўнукаў.

– Усяго ў жыцці было. Хочацца, каб чым даўжэй мае дзеці, унукі і праўнукі бачылі святло ў маім акне. А ўсім людзям жадаю толькі дабра і міру, – сказала на развітанне Раіса Аляксееўна.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Лета-2025. З пытаннямі – да журналіста
Візіт дабрыні

Візіт дабрыні

17 июня, 2025
ГрадусПлюс. Дзе зарадзіць электрамабіль?

Похожие публикации